Палявая пошта.

Хто шукае: Валянціна Аляксееўна Рачыцкая (Рэчыцкая), Гомель
Каго шукае: Міхаіла Аляксеевіча Барэйшу
Валянціна Рачыцкая (Рэчыцкая), у дзявоцтве Барэйша, ураджэнка вёскі Цёмны Осаў Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці, а зараз жыхарка горада Гомеля, шукае свайго брата Міхаіла Аляксеевіча Барэйшу, 1926 года нараджэння, ці яго родных. Міхаіл Аляксеевіч раней жыў у пасёлку Міжчэрынск ля горада Самары у Расіі.

Хто шукае: Яўгенія Андрэеўна Сіліч, Барысаў
Каго шукае: Паўла Яўхімавіча Еўпака
“Дапамажыце, калі ласка, даведацца пра ваенны лёс майго дзядзькі Паўла Еўпака, — звяртаецца Яўгенія Андрэеўна. — Ён нарадзіўся ў вёсцы Баяры Чашніцкага раёна на Віцебшчыне. У сям’і было шэсць дачок і ён, адзін сын. Затым дзядзька Павел жыў у Барысаве, працаваў на фабрыцы, на якой выраблялі запалкі. У маі 1941 года яго прызвалі на службу ў армію. Хутка, як ведаем, пачалася вайна. Пасля ваеннага ліхалецця Павел Яўхімавіч Еўпак дамоў не вярнуўся. Родныя атрымалі паведамленне, што ён прапаў без вестак ва Усходняй Прусіі”.

Хто шукае: Валянціна Міхайлаўна Васіленка, Магілёўская вобласць
Каго шукае: Рамана Міхайлавіча Васіленку
У гады Вялікай Айчыннай вайны родны брат Валянціны Міхайлаўны Раман Васіленка, прыкладна 1914—1916 г.н., працаваў у Данбасе, адтуль пайшоў на фронт. І прапаў без вестак. “Калі быў яшчэ жывы наш бацька, пісаў і ў Данбас, і ў Маскву, шукаў звесткі пра Рамана, але безвынікова”, — піша чытачка.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter