Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

125-я ўгодкі вядомай беларускай пісьменніцы адзначаюць і ва Украіне

Памятаюць Зоську Верас

Сябар нашай рэдакцыі пісьменнік Сяргей Панізьнік нагадаў нам пра чарговыя ўгодкі Зоські Верас. Нарадзілася ж яна 30 верасня 1892 года ва Украіне: у мястэчку Мяджыбаж (цяпер — пасёлак гарадскога тыпу ў Лятычаўскім раёне, Хмяльніцкая вобласць). Дарэчы, да 120-х угодкаў мы змясцілі тэкст пра культурную дзяячку — а яна ж сябравала з Максімам Багдановічам ды іншымі пісьменнікамі, выдавала часопісы для дзяцей і пчаляроў. І была ў ліку заснавальнікаў Таварыства беларускай культуры ў Літве. Тэкст “Кветка з роднай нівы” (ГР, 4.10.2012) лёгка знасці праз інтэрнэт. Адтуль можна даведацца, што Зоська Верас — псеўданім Людвікі Сівіцкай. Нарадзілася ж яна ва Украіне, калі там служыў афіцэрам у царскай арміі бацька яе, Антон Сівіцкі. Ён быў родам з Гродна, маці ж вучылася ў Кракаве, валодала замежнымі мовамі.

Выхоўвалася Людвіка ў беларускім духу: штолета праводзіла ў дзедавым фальварку Альхоўнікі (цяпер Сакольскі павет, Беластоцкае ваяводства), наведвала дзядоў у Гродне. Разам з бацькам аб’ездзіла Гродзеншчыну: бачыла вёскі, старажытныя замчышчы, ён вазіў дачку на Каложу, катаў па Нёмане. А дома прасіў Людвіку апісаць іх вандроўкі. Антон Сівіцкі збіраў хатнюю бібліятэку, знаёміў дачку з творамі розных пісьменнікаў. Так і ўзгадаваў у душы дзяўчынкі любоў да беларускай зямлі, яе прыроды, роднай мовы й літаратуры.

Сяргей Панізьнік паведаміў нам, што й сябры з Украіны рыхтуюцца святкаваць 125-я ўгодкі Зоські Верас. Да яго звярнуўся пісьменнік Васіль Гарбацюк, дырэктар Хмяльніцкага абласнога літаратурнага музея, з просьбай даслаць неабходныя матэрыялы: як для правядзення вечарыны памяці, так і для стварэння асобнай “фондової збірки в музеї”.

Голас Радзімы № 37 (3541), чацвер, 28 верасня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter