Заработал сайт, на котором можно заказать бесплатную поездку для детей с инвалидностью

Памерым дабро ў кiламетрах

Ганна ГЕРЫНА і Яна ўжо апрабавалі новы сэрвіс. Дарэчы, кіроўцаў для такіх выездаў падбіраюць ветлівых і карэктных.
Яны дапамагаюць выйсці з машыны, без праблем дастаюць з багажніка каляску.
З кропкі А ў кропку Б людзям з інваліднасцю перамяшчацца досыць складана. Мінчанін Дзмітрый Кухцін запусціў праект «Кіламетры дабрыні». На спецыяльным сайце кожны жадаючы можа «купіць» кіламетры, а імі потым скарыстаюцца дзеці з асаблівасцямі, каб дабрацца ў бальніцу, бібліятэку, да лагапеда ці ў кіно. Карэспандэнт «Р» высветліла падрабязнасці, як гэта будзе працаваць.

Няма машыны — ёсць клопат


Ганна Герына выходзіць з таксі. Разам з дачкой Янай яны тэсціруюць новы праект. Хтосьці аплаціў іх шлях — і сёння яны бясплатна на камфортнай машыне дабраліся з дома на дабрачынны канцэрт. Васьмігадовая Яна не часта выходзіць у свет. У яе рэдкае генетычнае захворванне — спінальная мышачная атрафія. Яе мышцы паступова «знікаюць». Ганна Герына расказвае, што спыніць гэты працэс немагчыма:

— У хворых з такім дыягназам мышцы, як у нованароджаных дзяцей. Яны не тое што не развіваюцца, а нават атрафіруюцца з часам. На гэта нават моцныя эмоцыі ўплываюць. Яна заплакала — а я ўжо нервуюся, што слёзы паўплываюць на фізічны стан. Моцна засмяялася — таксама. Яшчэ год таму Яна магла ўзяць са стала напоўнены кубак, а сёння для яе гэта як падняць штангу. Галава стала падаць — цяжка яе ўтрымаць.

Дзяўчынка не толькі спакойна слухае аб сваім захворванні, але і гаворыць аб ім:

— Я некалькі разоў з каляскі звалілася. А ведаеце чаму? Мне падабаецца садзіцца на самы край і дакранацца да зямлі ножкамі. Мне здаецца, што я іду. І ўнутры — столькі радасці. Уяўляеце: я і іду! Некалькі разоў мае хаджэнні заканчваліся акрабатычнымі нумарамі ўжо на падлозе.

Яна — дзяўчынка развітая. Яе мама смяецца: «З дачкой вы можаце і пра планеты, і пра сэнс жыцця пагаварыць». Чытаць не любіць, а вось глядзець пазнавальныя праграмы і блогі — з вялікім задавальненнем. Для яе выхад кудысьці — падзея, магчымасць пашырыць межы, пагаварыць з іншымі дзецьмі. Але ж калі ў сям'і няма машыны, то вывозіць дзіця з інваліднасцю — даволі клапотная справа.

У дапамогі ёсць мэта


Дзмітрый Кухцін, арганізатар праекта «Кіламетры дабрыні», тлумачыць:

— Напрыклад, прыватнае таксі нярэдка адмаўляе людзям з інваліднасцю, асабліва тым, хто на калясцы. Яшчэ існуе дзяржаўная служба сацыяльнага таксі. Яна арыентавана не толькі на дзяцей, але і на пажылых, і людзей з інваліднасцю. І колькасць карыстальнікаў такой паслугі велізарная. Таму ёсць абмежаванні па колькасці паездак, заказ трэба размяшчаць загадзя. Даехаць з яе дапамогай у асноўным можна ў медыцынскія ўстановы. У Мінску каля 10 тысяч сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей з асаблівасцямі развіцця. У іх ёсць патрэба ў перамяшчэнні па горадзе для наведвання ўрачоў, мерапрыемстваў… Вось чаму я вырашыў аказваць мэтанакіраваную дапамогу менавіта такім сем'ям.

Дзмітрый КУХЦІН яшчэ да стварэння праекта бясплатна падвозіў сем'і, дзе выхоўваюць дзетак з інваліднасцю.

Па зніжаным тарыфе


На сайце kilometry.by ўжо зарэгістраваліся 47 сем'яў, дзе выхоўваюць дзяцей з асаблівасцямі, а таксама больш за 50 дабрачынцаў. Як гэта працуе? Любы з нас можа «купіць» кіламетры, якімі потым скарыстаюцца дзеці з асаблівасцямі, каб дабрацца ў бальніцу, бібліятэку, да лагапеда ці ў кіно. Абмежаванняў па пунктах прызначэння няма. Адзін кіламетр каштуе ў сярэднім 70 капеек — Дзмітрый дамаўляецца са службамі таксі аб аплаце па спецыяльна зніжаных тарыфах. Сайт пакуль працуе на збор заявак, але яшчэ не можа прымаць аплату анлайн. Пакуль на кіламетры можна ахвяраваць, завітаўшы ў офіс праекта. Але ўсё афіцыйна — чалавеку выдадуць квітанцыю.

Дзмітрый з натхненнем гаворыць аб перспектывах:

— Ужо цяпер перамяшчэнне арганізуем з дапамогай лепшых службаў таксі. Заяўку сем'і могуць падаваць літаральна ў дзень мерапрыемства. Але наша задача, каб сэрвіс быў такім жа мабільным, як звычайнае таксі. У планах — дасылаць дабрачынцам справаздачу пра паездку і расказваць дзіцяці пра яго памочніка.

Стваральнік праекта ставіць сабе амбіцыйныя мэты. Яго задача, каб праз год усе асаблівыя дзеці Мінска карысталіся такім сэрвісам, а праз два — у гарадах з насельніцтвам больш за 50 тысяч.

Праект запусцілі толькі ў красавіку, а ўжо 700 кіламетраў ззаду — менавіта столькі ўжо праехалі бясплатна дзеці з інваліднасцю.

Кампетэнтна


Ева Зубкоўская, галоўны спецыяліст упраўлення дзяржаўнай сацыяльнай падтрымкі насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны:


— Мы бачым пазітыўную з'яву, калі людзі не толькі прыдумваюць, але і самі бяруцца за рэалізацыю сацыяльных праектаў. Дапамога сем’ям у дастаўцы дзетак з інваліднасцю — выдатная ідэя. Добра, што такія праекты, вузканакіраваныя, у дадзеным выпадку арыентаваныя на дзяцей з інваліднасцю, узнікаюць не толькі па ініцыятыве дзяржаўных органаў, але і па ініцыятыве неабыякавых людзей.

На ўзроўні дзяржавы паслугу сацыяльнага таксі арганізуюць органы мясцовага кіравання і самакіравання. Яны вызначаюць парадак, умовы арганізацыі прадастаўлення транспартных паслуг, а таксама катэгорыі грамадзян, якія маюць права карыстацца такой мерай сацыяльнай падтрымкі. Цяпер такая паслуга прадастаўляецца ў Мінску, Гомелі і Гродне. У планах, кіруючыся Дзяржаўнай праграмай аб сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці на 2016—2020 гады, развіваць гэтую паслугу і далей.

Дзіяна Дзямiдава, начальнік упраўлення сацыяльнай падтрымкі насельніцтва камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама, тлумачыць, як арганізавана дзяржаўная служба сацыяльнага таксі ў Мінску:


— Паслуга сацыяльнага таксі існуе з 2011 года. І яна сапраўды вельмі запатрабаваная. За мінулы год выканалі 49 тысяч заявак для больш як 4 тысяч людзей. У гэтым годзе за чатыры месяцы — 22 тысячы заявак.

На бясплатнай аснове транспартныя паслугі робім людзям з інваліднасцю I групы; тым, хто перамяшчаецца на інваліднай калясцы; дзецям з інваліднасцю да 18 гадоў, а таксама непрацуючым з інваліднасцю II групы, старэйшым за 70 гадоў, памер пенсіі якіх не перавышае 1,5 бюджэту пражытачнага мінімуму (БПМ). На ўмовах частковай аплаты (у памеры 15 працэнтаў базавай велічыні) — непрацуючым інвалідам II групы, старэйшым за 70 гадоў, памер пенсіі якіх перавышае 1,5 БПМ.

Паслуга прадастаўляецца ў парадку чарговасці паступлення заявак. Чалавека забіраюць па месцы яго жыхарства, падвозяць да аб'ектаў сацыяльнай інфраструктуры ў межах Мінска і Мінскага раёна, а потым прывозяць назад. Па колькасці паездак ёсць абмежаванні.

Удакладню, куды можна даехаць на сацыяльным таксі. Ва ўстановы аховы здароўя, у аздараўленчыя і рэабілітацыйныя комплексы і цэнтры (па накіраваннях устаноў аховы здароўя), аптэкі, рознічныя гандлёвыя аб'екты па рэалізацыі нехарчовых тавараў, на аб'екты бытавога абслугоўвання, у арганізацыі, якія прадастаўляюць жыллёва-камунальныя паслугі, натарыяльныя канторы (натарыяльныя бюро), юрыдычныя кансультацыі, на вакзалы, у аэрапорт, банкі, арганізацыі сувязі, дзяржаўныя органы, ТЦСАН, арганізацыі культуры (музеі, тэатры, кінатэатры, выставачныя залы і іншыя), месцы правядзення культурна-масавых і спартыўных мерапрыемстваў.

azanovich@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter