Папараць-шкатулка

Стала вядома, якімі сувенірамі будуць здзіўляць на купальскім свяце “Александрыя збірае сяброў”

Стала вядома, якімі сувенірамі будуць здзіўляць на купальскім свяце “Александрыя збірае сяброў”

Учора падвялі вынікі конкурсу на лепшы сувенір-сімвал свята Купалля (на фота), якое ўжо па добрай традыцыі сёлета пройдзе ў Александрыі Шклоўскага раёна 6—7 ліпеня. На мэце конкурсу, які праводзіла Беларуская гандёва-прамысловая палата, было паспрыяць развіццю нацыянальнай сувенірнай галіны і вызначыць работы, якія змогуць набыць ці атрымаць у падарунак госці свята, што набыло статус міжнароднага, а значыць, і прадстаўляць яго трэба варта.

На суд журы было прадстаўлена 136 работ ад устаноў адукацыі і культуры, адкрытых акцыянерных таварыстваў, індывідуальных прадпрымальнікаў з усіх рэгіёнаў краіны.

— У конкурсе прынялі ўдзел майстры ва ўзросце ад 10 да 73 гадоў. Прадставілі свае работы як творчыя саюзы, так і ўстановы культуры, аддзелы адукацыі, арганізацыі, — распавёў намеснік міністра культуры Беларусі, старшыня камісіі Уладзімір Карачэўскі. — Гэта не ўсё, што можна было прадставіць. Патэнцыял нашых майстроў яшчэ большы. Аднак годныя работы знайшліся.

Якія асацыяцыі выклікае ў большасці з нас свята Купалле? Вада, вяночкі, папараць-кветка... Удзельнікі конкурсу на лепшы сувенір-сімвал свята Купалля аказаліся нашмат больш арыгінальнымі. Сярод прадстаўленых работ былі і пантофлі з беларускім арнаментам, і драўляны падсвечнік, і скураная вокладка, і нават лялька на ровары.

Няпроста было вызначыць журы лепшых з лепшых.

— Купалле набыло статус нацыянальнага свята і, у пэўнай ступені, брэнда такога маштабу, як Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” ці Рэспубліканскі фестываль-кірмаш “Дажынкі”. Мы прааналізавалі, як святкуецца Купалле ў нашых суседзяў, — у Расіі, Украіне. Сёння толькі ў Беларусі свята мае падобны маштаб, што з’яўляецца вельмі вялікай каштоўнасцю, — сказаў намеснік старшыні Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Уладзімір Улаховіч.

Таму і сувенір трэба было выбраць не проста яркі і заўважны, але такі, які, з аднаго боку, змог бы ў поўнай меры адлюстраваць багацце беларускай культуры і нацыянальных традыцый, а з другога — спрацаваў бы на фарміраванне іміджу краіны. У ліку асноўных патрабаванняў да работ былі выкарыстанне купальскай сімволікі або эмблемы свята, арыгінальнасць, якасць, кошт, тэхніка выканання, мастацка-стылявыя вартасці, магчымасць масавага вырабу.

Пераможцаў вызначылі ў некалькіх намінацыях у залежнасці ад выкарыстанага майстрам матэрыялу. Сярод лідараў аказаліся саламяныя вянкі, выцінанка “Купальская кветка”, глінянае зубраня з птушкай на спіне, сумачка з нацыянальным арнаментам для мабільнага тэлефона, керамічнае пано “Купалле”. Гран-пры конкурсу ўзяла “Папараць-кветка” Іны Саўчук з Магілёўскай вобласці.

— Нам спадабалася ідэя майстра, — падзяліўся Уладзімір Карачэўскі. — Сувенір лёгка запусціць у масавую вытворчасць. Яго можна вырабляць не толькі з саломкі, але і іншых матэрыялаў, выкарыстоўваць у якасці шкатулкі, проста для ўпрыгожвання інтэр’еру, перарабіць у магніт або брошку. Да таго ж гэта досыць бюджэтны сувенір. Па ацэнцы аўтара, саламяная “Папараць-кветка” абыдзецца госцю свята ў сто тысяч беларускіх рублёў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter