Памнажаем на два

Беларусь і Расія ажыццяўляюць дзясяткі сумесных праектаў у вытворчасці,  навуцы ды іншых сферах
Любы слесар пацвердзіць: сучасны аўтамабіль без электронікі ператворыцца ў кучу мёртвага металу. Мікрасхемы ды іншыя электронныя кампаненты, якія ў прастамоўі называюцца “мазгамі”, сёння кіруюць рухавіком, тармазамі, каробкай перадач, не гаворачы пра кандыцыянеры, дворнікі. Толькі так можна зрабіць аўтамабіль бяспечным, у тым ліку з пункту гледжання экалогіі, эканамічным. І роля электронікі будзе толькі ўзрастаць. Вось чаму на чарговым пасяджэнні Савета міністраў Саюзнай дзяржавы 12 мая 2016 года была прынята беларуска-расійская навукова-тэхнічная праграма пад умоўнай назвай “Аўтаэлектроніка”. Аднак падрыхтоўка да яе рэалізацыі пачалася значна раней. 



Базавым прадпрыемствам па выкананні праекта ў Мінску стала ААТ “Інтэграл”. Яго мікрасхемы ды іншыя электронныя ўстройствы, распрацаваныя, дарэчы, у выніку выканання шэрага іншых саюзных навукова-тэхнічных праграм, шырока выкарыстоўваюцца ў самых розных галінах тэхнікі. На маштабнай беларуска-расійскай нарадзе, якая адбылася там  з удзелам прадстаўнікоў міністэрстваў прамысловасці дзвюх краін, Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, вядучых навукова-даследчых арганізацый і прамысловых прадпрыемстваў, была прынята канцэпцыя далейшай работы. Канкрэтныя выканаўцы тых або іншых навукова-тэхнічных тэм будуць вызначацца на конкурснай аснове. З беларускага боку падбор удзельнікаў праграмы ўскладзены на ААТ “Інтэграл”, з расійскага — на ААТ “НВП “Радар-ммс” з Санкт-Пецярбурга, вядомага высокатэхналагічнымі распрацоўкамі ў транспартнай сферы. 

 Якія ж навукова-тэхнічныя задачы трэба вырашыць у бліжэйшыя гады? Галоўнае, трэба будзе па тэхнічным узроўні дасягнуць парытэту з заходняй аўтамабільнай тэхнікай, абапіраючыся пры гэтым на айчынныя распрацоўкі і вытворчасць. Гэта значыць забяспечыць маштабнае імпартазамяшчэнне ў такой базавай галіне, як аўтамабілебудаванне. Зыходзячы з гэтага, вызначаны чатыры асноўныя напрамкі сумеснага навукова-тэхнічнага пошуку беларускіх і расійскіх навукоўцаў і спецыялістаў. Гэта сістэмы кіравання рухам аўтатранспартных сродкаў, інтэлектуальныя сістэмы забеспячэння бяспекі, сістэмы кіравання электраабсталяваннем, сістэмы збору інфармацыі, датчыкі. Новая праграма фактычна стала працягам некалькіх праграм развіцця дызельнага аўтамабілебудавання Саюзнай дзяржавы, шмат у чым дзякуючы якім удалося захаваць кааперацыйныя сувязі ў важнейшай галіне.

Падобных прыкладаў навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва беларускіх і расійскіх навукоўцаў і вытворцаў па лініі Саюзнай дзяржавы нямала: завершана больш за 40 сумесных праграм. І амаль 10 яшчэ выконваюцца. На згаданым пасяджэнні Савета міністраў Саюзнай дзяржавы гэты пералік папоўніўся яшчэ чатырма праектамі. Акрамя “Аўтаэлектронікі”, гэта праграма “Тэхналогія-СД”, скіраваная на стварэнне прыбораў для касмічнай тэхнікі, праграма “Луч”, у выніку выканання якой з’явяцца новыя нанаструктурныя оптыка-электрычныя прыборы, праграма “Спінальныя сістэмы”, вынікам якой стануць новыя тэхналогіі лячэння дзяцей з цяжкімі прыроджанымі дэфармацыямі і пашкоджаннямі пазваночніка. 

Практычна кожны з гэтых праектаў, разлічаных на 3-4 гады, з’яўляецца працягам беларуска-расійскага супрацоўніцтва ў той ці іншай сферы. Так, “Луч” стаў працягам праграмы “Прамень”, якая завяршылася ў 2015 годзе. Дырэктар Інстытута фізікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Мікалай Казак каменціруе яе вынікі:

— Распрацаваныя санкт-пецярбургскім ААТ “Святлана” ды іншымі расійскімі калегамі гетэраструктуры, лазерныя лінейкі, цвёрдацельныя лазерныя выпраменьвальнікі, святлодыёды з’яўляюцца асновай для стварэння намі канчатковых вырабаў: маналітных інтэгральных мікрасхем узмацняльніка магутнасці і ператваральніка частаты, ЗВЧ-транзістараў, прынцыпова новага лазернага выпраменьвальніка ў зялёнай сферы спектра, дыёдных зборак, імпульсных крыніц сілкавання. Многія з гэтых прыбораў у Саюзнай дзяржаве не вырабляліся. Гэта значыць сумесныя даследаванні накіраваныя на імпартазамяшчэнне навукаёмістых тэхналогій. 

Вырабы, створаныя пры выкананні новай саюзнай праграмы “Луч”, будуць выкарыстаны ў сістэмах глабальнай касмічнай сувязі, радыёлакацыі, мабільных сістэмах сувязі двайнога прызначэння, аптычнай падводнай і надводнай сувязі, лазерным тэлебачанні, медыцынскім і гідраметэаралагічным абсталяванні. Што важна, многія высокатэхналагічныя распрацоўкі ўжо зрабілі крок у заводскія цэхі, даюць магчымасць выпускаць канкурэнтную таварную прадукцыю, забяспечваюць загрузку прадпрыемстваў і высокааплатную работу многім тысячам спецыялістаў. 

Тыповы прыклад — згаданае мінскае ААТ “Інтэграл”. Адно з вядучых у Саюзнай дзяржаве прадпрыемстваў у сферы мікраэлектронікі мае практычна цалкам сфарміраваны партфель заказаў, працуе ў тры змены. У нашы няпростыя ў эканамічным сэнсе часы гэта своеасаблівы феномен. Чым жа ён тлумачыцца? На “Інтэграле” бачаць аснову поспеху ў паслядоўным выкананні шэрага саюзных навукова-тэхнічных праграм, дзякуючы якім удалося прафінансаваць распрацоўку найноўшых тэхналогій і прыбораў. Адзін з праектаў так і называецца — “Аснова”. Яе мэта — забяспечыць тэхналагічную бяспеку Саюзнай дзяржавы. Было задзейнічана каля 40 беларускіх і расійскіх прадпрыемстваў-партнёраў. І вось вынік — 62 тыпы новых мікрасхем, 8 тыпаў транзістараў, 16 тыпаў стабілізатараў і гэтак далей. Сфера прымянення — ад падводных глыбінь да космасу. Не трэба тлумачыць, наколькі тут важна не залежаць ад паставак мікраэлектронных кампанентаў з-за мяжы.

У галіне станкабудавання Беларусь і Расія перайшлі да яшчэ больш цеснага супрацоўніцтва, стварыўшы сумесную інжынірынгавую кампанію ТАА “СаюзСтанкаІнжынірынг”. Гэтае рашэнне, першае ў сваім родзе на эканамічным ландшафце дзвюх краін, зацверджана сумесным пасяджэннем калегій міністэрстваў прамысловасці Беларусі і Расіі. Новая структура аб’яднала холдынг “Белстанкаінструмент”, які ўключае 16 станкабудаўнічых прадпрыемстваў, і расійскую Групу “Стан”, куды ўваходзяць НВА “Станкабудаванне”, АТ “Станкатэх”, Разанскі станказавод, Іванаўскі завод цяжкага станкабудавання. Галоўная мэта — забяспечыць імпартазамяшчэнне ў гэтай стратэгічнай галіне, якая з’яўляецца базай для іншых важнейшых галін эканомікі. Расійскія і беларускія кіраўнікі роднасных прадпрыемстваў ужо наведалі адзін аднаго, каб знайсці найбольш аптымальныя схемы супрацоўніцтва. І вось першыя вынікі. Мінскі завод аўтаматычных ліній паставіць у бліжэйшыя два гады больш за 60 станкоў расійскім заказчыкам. Абсталяванне прызначана для апрацоўкі дэталяў вагоннай цялежкі.

 Не менш маштабна вядзецца пад эгідай Саюзнай дзяржавы беларуска-расійскае супрацоўніцтва і ў іншых сферах. Важным вынікам пасяджэння Савета міністраў Саюзнай дзяржавы ў Магілёве, напрыклад, стала прыняцце чарговай праграмы сумеснай дзейнасці па пераадоленні наступстваў чарнобыльскай катастрофы. Праграма — пятая па ліку. Кіраўнікі беларускага і расійскага ўрадаў дамовіліся павялічыць асігнаванні на сумесную дзейнасць у гэтай сферы. Раней з выкарыстаннем саюзных сродкаў былі створаны і абсталяваны тры буйныя спецыялізаваныя медыцынскія цэнтры ў Беларусі і Расіі для лячэння жыхароў пацярпелых тэрыторый і ліквідатараў. Цяпер дасягнута дамоўленасць зрабіць яшчэ больш даступнай комплексную медыцынскую дапамогу для грамадзян саюзных краін. 

Дзякуючы выкананню аналагічных саюзных праграм удалося таксама значна мадэрнізаваць агульную мяжу Саюзнай дзяржавы з заходнімі краінамі, а цяпер гэтая работа вядзецца на беларуска-ўкраінскім участку мяжы. У ліку іншых напрамкаў і прыкрыццё транспартнай інфраструктуры Саюзнай дзяржавы на выпадак надзвычайных абставінаў. А многія тысячы беларускіх і расійскіх юнакоў і дзяўчат набылі новых сяброў і ўмацаваліся ў сваіх патрыятычных пачуццях у выніку штогадовага правядзення ваенна-патрыятычных змен навучэнцаў сувораўскіх і кадэцкіх вучылішчаў і класаў.

У перспектыве такое супрацоўніцтва пры садзеянні Саюзнай дзяржавы будзе толькі пашырацца. У распрацоўцы знаходзіцца каля 20 новых навукова-тэхнічных ды іншых беларуска-расійскіх праектаў, паведаміў Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота. На гэтае супрацоўніцтва выкарыстоўваецца асноўная частка саюзнага бюджэту. І гэтыя расходы не будуць скарачацца.

Уладзімір Бібікаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter