Палявая пошта.

Хто шукае: Наля Паўлаўна Заўялава (у дзявоцтве Піталенка), Віцебск.
Каго шукае: Васіля Паўлавіча Піталенку.
“Я ўраджэнка вёскі Шаркі Сенненскага раёна (раней — Багушэўскага), — так пачынае свой ліст жанчына. — Мой брат — Васіль Паўлавіч Піталенка, 1923 года нараджэння. Да вайны ён жыў у Віцебску, закончыў фабрычна-заводскую школу па спецыяльнасці сталяр. Яго накіравалі працаваць у Чалябінск. Туды ён паехаў 10 чэрвеня 1941 года. Прыслаў некалькі лістоў, дзе апісваў мясціны, якія праязджаў. Абяцаў пісаць, калі прыедзе ў Чалябінск, але больш ад яго лістоў не было. Пазней прыйшло паведамленне з Віцебскага ваенкамата, што Васіль загінуў, а дзе — невядома. Мару даведацца, за які горад ён змагаўся, дзе напаткала варожая куля і месца яго пахавання”.

Хто шукае: Кацярына Сямёнаўна Журко, Наваполацк.
Каго шукае: звесткі пра бацьку Сямёна Віктаравіча Каваленку.
“Татка нарадзіўся ў 1910 годзе ў вёсцы Казьяны Ушацкага раёна Віцебскай вобласці, — паведамляе Кацярына Сямёнаўна. — На фронт быў накіраваны ў першыя дні вайны. Маці расказвала, што ў хуткім часе да нас прыйшоў мужчына і сказаў ёй, каб прынесла цывільнае адзенне бацьку, бо ён знаходзіцца ў палоне ў горадзе Полацку. Адпускаюць тых, хто адзеты не ў вайсковае. Маці адразу пайшла туды. Яна перадала татку адзежу. Той сказаў, што хутка вернецца. Мы ўвесь час чакалі яго, але ён не прыйшоў. Хачу даведацца, што здарылася з ім, які лёс напаткаў усіх палонных таго лагера. Пасля вайны маці шукала бацьку. Усюды быў адказ адзін: прапаў без вестак”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter