Памятаюць і ў Кальяры

У італьянскім рэгіёне Сардзінія, на “Сцяне памяці”, з’явіліся фотаздымкі ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны з Беларусі


На адной з галоўных плошчаў горада Кальяры, сталіцы Сардзініі, 9 Мая гучалі песні пра вайну: “Кацюша”, “У лесе прыфрантавым”, “Майскі вальс”, “Дзень Перамогі” ды іншыя. Акцыя “Спяваем разам” прайшла па прапанове прадстаўнікоў дыяспары былога Савецкага Саюза пры падтрымцы Ганаровага консульства Беларусі ў Кальяры. Свята ладзілася пад лозунгам “Мы разам не забудзем і ўдзячныя ўсім, хто ваяваў і прынёс у ахвяру ўласнае жыццё за нашу свабоду і дабрабыт, хто склаў галовы ў баях за родных і за Радзіму, хто працаваў для фронту і хто ўсё гэта перажыў”.

Пасля адкрылася выстава “Вайна і супраціўленне ў Беларусі”. На ёй прадстаўлены рэпрадукцыі ваенных фатаграфій з савецкіх і беларускіх архіваў, копіі плакатаў тых гадоў і серыя плакатаў “Кветкі Вялікай Перамогі”, распрацаваных у інфармацыйным агенцтве БелТА. Прадстаўлена таксама “Сцяна памяці” з фотаздымкамі ўдзельнікаў вайны, сваякі якіх цяпер жывуць на Сардзініі. Цудоўную атмасферу свята на адкрыцці экспазіцыі ствараў творчы гурт “Вурай” з Беларусі.


Для Ганаровага консульства Беларусі важна менавіта ў дні святкавання Вялікай Перамогі быць разам з дыяспарай і мясцовымі жыхарамі. Многія выхадцы з Італіі ваявалі ў гады Другой сусветнай вайны на боку Чырвонай Арміі на тэрыторыі Беларусі ды іншых савецкіх рэспублік. А савецкія воіны ў той час разам з італьянскімі партызанамі змагаліся за вызваленне Італіі.

Вечная памяць ахвярам той жудаснай вайны і ўсім тым, хто ваяваў супраць фашызму!


Джузэпэ Карбоні, Ганаровы консул Беларусі ў г. Кальяры — рэгіён Сардзінія, Італія


Голас Радзімы № 19 (3523), чацвер, 25 мая, 2017 у PDF
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter