Памяць у каменi

Арыгiнальны праект ажыццёўлены ў вёсцы Рубяжэвiчы Стаўбцоўскага раёна — там адкрыты комплекс “Памяць у каменi” Iдэя ўвекавечыць у каменi да 100-годдзя мясцовага касцёла святога Iосiфа ўсе вёскi, якiя ўваходзяць у склад парафii, узнiкла ў вядомага ў раёне краязнаўца, настаўнiцы Рубяжэвiцкай СШ, карэннай рубяжэвiчанкi Рамуальды СабалеЎскай (на здымку). Падтрымала Рамуальду Iгнатаўну, у якой пяцёра дзяцей, уся яе вялiкая сям’я. Загарэлiся жаданнем унесцi свой уклад у добрую справу ўсе жыхары вёскi.

Удзячная рэакцыя на гэту задуму была i ў кiраўнiкоў пяцi сельскагаспадарчых вытворчых кааператываў раёна, на тэрыторыi якiх знаходзяцца вёскi, што ўвекавечаны ў каменi. Яны пагадзiлiся з iнiцыятарамi задумы ў тым, што некаторыя населеныя пункты застаюцца сёння толькi на геаграфiчнай карце, бо там ужо пражывае толькi адзiн-два чалавекi, а то i няма нiводнага жыхара. На тэрыторыi Рубяжэвiцкага сельсавета пустуюць вёскi Насалi, Грань. Нiводнай хаты не засталося ў Лiхачах. Па аднаму-два гаспадары ў Мiкулiчах, Грызаўшчыне, Сосанцы, Камейшах...
За два тыднi ўсе разам, гуртам жыхары вёсак парафii сумелi стварыць комплекс, унеслi свае ахвяраваннi для гэтага. Гаспадаркi дапамаглi транспартам, з кожнай вёскi даставiлi па вялiкiм валуне — 43 камянi па лiку ўсiх вёсак. Тадэвуш Сабалеўскi выклаў зноў жа з каменя аркi i крыж. Вымашчаны дарожкi, разбiты клумбы. Усё, што можна было зрабiць сваiмi рукамi, было выканана. А вось каб выбiць на валунах назвы
43 вёсак — быў запрошаны прафесiйны скульптар са Светлагорска Аляксандр Камардзiн.
На ўрачыстае адкрыццё комплекса з’ехалiся парафiяне з усiх 43 вёсак, святары з навакольных касцёлаў. Прыняў запрашэнне прыехаць на фэст бiскуп Мiнска-Магiлёўскi Антонiй. Сярод прысутных былi i такiя шаноўныя госцi, як праўнукi Антона Тура, чалавека, якi 100 гадоў назад быў заснавальнiкам Рубяжэвiцкага касцёла. Гэта Янiна Чорная, якая жыве на сядзiбе продкаў у Рубяжэвiчах, Бранiслаў Тур з Мiнска i перакладчык з Польшчы Ян Тур.
Комплекс быў асвечаны. А свята аб’яднала ўсiх у любовi да сваёй малой радзiмы, усведамленнi важнасцi справы захавання памяцi продкаў i адказнасцi перадаць спадчыну нашчадкам.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter