Палявая пошта.

Хто шукае: Надзея Ціханаўна Сіманенка, Орша
Каго шукае: Ягора Пятровіча Клімянкова
“Паважаныя супрацоўнікі перадачы “Помні імя сваё”, Надзеі Ціханаўне зараз ужо 89 гадоў, — пішуць родныя жанчыны. — Яна пасля вайны доўга спрабавала адшукаць месца пахавання свайго дзядзькі Ягора Пятровіча Клімянкова, аднак безвынікова. Можа, вы дапаможаце? Ягор Пятровіч Клімянкоў нарадзіўся ў 1896 годзе ў вёсцы Башары Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці. Радавы 6-га палка аховы штаба Заходняга фронту Клімянкоў прапаў без вестак у 1941 годзе. Магчыма, дзе-небудзь захаваліся звесткі пра яго, паведамце, калі ласка”.

Хто шукае: Надзея Балайса
Каго шукае: Рыгора Міхайлавіча Балайсу
“Усё жыццё матуля пражыла адна, — пачынае сваё пісьмо чытачка. — Мой бацька Рыгор Міхайлавіч Балайса загінуў у вайну. Адзін яго знаёмы расказваў, што яны трапілі ў палон і былі вывезены ў горад Вестфэльм (Германія). Працавалі на фарфоравай фабрыцы. Бацька некалькі разоў спрабаваў збегчы, але яго лавілі, потым здзекаваліся. У 1953 годзе да нас прыйшло пісьмо з горада Лодзь ад Эмы (ці Алены) Генрых. Яна пісала, што бацька загінуў на шахце разам з некаторымі гарнякамі. Я тады была ў сёмым класе, маці схавала ад мяне гэта пісьмо. Больш я нічога не ведаю. Зараз маёй матулі Таццяне Іванаўне Балайсе 89 гадоў. І яна ўсё жыццё чакала хоць вестачку ад бацькі.

Хто шукае: Галіна Міхайлаўна Мірошнікава
Каго шукае: Міхаіла Давыдавіча Макаранкава
“У чэрвені 1941 годзе мой бацька Міхаіл Макаранкаў знаходзіўся на зборах у ваенным Паўднёвым гарадку ў Брэсце, — расказвае Галіна Міхайлаўна. — 22 чэрвеня пачалася Вялікая Айчынная вайна. Бацька дадому пісьмаў не пісаў. Магчыма, ён загінуў у першыя дні вайны. Можа, захаваліся дзе-небудзь звесткі пра тых, хто праходзіў ваенную падрыхтоўку ў чэрвені 1941 года ў Паўднёвым гарадку ў Брэсце”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter