Палявая пошта.

Хто шукае: Уладзімір Трафімавіч Волкаў, Гродна.
Каго шукае: звесткі пра Пятра Трафімавіча Волкава.
“Калі магчыма, дапамажыце, калі ласка, даведацца пра лёс брата, Пятра Трафімавіча Волкава, 1924 года нараджэння, які жыў у вёсцы Пальмінка Гарадоцкага раёна Віцебскай вобласці, — піша Уладзімір Трафімавіч. — З 4 жніўня 1942 года Пятро быў у партызанскім атрадзе брыгады імя Кутузава, якая дзейнічала ў Гарадоцкім раёне. У пачатку 1943 года, пасля цяжкіх баёў з карнікамі, атрад злучыўся з часцямі Чырвонай Арміі. Больш звестак пра брата ў мяне няма. Канешне, шмат гадоў мінула, і ўсё ж, магчыма, ёсць хто жывы з партызанскага атрада, у якім быў Пётр. Можа, адгукнуцца людзі, якія ведаюць пра яго лёс, дзе ён загінуў, пахаваны”.

Хто шукае: Дзіна Антонаўна Кудзіна, Салігорск.
Каго шукае: Лідзію Дзям’янаўну Дзяменцьеву.
“Дапамажыце, калі ласка, знайсці былую сувязную партызанскага атрада, Лідзію Дзям’янаўну Дзяменцьеву, — піша Дзіна Антонаўна. — Яна раней жыла ў горадзе Талачыне на Віцебшчыне, і ўжо гадоў пяць, здаецца, жыве ў Мінску. Лідачка! Дарагая! Адгукніся”.

Хто шукае: Ядвіга Фёдараўна Ганчар, Мазыр.
Каго шукае: Фёдара Смірнова.
“Шукаю звесткі пра дзядулю, які ў 1917 годзе ў складзе арміі ішоў праз вёску Малая Раёўка Капыльскага раёна Мінскай вобласці. Пасля гэтага ў лютым 1918 года нарадзіўся мой бацька, які пра свайго бацьку ведае толькі тое, што звалі яго Фёдар Смірноў, — піша Ядвіга Фёдараўна. — Хачу знайсці яго родных, даведацца пра свае карані”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter