Папараць-кветка цвіце падчас вучобы

«Народная газета» і Беларускі дзяржаўны універсітэт аб’яўляюць віктарыну для абітурыентаў, студэнтаў і ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй сваёй краіны і беларускім нацыянальным характарамАўтар пытанняў гэтага конкурсу -- дацэнт кафедры беларускай літаратуры і культуры філфака БДУ Уладзімір Навумовіч -- чытае студэнтам адмысловы курс “Універсітэтазнаўства”. Бо з універсітэтаў у свой час усё і пачыналася: раслі гарады, шырылася навучанне, развівалася прамысловасць, новымі станавіліся стасункі людзей. Адраджэнне і ўзлёт нацый звязаны найперш з духоўным прагрэсам, развіццём і станам навукі, культуры, асветы.

-- “Гарады ў гарадах”, “рэспублікі вучонасці”, як называлі універсітэты ў даўніну, гэтыя “studia generalia» моцна ўплывалі на экалогію духу, станаўленне індывідума як сацыяльнай адзінкі, -- расказвае Уладзімір Навумовіч. -- Калі універсітэт “пакідаў” горад (а было і такое!), тыя гарады чахлі і прыходзілі ў заняпад. І, наадварот, населеныя пункты, дзе ў Сярэднявеччы ствараліся універсітэты, інтэнсіўна развіваліся, хутка ўздымаліся на ногі і станавіліся магутнымі прыцягальнымі асяродкамі не толькі для моладзі, але і для вучоных мужоў сталага веку, людзей дапытлівых, таленавітых.
З універсітэтамі звязаны і рост культуры. Бо гэта былі не толькі адукацыйныя цэнтры, навукова-даследчыя ўстановы, але і цэлыя навукова-культурныя пасяленні. Мне давялося яшчэ на пачатку 90-х гадоў ХХ стагоддзя пабываць у Кембрыджы. Здаецца, што там няма сталага, а тым больш пажылога насельніцтва, бадай што апроч шаноўнай прафесуры ў чорных ці сініх аксамітавых мантыях, якая шпацыруе пад мураванымі з бутавага каменю паўарачнымі скляпеннямі, дзе цэнтральны неф завяршаецца чатырох’яруснай вежай з шатровым дахам. Кембрыдж -- горад студэнтаў. Адны студэнты, нікога, апроч студэнтаў: на вуліцах, у аўдыторыях, калідорах, уздоўж высокай абетаванай балюстрады на берагах Тэмзы. “Кембрыдж” у перакладзе азначае... Зрэшты, гэта мы вынесем у тэсты, якія зададзім для ўсіх жадаючых патрэніраваць свае мазгі.
Па ініцыятыве рэктара БДУ прафесара Васіля Стражава ў БДУ ўведзены новы вучэбны курс "Універсітэтазнаўства". Рэктар перакананы: каб палюбіць краіну, народ, чалавецтва, трэба спачатку палюбіць блізкага табе чалавека, установу, дзе вучышся, -- alma mater.
“Рэкруты” першага года навучання, энергічна і жыва рэагуючы на ўсе новаўвядзенні ў вучэбным працэсе, актыўна шукаюць адзіна правільны адказ з шэрагу мажлівых. Часам знаходзяць яго ў выніку цяжкіх аналітычных разваг ці метадам дэдукцыі. Студэнты пішуць эсэ "У БДУ для мяне зацвітае папараць-кветка", прыходзяць на семінарскія заняткі ў музей гісторыі БДУ.
Універсітэтазнаўства -- навука светапоглядная. Яна пашырае кругагляд, фарміруе адносіны асобы да акаляючага свету, служыць інструментам для пазнання сябе ў свеце і свету ў самім сабе, дазваляе кожнаму ўзбагаціцца “сумай” усіх тых духоўных багаццяў, якія назапасіла чалавецтва, дапамагае чужы вопыт засвоіць як свой уласны, узбагаціўшыся гісторыяй сваіх папярэднікаў у роднай для ўсіх alma mater. Універсітэтазнаўства -- навука тыпалагічная. Яна дазваляе раскрыць новы беларускі культурна-гістарычны пласт, адукацыйны, навуковы, абагуліць сучасны тып нашага студэнта-універсітэтчыка, які ў нашыя дні выяўляе сябе ў розных сферах творчай і грамадскай дзейнасці.
Універсітэтазнаўства -- курс, які карыстаецца ведамі іншых дысцыплін: філасофіі, псіхалогіі, гісторыі, філалогіі, культуралогіі, дасягненнямі вучоных прыродазнаўчых сфер. Універсітэт па сваёй прыродзе павінен даваць універсальныя веды, паводле сцвярджэння брытанскага вучонага Джон Генры Ньюмана. Універсітэтазнаўства -- гэта вывучэнне ўзаемасувязей макракосмасу (прыроды) і мікракосмасу (чалавека). Універсітэтамі кіруюць традыцыі, у тым ліку тыя, якія закладваюцца сёння. Духоўныя традыцыі ў формах самых розных: студэнцкай міфатворчасці, іх заняткаў мастацкай і прафесійнай культурай, моватворчасцю, захапленнем філасофіяй, эканомікай, гісторыяй дзяржавы і права, гісторыі асветы і навукі. Якраз тое, што пры пэўнай разнастайнасці застаецца пастаянным, стабільным, падвалінным, хоць і  інварыянтным, дзякуючы чаму і ўзнаўлялася беларуская этнічная, а зараз узбагачаецца інтэнсіўна нацыянальная ментальнасць. Універсітэтазнаўства -- своеасаблівая філасофія часу, зародак нацыянальнай ідэі кансалідацыі этнаса, асновы беларусазнаўства, паглыбленных ведаў пра Беларусь і беларусаў у мінулым, сучасным і будучым.

Хочаш вучыцца, як Кандрат Крапіва?

1. Якія словы высечаны на помніку нашаму земляку, рэктару універсітэта ў Сант’яга Ігнату Дамейку ў Чылі?
1) “Няма прарокаў у сваёй Айчыне”
2) “Твая слава ў вучнях”
3) “Дзякуй за навуку”
4) “Grande aducator”
5) “Vivat universitas!”
6) “Vivat studiosus”

2. Што з’яўляецца, па словах Анарэ дэ Бальзака, “ключом” для ўсякага роду ведаў?
1) Пытальнік
2) Клічнік
3) Слова
4) Шматкроп’е

3. Які надпіс зроблены на латыні над уваходам у будынак рэктарата БДУ? (Выберыце варыянт)
1) “Сардэчна запрашаем”
2) “Вітаем студэнтаў і выпускнікоў роднага універсітэта”
3) “Няхай будзе благаславёны кожны, хто ўваходзіць у гэтыя дзверы і хто выходзіць з гэтых дзвярэй”
4) “Сіла чалавека ў ведах і ўменні. Мы вучымся не для школы, а для жыцця”

4. Згодна з легендай, Оксфард заснаваны за сценамі манастыра, у якім схавалася ад каралеўскага жаніха саксонская прынцэса Фрыдэсвіда. У перакладзе “Оксфард” азначае:
1) Брод для жывёлы
2) Сцяна кахання
3) Бераг ведаў
4) Мост сяброўства

5. Якая вуліца ў Мінску ў 1922 годзе ў гонар адкрыцця БДУ была перайменавана ва Універсітэцкую?
1) Магазінная
2) Кашарная
3) Аляксандраўская
4) Міхайлаўская

6. У якім узросце паступіў вучыцца ў БДУ будучы народны пісьменнік Кандрат Крапіва?
1) У 15-гадовым узросце
2) У 40-гадовым узросце
3) У 18-гадовым узросце
4) У 30-гадовым узросце

7. Хто з аспірантаў БДУ заваяваў першы медаль на Алімпійскіх гульнях?
1) Уладзімір Гараеў
2) Сяргей Ліштван
3) Аляксандр Мядзведзь
4) Марыя Іткіна
5) Камандор Маджыдаў

8. Пад Статутам ААН пастаўлены поруч з іншымі і подпісы двух прафесараў старэйшай на Беларусі ВНУ. Назавіце прозвішчы прафесараў.
1) У.М.Перцаў
2) Ф.М.Шмыгаў
3) У.І.Пічэта
4) Я.Ф.Карскі
5) М.В.Доўнар-Запольскі
6) У.М.Ігнатоўскі

Умовы віктарыны нескладаныя. Каб быць яе ўдзельнікам, трэба даслаць варыянты правільных адказаў на адрас рэдакцыі. Але пераможцам стане той, хто хаця б на частку пытанняў адкажа разгорнута, прадэманструе сваё веданне гісторыі краіны і вядучага універсітэта.
На працягу конкурсу мы разам з выкладчыкамі БДУ будзем аналізаваць адказы чытачоў. Віктарына завершыцца не толькі ўшанаваннем пераможцаў, але і “круглым сталом”, падчас якога “НГ” разам са спецыялістамі зробіць спробу стварыць ментальны партрэт сучаснага маладога беларуса. Мы пагаворым пра тое, як змяніліся беларусы за апошнія гады, як уплывае час на стаўленне моладзі да сваёй краіны, якія гістарычныя факты і падзеі застаюцца па-за ўвагай новага пакалення.

Дасылайце свае адказы з паметкай “Віктарына” на рэдакцыйны адрас: 220013, Мінск, вул.Б.Хмяльніцкага, 10а, рэдакцыя “Народнай газеты”.
Ці па электроннай пошце irina@ng.by

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter