Памяць пра класікаў, адлітая ў бронзе

Янку Купалу і Якуба Коласа ўшаноўваюць у Вільнюсе і РызеПа ініцыятыве Міністэрства культуры Беларусі і пасольства Беларусі ў Літве да канца года ў Вільнюсе будзе ўстаноўлена памятная дошка ў гонар Якуба Коласа. У горадзе будзе заменена і памятная дошка ў гонар Янкі Купалы. Ініцыятыва падтрымана ўладамі Вільнюса пад час правядзення ў верасні Дзён культуры Беларусі ў Літве.
Янку Купалу і Якуба Коласа ўшаноўваюць у Вільнюсе і Рызе
Па ініцыятыве Міністэрства культуры Беларусі і пасольства Беларусі ў Літве да канца года ў Вільнюсе будзе ўстаноўлена памятная дошка ў гонар Якуба Коласа. У горадзе будзе заменена і памятная дошка ў гонар Янкі Купалы. Ініцыятыва падтрымана ўладамі Вільнюса пад час правядзення ў верасні Дзён культуры Беларусі ў Літве.
У Міністэрстве культуры паведамілі: беларускія скульптары ўжо закончылі сваю працу. Памятная дошка ў гонар Якуба Коласа створана народным мастаком Іванам Міско і архітэктарам Андрэем Жылінскім. У Вільнюсе дошка зойме пачэснае месца на будынку па вуліцы Пілімо, 26, дзе ў 1907 годзе жыў і працаваў народны паэт. А над новай памятнай дошкай у гонар Янкі Купалы працавалі маладыя скульптары Сяргей Аганаў і Вольга Нячай. Яе прымацуюць замест ранейшай на будынку па вул. Вільняўс, 14, дзе ў 1914-15 гадах знаходзілася рэдакцыя газеты “Наша Ніва”, рэдактарам яе быў Янка Купала.
Міністэрства культуры Беларусі ініцыявала ўстаноўку памятнай дошкі ў гонар Янкі Купалы і ў Рызе. Дошка створана маладым скульптарам Паўлам Вайніцкім. Да канца года яе размесцяць на будынку Рыжскай асноўнай беларускай школай імя Янкі Купалы. Дарэчы, у памяшканні гэтай школы, па вуліцы Ілукстэс,10 ладзяць сустрэчы і прадстаўнікі беларускай дыяспары.
За апошнія гады быў рэалізаваны шэраг манументальных праектаў па ўшанаванні памяці славутых дзеячаў гісторыі і культуры Беларусі за мяжой. Сярод найбольш значных — стварэнне помніка Уладзіміру Караткевічу ў Кіеве, памятнай дошкі ў гонар Францішка Багушэвіча ў Вільнюсе. Цяпер вядзецца праца па стварэнні помнікаў Уладзіміру Мулявіну ў Екацерынбургу і Сімяону Полацкаму ў Маскве.

Рыгор Арэшка
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter