«Палымянскі» шлях

«Полымя» адзначае 90-годдзе, а потым выхад нумара № 1000

Старэйшаму беларускаму літаратурна-мастацкаму і грамадска-палітычнаму выданню — часопісу «Полымя» — 90 гадоў. Сённяшняя размова «Р» з яго галоўным рэдактарам, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы Мiколам Мятлiцкiм

— У назве вашага часопіса — агонь, азарэнне...

— І гэта невыпадкова: часопіс «Полымя» з’явіўся на хвалі нацыянальнага адраджэння. Першы нумар старэйшага літаратурна-мастацкага выдання краіны ўбачыў свет у снежні 1922 года. У склад рэдкалегіі ўваходзілі Цішка Гартны, Змітрок Бядуля, Усевалад Ігнатоўскі... Непасрэдны ўдзел у стварэнні часопіса прымалі народныя песняры Янка Купала і Якуб Колас, якім на той час было ўсяго па сорак гадоў — творчы росквіт!

У 1932 годзе на чале рэдакцыі становіцца Платон Галавач, вядомы дзяржаўны дзеяч і цудоўны пісьменнік, былы намеснік наркама асветы БССР. На жаль, кіраваць часопісам Галавачу давялося ўсяго толькі год. Ён быў вызвалены ад абавязкаў, рэпрэсіраваны і трагічна загінуў у 1937 годзе.

На змену Галавачу ў 1933 годзе ў «Полымя» прыйшоў Міхась Лынькоў. Да вайны ён паспеў шмат зрабіць для беларускай літаратуры і, што не менш важна, даў чытачу магчымасць адкрыць для сябе творчасць Кузьмы Чорнага, Міхася Зарэцкага...

— Як вядома, у перыяд Вялікай Айчыннай вайны часопіс перапыніў свой выхад і аднавіўся ў студзені 1945 года распараджэннем Савета Міністраў СССР. Рэдакцыю ўзначаліў Пятрусь Броўка, у склад рэдкалегіі ўвайшлі былыя франтавікі і партызаны.

— Вяртанне «Полымя» было яшчэ адным сведчаннем сілы духу нацыі: краіна ўзнімалася з руін разам з попытам на вартасную літаратуру. Наклад першага пасляваеннага нумара — пяць тысяч экзэмпляраў, на старонках яго — як вядомыя аўтары, так і імёны новых творцаў. Якраз у гэты перыяд у часопісе друкуюцца «Глыбокая плынь» Івана Шамякіна, «Мінскі напрамак» Івана Мележа. Іх галоўныя героі — сучаснікі чытача...

З 1948-га па 1966 год «Полымя» ўзначальвае Максім Танк. Народны паэт Беларусі шмат робіць для значнасці беларускай літаратуры ў кантэксце свету і для адраджэння гістарычнай тэмы. Гэтых накірункаў часопіс імкнецца прытрымлівацца і ў далейшым, аб чым сведчаць шэраг публікацый Янкі Брыля, Уладзіміра Караткевіча, літаратурныя пераклады і творчыя камандзіроўкі беларускіх пісьменнікаў у іншыя краіны.

— А як сёння «Полымя» развівае тыя добрыя традыцыі?

— Свет багаты і цікавы, слова адкрывае яго, пашырае духоўныя межы і збліжае народы. «У лучнасці братняй», «Галасы свету» — пастаянныя рубрыкі, пад якімі мы друкуем пераклады класікаў і сучасных пісьменнікаў замежжа. На гэтым шляху нас чакае яшчэ нямала адкрыццяў, пра што сведчаць пераклады з кітайскай мовы і новыя адрасы сяброўства.

— У культурным і літаратурным асяродку ва ўсе часы пра сябе ўпэўнена і адметна заяўляе моладзь. Які ён зараз, малады твар часопіса «Полымя»?

— Наша моладзь — дасведчаная, дасціпная, таленавітая. Радуе, што з дэбютаў на старонках менавіта нашага выдання пачаўся творчы шлях у літаратуру многіх маладых аўтараў, сярод якіх паэты, празаікі, драматургі, крытыкі...

Упэўнена заявілі пра сябе на літаратурнай ніве Рагнед Малахоўскі, Алесь Бараноўскі і Алег Лойка — унук нашага слыннага паэта. У краязнаўчай тэматыцы праявіліся здольнасці Ігара Аўласенкі і Алеся Яфімава. Маладыя аспіранты ахвотна прапануюць часопісу свае даследаванні, рэцэнзіі. І тут важна падкрэсліць вось што: старэйшыя супрацоўнікі «Полымя» заўсёды вельмі клапатліва і добразычліва ставіліся да прац маладых аўтараў!

— За 90 гадоў часопіс «Полымя» стаў своеасаблівай візітнай карткай нашай краіны, знакам якаснай літаратуры, выданнем адметным, грунтоўным, можна нават сказаць — акадэмічным…

— Нядзіва. З Нацыянальнай акадэміяй навук у нас самыя прыязныя адносіны. Мы праводзім сумесныя канферэнцыі, круглыя сталы. З апошніх можна адзначыць тыя, што былі прысвечаны юбілеям старажытнага Полацка і Навагрудка, Грунвальдскай бітве. Як паказвае жыццё, гістарычны і літаратурны аспекты непарыўныя ў часе. А што датычыць менавіта беларускай літаратуры, то яна — адна з самых гуманных літаратур свету. Яе досвед і вопыт могуць стаць духоўнай дамінантай.

Дарэчы, наперадзе наш часопіс чакае яшчэ адна значная дата: выхад у свет тысячнага нумара! Адбудзецца гэта зусім хутка, у лютым. Вось такі ён, наш «Палымянскі» шлях…

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter