Минск
+3 oC
USD: 2.6
EUR: 2.88

День родного языка: новые слова, которые вас удивят

Памiж iмпрэзай i шапiкам

Сёння мы святкуем дзень роднай мовы. Некалi Вальтэр сказаў: «Усе найгалоўныя замежныя мовы можна вывучыць за шэсць гадоў, але для вывучэння сваёй недастаткова i цэлага жыцця». 

pixabay.com

Мова — жывая стыхiя, якая ўвесь час мяняецца. Яна сама вырашае, што прыняць, што адкiнуць. Напрыклад, адкрываем «Падручны расiйска-крыўскi (беларускi) слоўнiк» Вацлава Ластоўскага, выдадзены ў 1924 годзе. «Отутюжить» — «адпеглiць», «отчим» — «бацюк», «рябь на воде» — «таласа», «чашка» — «чаўхра, чаўхiрка». Не прыжылiся гэтыя словы, знiклi… Зрэшты, i рускiя адпаведнiкi з гэтага слоўнiка далёка не ўсе засталiся ва ўжытку: «челпан», «ховря», «хамовник», «хисать», «удресвить», «рясный». Цi шмат знаўцаў рускай мовы сёння адкажуць, што гэта? 

Словы змагаюцца за выжыванне. Колькi было спрэчак пра выраз «маеш рацыю», то бок «ты прав». Нават анекдоты хадзiлi: старшыня калгаса выклiкаў мiлiцыю на пiсьменнiкаў, якiя паўтаралi «маеш рацыю, маеш рацыю», бо вырашыў, што шпiёны. А выраз прыжыўся. 

Вашай увазе — дзесяць беларускiх словаў, якiя прыжылiся параўнаўча нядаўна, вядомыя не ўсiм, але маюць перспектыву на ўвесьчасную прапiску.

Iмпрэза 

Слова пачало ўжывацца ў 1990-х. Доктар фiлалагiчных навук Уладзiмiр Кулiковiч расказвае: «Радзiма яго — Iталiя, дзе impresa — пачынанне, намер, задума, справа. Як сведчыць польскi этымолаг (даследчык паходжання слоў) Ф.Слаўскi, у ХVIII ст. яно прыйшло ў польскую мову i за час функцыянавання адаптавалася, павялiчыла свой семантычны аб’ём: польскае impreza — пачынанне, задума, урачыстасць, вiдовiшча, забава, мерапрыемства, падзея. Сёння слова мае шырокi сэнс: акцыя, баль, банкет, вечарына, вiдовiшча, выстава, канцэрт, мерапрыемства, падзея, сустрэча, урачыстасць, шоу». 

Сецiва

Гэтая беларуская назва iнтэрнэту замацавалася не адразу. Рускi адпаведнiк — «сеть», але ў беларускай мове i гэтае слова, i слова «сетка» перакладаюцца аднолькава: «сетка». Гучыць не надта важка, з памяншальным суфiксам, вось i з’явiлася форма «сецiва» — па тым жа прынцыпе, што «сочыва» i «марозiва».

Падабайка

Ва ўсiм свеце значкi, якiмi пазначаюць сваё ўхвальнае стаўленне да нейкага допiсу ў сецiве, называюць «лайкi» (ад англiйскага «падабацца»). Апошнiм часам з’явiўся беларускi аналаг лайка: «падабайка», «цiснуць падабайку».

Iмбрык

Прыйшло з польскай мовы, а туды яно трапiла з турэцкай. Напачатку пад iм разумелi чайнiк для заваркi. Цяпер iмбрыкам часта называюць чайнiк увогуле, а чайнiк для заваркi — «iмбрычак». Патрэба ў новым слове зразумелая, бо слова «чай» беларускай мове не ўласцiва. 

Заўзець, заўзятар

I яшчэ адна лiнгвiстычная праблема вырашылася — са словам «балельшчык». Справа ў тым, што рускае «болезнь», ад якога яно паходзiць, на беларускай мове гучыць як «хвароба». А «хваробнiк», «хварэць за кагосьцi» — гэта ўжо недарэчна. I ў 1980-х паэты Алесь Разанаў i Алег Бембель прапанавалi такi варыянт: «заўзятар» i «заўзець».

Прышпiльна

Беларускi адпаведнiк рускаму «прикольно». Утварылi ад слова «шпiлька», якая i па-руску «шпилька». А вось як сказаць па-беларуску «прикол», адзiнага меркавання пакуль няма. 

Тэлiць

Яшчэ адна спроба перадаць сэнс словазлучэння «звонить по телефону». Доўгi час ужывалi каструбаватае «тэлефанаваць». Але размоўная мова патрабуе спрашчэнняў, як хваля абкачвае каменьчыкi рознай формы да гладкасцi. Таму i ўзнiкла «тэлiць». 

Бракуе

Мае значэнне «не хапае». Падобна, што прыйшло з польскай мовы, дзе ёсць i «бракуе», i слова «брак» (brak) у сэнсе «недахоп чагосьцi». 

Рыхтык

Сакавiтае слоўца, якое набыло другое жыццё. Азначае «дакладна так», «правiльна» альбо «вельмi падобны», «точь-в-точь». Этымалагiчны слоўнiк сведчыць, што слова ў беларускую мову ўвайшло праз iдыш ад нямецкага rychtyg, што азначае «правiльны, патрэбны, сапраўдны».

Шапiк

Слова, якое замянiла сабою «кiёск», вельмi спадабалася беларусам: утульнае, смешнае, нагадвае пра шапку-дах. Цяпер часта можна пачуць пра «газетны шапiк» цi «прыдарожны шапiк». 

Няхай у дзень роднай мовы з вашых вуснаў прагучыць хаця б яшчэ адно новае прыгожае слова!

cultura@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Загрузка...