Чтобы меняться в лучшую сторону, нужно желание, а не понедельник

Панядзелак пачынаецца сёння!

«Усё, з панядзелка пачынаю новае жыццё!» — думала я ў нядзелю ўвечары, даядаючы кавалак піцы. Калі на гэтай фразе вы ўсміхнуліся, значыць, успомнілі ўсе свае спробы з панядзелка кінуць курыць, пачаць худзець, заняцца спортам і вучыць англійскую мову...

фота: citygu.ru

Як гэта звычайна адбываецца? Мы разваліліся на канапе, абклаліся катамі, дзецьмі ці пледамі — у каго што ёсць, глынулі гарачага шакаладу і давай планаваць. Вось я ў панядзелак устану, ды як прабягу перад работай дзесяць кіламетраў. У панядзелак, вядомая рэч, ніхто нікуды не бяжыць. Па-першае, запал ужо прайшоў (напярэдадні зноў лягла ў дзве гадзіны ночы, бо глядзела ролікі тыпу «мядуза і кісель далёкія сваякі. доказы»). Па-другое, на гадзінніку «без пяці хвілін спазнілася ў рэдакцыю». Тут максімум можна разлічваць на прабежку да метро. «Ніякая ты не тоўстая! Затое разумная. Ну, якія прабежкі? Табе што, рабіць няма чаго?» — у вагоне памінальную імшу па сваіх марах спяваем у думках складна. Нездарма кажуць: новае жыццё нельга пачаць з панядзелка. Ці прама зараз, ці ніколі.

Я чалавек, які зламаў сістэму і рэальна пачаў хадзіць на спорт з панядзелка. Гэта страшны дзень, прызнаюся вам. Народу ў зале — яблыку няма дзе ўпасці. У раздзявалках самыя сапраўдныя пробкі, да трэнажораў не падысці, у душавыя чарга. Краіна жыве спортам! Адзін за адным людзі падыходзяць да трэнажораў і займаюцца на іх па поўнай праграме. Не шкадуюць сябе: раз вырашыў займацца спортам, дык вырашыў. Але вось цуд: да серады народу стала менш, да пятніцы дацягнула яшчэ менш, у суботу раніцай зала была выключна ў маім распараджэнні...

Ці то абяцанні не настолькі важныя, ці то сіла волі ў нас слабая, ці то ёсць няўхільны сусветны парадак, супраціўляцца якому дарэмна. Што не так з гэтымі панядзелкамі? І чаму наогул панядзелак? Мабыць, нам патрэбны нейкi пункт адліку. Асабліва валявыя замест панядзелка кажуць рашуча: «заўтра». Астатнія чакаюць Новага года. Я пабуду Настрадамусам і прадкажу: другога студзеня вы знойдзеце сябе ўсё ў той жа кватэры з пультам ад тэлевізара і кавалкам каларыйнага «Напалеона» ў руках.

А можа, гэта звычка з дзяцінства? Плануем расклад на тыдзень — і ў памяці адразу ўсплываюць старонкі са школьнага дзённіка. З панядзелка там пачынаецца ўсё добрае, бо ўжо не бачна запісаў аб нездавальняючых паводзінах, за якія даставалася на арэхі ад бацькоў. Можна акуратненька запоўніць расклад і ўяўляць, як на старонках з’яўляюцца дзясяткі... З другога боку, панядзелак, як усім вядома, дзень цяжкі. І калі новае жыццё чамусьці не пачалося, можна ўсё зваліць на гэтую акалічнасць. Нешчаслівы ён нейкі — гэты ваш панядзелак.

...Бессэнсоўна пачынаць новае жыццё па панядзелках. Кідайце піць/курыць/таўсцець прама зараз. Каб мяняцца ў лепшы бок, трэба жаданне, а не панядзелак. Ды і мала пачаць новае жыццё з панядзелка. Важна не вярнуцца да старога ўжо ў сераду.

gorbatenko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter