Памiж зямлей i и небам

Той дзень, калi нарадзiўся Уладзiмiр Лiпскi, напэўна, быў сонечным, светлым. Бо менавiта такiм ён, гэты чалавек, i ўдаўся – шчырым, добразычлiвым, памяркоўным, са шчодрай, шырока адкрытай людзям душой... Гэта адчуваецца i ў яго творах, якiя выходзяць з друку з зайздроснай перыядычнасцю. “Я. Праўдзiвы аповед пра твой i мой радавод”, “Мама. Малiтва сына”, “Бацькi i дзецi. Дзённiкi”, “Бацька.
Той дзень, калi нарадзiўся Уладзiмiр Лiпскi, напэўна, быў сонечным, светлым. Бо менавiта такiм ён, гэты чалавек, i ўдаўся – шчырым, добразычлiвым, памяркоўным, са шчодрай, шырока адкрытай людзям душой... Гэта адчуваецца i ў яго творах, якiя выходзяць з друку з зайздроснай перыядычнасцю. “Я. Праўдзiвы аповед пра твой i мой радавод”, “Мама. Малiтва сына”, “Бацькi i дзецi. Дзённiкi”, “Бацька. Пiсьмы сына” (спiс можна доўжыць) – своеасаблiвая споведзь пiсьменнiка, глыбокi роздум над лёсамi сваiх бацькоў, аднавяскоўцаў, аднафамiльцаў, асэнсаванне ролi сям’i ў выхаваннi высокага пачуцця Бацькаўшчыны. I вось новая кнiга “Мы” – аповесць пра нашы прозвiшчы. У прозвiшчах, лiчыць пiсьменнiк, як бы закадзiравана наша гiсторыя, мiнуўшчына, партрэты i характары нашых землякоў, прырода, побыт i фальклор. Пiсьменнiк расшыфраваў 15 тысяч прозвiшчаў сваiх землякоў з Рэчыцкага раёна. Удумаемся: 15 тысяч! Гэта ж якая спатрэбiлася карпатлiвая праца! Але нiчога дзiўнага: Уладзiмiр Сцяпанавiч – выдатны рабацяга, пэўна, у бацькоў сваiх, пра якiх так хораша напiсаў, вучыўся руплiвасцi... А ён жа яшчэ рэдактар цудоўнага часопiса “Вясёлка”, а яшчэ старшыня Беларускага дзiцячага фонду, якiм кiруе, бадай, чвэрць стагоддзя. Любiць ён дзетак, i дзеткi адказваюць яму шчырай узаемнасцю. 6 мая Уладзiмiр Лiпскi мае поўнае права перавесцi, як кажуць, дыханне. Лаўрэату Дзяржаўнай прэмii, лiтаратурных прэмiй iмя Янкi Маўра i Васiля Вiткi, наогул, харошаму, прыгожаму чалавеку спаўняецца 65 год. Хоць i не круглая дата, але ж... Высокi поўдзень чалавечага жыцця! Сёння мы друкуем кароткi ўрывак з новай кнiгi Уладзiмiра Лiпскага. Аляксандр АКУЛIК, «Р» Я рэдка бачыў, як мае мама i тата прачыналiся. Уставалi раненька, досвiткам, з першымi пеўнямi. Гэтым часам ў дзяцей самы сон. Але тыя рэдкiя ранiцы, калi падхоплi-ваўся з ложка разам з бацькамi, урэзалiся ў памяць. Праўду кажуць: толькi як прачнешся, зразумееш, што спаў. Вось цяпер, прачнуўшыся, бачу маму ў двары. Яна стаiць басанож у роснай траве, рукi яе ўзняты ўгору, выпрошвае ў неба дожджыку, бо сохнуць грады, вяне бульбоўнiк, парудзеў агурочнiк. Iншай ранiцай бацька пазi-раў у неба, шапку ажно зняў, вымольваў сваю просьбу: “Дай жа, Божа, сонца, трэба сена ўладзiць у стажок”. Стаiць чалавек на зямлi, якая яго кормiць, а просiць у неба падмогi. Адтуль, з нябёсаў, дзе ўсе таямнiцы, дзе сам Бог i Святы Дух, даюцца зямлянам i сiлы, i надзея, i радасцi будзённыя. Памiж небам i зямлёй адбываюцца вечныя заручыны, сватаўство, вяселлi. А людзi слугуюць гэтаму шлюбу. Вось чаму, мне здаецца, шматлiкiя людскiя прозвiшчы i паходзяць ад з’яў прыродных, якiя дзеюцца памiж небам i зямлёй, памiж хатай i воблакам, у божай прасторы. Ну, скажыце, чаму сярод нашых рэчыцкiх жыхароў ажно па сто сем’яў Мароз, Марозаў, Маразько? Даўся ж iм той мароз, якi хапае за нос. Пра яго, калянага, якi прыходзiць зiмой, народ песнi склаў: Ой, чаго ж, зiмачка, Ой, чаго, лютая, Раненька настала?.. Кажуць, уздумай дванаццаць лысых, то i мароз прападзе. Мароза i чакалi, i клялi яго. Марозам палохалi. З iм жартавалiся: “У мароз i холад дык i стары молад”, “З мужыком у мароз дзiўнае дзеецца: бяжыць ды грэецца”. Шматлiкiя народныя прыкметы вызначалiся па марозу: калi сухi, марозны снежань, то зiма i лета будуць сухiмi; мароз трашчыць – моцны холад клiча; у лютым моцны мароз – кароткая зiма... Вось i называлi бацькi свайго сына Мароз, каб улагодзiць нябеснае, калючае насланне. А да шматлiкiх Iванаў мароз прылiпаў клiчкай. Можа, сцю-дзёнай парой нарадзiлiся, можа, мелi характар траскучы, позiрк халодны? Дык ёсць жа прозвiшчы i Холад, i Халадзiлiн. Падобнае меркаванне i пра прозвiшчы Гром, Грамакоўскi, Грамянкоў, Грамкоў, Громаў, Громчанка, Грамыка (старэйшыя, пэўна, помняць чалавека з такiм прозвiшчам, якi быў адным з кiраўнiкоў Савецкага Саюза), Грамовiч. Называлi дзяцей Громам, каб грому не баялiся. А клiчкай Гром абзывалi тых, хто моцна, раскацiста гаварыў. Пра такiх нават прымаўку склалi: “Рыкае, як вол, за многа сёл”. Хто яшчэ гаспадарыць памiж небам i зямлёй? Тут, ведаем, рабочае месца былых язычаскiх бажкоў – завiрухi, мяцелiцы, ветру, сухавею, буры. I iх уважылi мае землякi ў сваiх прозвiшчах. Носяць сабе на ўцеху, i не вельмi iх турбуе, чаму яны Завiрухiны, Мяцелi, Мяцельскiя, Ветравы, Вятрэнкi, Ветрыкавы, Сухавеевы, Буравы, Бураўцовы. Уяўляеце, каб усе яны схеўрылiся ў адзiн ансамбль ды пайшлi ў плясы, ды заспявалi на ўвесь Млечны шлях: На дварэ мяцелiца гудзе. Мужык жонку за шыварат вядзе. А ў мужыка кудры трасуцца, А з-за жонкi хлопцы дзяруцца... У карагодзе “прыродных” прозвiшчаў ушанавалi вечар (Вячэрскiх, Вячорка), град (Градаў), зару-заранку (Заранiк, Заранок), хмару (Хмара, Хмарук, Хмарун), парошу (Парошын), цяпло (Цяплоў, Цяплушанка), расу (Росаў, Роскiн, Расюк, Расянка), надвор’е (Пагодзiн, Пагодзiч)... У кожнага свой шлях да iмя, мянушкi, прозвiшча. Вiдаць, Заранiк, Заранок атрымалi клiчку ад таго, што ўставалi зарання, яшчэ да ўзыходу сонца, на золку, на зары. Такога працавiтага, стараннага шчыруна суседзi-пасяленцы называлi Заранiкам. Крыху зайздросцiлi яму, але любiлi i паважалi, бо ў яго ўсяго было ўдосталь. Вось такiя цуды схаваны ў нашых прозвiшчах. Больш таго, само слова “цуд” з яго глыбокiм сэнсам закладзена ў прозвiшчах Чудзеса, Чудноўскi, Чудаў. Якiмi ж цудоўнымi рысамi валодалi iх продкi? Якiя цуды здзяйсняюць сённяшнiя Чудоўскiя? У нашай хаце былi дзве iконы. Адна вiсела ў пярэднiм пакоi, каля абедзенага стала. Бывала, мама цi тата змахнуць на сабе крыжык, нешта прашэпчуць, толькi тады са-дзяцца есцi. Нас, дзяцей, не прымушалi гэта рабiць, бо як жа: мы – пiянеры, камсамольцы, а значыць, — бязбожнiкi. Як цяпер разумею, гэта iкона была быццам будзённай. У Бога, а пра гэта, як мы, дзецi, даведалiся пазней, быў сын Iiсус. Мае бацькi прасiлi на-дзённага, самага неабходнага для сям’i. Абрыўкi iх малiтваў гучаць i цяпер у маiх вушах: “Дай, Божа, усяго даволi – i хлеба, i солi”, “Няхай Бог крые i заступiцца”, “Хай Бог мiлуе нас i нашых дзетак”, “Зрабi, Божа, каб мы век давалi, а самi нiколi не прасiлi”. У святлiцы, у якой было чатыры вакны, грубка, два ложкi, а на сценах у рамках вiселi фоткi, на покуцi, за беленькай марлевай шырмачкай, за ўсiмi намi нястомна сачылi добрыя вочы Мацi Божай. Як я страшыўся яе позiрку! Мне здавалася, Святая Жанчына ўсё бачыць, усё ведае i, калi спатрэбiцца, раскажа самому Богу. Тут, у чыстым пакоi, дзе заўсёды былi памыты маснiчыны, а на iх ляжалi мамiны саматканыя палавiкi, адбывалася як бы ачышчэнне душы. Тут шчыра пра ўсё гаварылi. Тут прымалi жаданых гасцей, на святы частавалiся. Тут, бывала, i вечарынкi спраўлялi, тады не толькi мая мама, а i Мацi Божая бачыла, з кiм i як я танцую, як весялiцца наша шоўкаўская моладзь. Iконы на покуце вiселi ва ўсiх хатах. Па вялiкiх святах iх беражлiва здымалi, перахрысцiўшыся перад гэтым, асцярожна змахвалi з iх пыл. Але што мне ўрэзалася ў памяць: на iконах нiбыта i пыл не садзiўся, i павукi за iмi не развешвалi свае “гушкалкi”, i мухi не пакiдалi там сваiх “аўтографаў”. Святое месца аберагалася, трымалася ў чысцiнi ўсiмi насельнiкамi хаты. Ай, ды што казаць, пра свае iконы ў сваiх хатах кожны можа прыгадаць сваю гiсторыю. Цiкава, а што б расказалi людзi, якiя носяць прозвiшчы Iконнiкаў, Iконкен, Абразоў, Хрысцiянiнаў, Хрысцiн, Хрысцюк, Новахрышчонаў? Якi б лад жыцця нi навязвалi народу зямныя бажкi, людзi заўсёды пакiдалi ў душы месца для святой веры. А тады, калi нашым палешукам, як гузiкi, “прышывалi” прозвiшчы, царква была ў вялiкай пашане, павазе, скажам больш, — у законе, пры ўладзе. Вiдаць, лiчылася вялiкiм гонарам захаваць у сваiм прозвiшчы прыкметы набажэнства, служэння Цару Нябеснаму i храму зямному. Таму i па сённяшнi дзень многiя носяць гэту спадчыну ў прозвiшчах, не заўсёды задумваючыся, чаму яны Храмавы, Манастыровы, Багамолавы, Вернiкi, Вернi-коўскiя, Амiнавы, Званаровы, Званковiчы, Бажковы, Бажэнкавы i Небажэнкi?..
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter