Палявая пошта.

Хто шукае: Вольга Ільінічна Ларчык, Салігорск.
Каго шукае: звесткі пра Вольгу Фёдараўну Чыжык.
Вольга Ільінічна шукае звесткі пра сваю маці Вольгу Фёдараўну Чыжык, 1904 года нараджэння, якая да чэрвеня 1943 года жыла ў вёсцы Вялікая Сліва Слуцкага раёна Мінскай вобласці. Вольгу Фёдараўну, яе мужа Андрэя Сцяпанавіча Чыжыка, 1903 года нараджэння, і іх васьмярых дзяцей забралі ў слуцкую турму за дапамогу партызанам. Яны разам прабылі тры тыдні. Потым дзяцей адпусцілі, а бацькоў перавялі ў мінскую турму, пазней — у лагер на вуліцы Бакуніна. Андрэя Сцяпанавіча хутка адпусцілі, а пра лёс Вольгі Фёдараўны нічога невядома.

Хто шукае: Віталь Аркадзьевіч Бацвіннеў, Мінск.
Каго шукае: звесткі пра Міхаіла Рыгоравіча Філімонцава.
Віталь Аркадзьевіч марыць даведацца пра ваенны лёс свайго дзядулі па лініі маці. Палітрук, старшы лейтэнант Міхаіл Рыгоравіч Філімонцаў, 1912 года нараджэння, быў у складзе 212-га стралковага палка 49-й стралковай дывізіі. Прапаў без вестак у першы месяц фашысцкай навалы.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter