Памяці Гая Пікарды

Ён любіў і даследаваў беларускую царкоўную музыку
З Лондана прыйшло сумнае паведамленне: памёр сябар Англа-беларускага таварыства, самаадданы збіральнік, выдавец і прапагандыст старажытных беларускіх спеваў Гай Пікарда. Ён быў частым госцем у Беларусі, уваходзіў як кампетэнтны знаўца ў журы магілёўскіх фестываляў “Магутны Божа”.

Гай Пікарда паходзіў са старажытнай брэтонскай сям’і. Ён часта з гумарам расказваў, як адзін з яго продкаў, удзельнічаючы ў паходзе і адступленні напалеонаўскай арміі, дзесьці на мяжы Смаленшчыны і Магілёўшчыны адмарозіў сабе вуха, якое вярнулася ў кішэні ў Францыю і потым, нібы рэліквія, перадавалася ад пакалення да пакалення. Праўда, сам Гай рэчыўнага доказу такога міфа, якім абгрунтоўваў сваю цікавасць да Беларусі, ужо не бачыў. Ён нарадзіўся ў Лондане 20 ліпеня 1931 года, вучыўся ў Оксфардскім і Сарбонскім універсітэтах, стаў запатрабаваным адвакатам, спецыялістам па міжнароднаму спадчыннаму праву. Адначасова захапляўся царкоўнай музыкай, пераважна ўсходнеславянскай.

І вось з цягам часу хобі стала галоўнай справай жыцця. Аднойчы Гай Пікарда трапіў на службу ва ўніяцкі храм, які знаходзіцца ў “беларускай вёсцы” Фінчлі на поўначы лонданскага мегаполіса, стаў там з’яўляцца ўсё часцей і часцей, працаваць у бібліятэцы імя Францыска Скарыны, а потым застаўся пры ёй і жыць.

Асабліва зацікавілі англійскага беларусіста жыровіцкі і супрасльскі ірмалоі ХVI стагоддзя. Іх даследаванне стала падставай для пазнейшай кнігі “Царкоўная музыка на Беларусі”, іншых грунтоўных работ. Захапіўся дзейнасцю Скарыны, сказаў новае слова пра сімволіку на гравюрах да яго кніг Бібліі.

Вядомы даследчык і прапагандыст беларускай культуры, кавалер ордэна Скарыны Гай Пікарда перадаў у дар Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі матэрыялы падрыхтаванага ім зборніка “Залатая Беларусь. Анталогія беларускіх мадрыгалаў і харавых песень”, а таксама копіі гістарычных дакументаў з архіваў Міністэрства замежных спраў і па справах Садружнасці Вялікабрытаніі.

Светлая памяць пра Гая Пікарда застанецца жыць і ў Вялікабрытаніі, і ў Беларусі. Як і царкоўныя спевы, знойдзеныя ім і ўведзеныя ва ўжытак.

Адам Мальдзіс
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter