Панядзелак — дзень цяжкі. У традыцыйнай культуры ўсходніх славян за панядзелкам устойліва замацавалася характарыстыка цяжкага, нядобрага, няўдалага і неспрыяльнага дня.

Разам з тым панядзелак — мужчынскі дзень, што дапамагае зразумець некаторыя асаблівасці сялянскага гаспадарання. Напрыклад, не пажадана было садзіць курыцу на яйкі, таму што маглі вывесціся адны пеўнікі. І наадварот, гэты дзень лічыўся спрыяльным для пасадкі фасолі, агуркоў і гарбузоў; вечар панядзелка — для квашання капусты. Меркавалі, што ноч з панядзелка на аўторак спрыяе таму, каб у сям’і нарадзіўся хлопчык.
З цягам часу з’явіліся дадатковыя перасцярогі, звязаныя з гэтым днём: не пажадана класціся ў бальніцу (доўга хварэць будзеш), а таксама звяртацца па дапамогу ў гэты дзень да знахароў, пачынаць лячэнне цяжкіх або задаўненых хвароб.
На гэтым жа прынцыпе трымаецца і агульнавядомая выснова, сфармуляваная ў прыказцы: “У панядзелак нават цыган у дарогу не збіраецца, бо не пашанцуе”. Чалавек, які ўсё жыццё вандруе па свеце, і той трымаецца перасцярогі не рушыць з месца ў першы дзень тыдня. Калі ж гаворка ідзе пра селяніна-земляроба, які прыкіпеў да свайго лапіка і пакідае яго толькі, калі трэба патрапіць на базар або кірмаш, гэта перасцярога набывае характар табу. Ці яшчэ: сон, які прысніцца ў панядзелак, збываецца толькі для тых людзей, якія нарадзіліся ў гэты дзень; каб быць заўсёды пры грашах, нельга ў панядзелак абразаць пазногці і г.д.
Разам з тым беларускія легенды, відаць, не без уплыву біблейскіх сюжэтаў, апавядаюць пра тое, што “ў панядзелак свет снаваўся”. У старажытнай ведыйскай традыцыі панядзелак лічыўся днём ушанавання бога Хорсы.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter