Палявая пошта.

Хто шукае: Любоў Рыгораўна Крук.
Каго шукае: магілу Рыгора Васільевіча Бяляцкага.
“Хачу даведацца, дзе пахаваны мой бацька, Рыгор Васільевіч Бяляцкі, — піша Любоў Рыгораўна. — Ён нарадзіўся ў Клімавічах у 1898 годзе. Загінуў на вайне. У пахавальнай было напісана: загінуў 12 лютага 1945 года. Пахаваны ў вёсцы Мераслаў “Польскі калідор”. Калі маці мая была жывая, бачыла адзін і той жа сон, што бацька не памёр, недзе жыве ў вялікім горадзе. Але ж гэта толькі сон... Хачу даведацца, дзе ж знаходзіцца тая вёска Мераслаў “Польскага калідора”. Можа, там ёсць брацкія могілкі савецкіх салдат”.

Хто шукае: Ганна Іванаўна Макаўчык, Мінск.
Каго шукае: звесткі пра Івана Аляксандравіча Ягеню.
“Я адшукваю роднага чалавека, які прапаў у вайну, — бацьку Івана Аляксандравіча Ягеню, 1910 года нараджэння, — паведамляе чытачка. — Ён прызываўся на фронт з Азёрскага сельсавета Уздзенскага раёна. Дадому не вярнуўся. Прыйшло толькі паведамленне, што Іван Аляксандравіч Ягеня праявіў геройства і мужнасць, быў забіты 27 жніўня 1944 года і пахаваны ў вёсцы Любеева Беластоцкай вобласці. Можа, хто ведае, дзе знаходзяцца брацкія могілкі ў вёсцы Любеева Беластоцкай вобласці. Буду вельмі ўдзячная”.

Хто шукае: Уладзімір Сцяпанавіч Крох, Пінскі раён.
Каго шукае: звесткі пра дзядзьку Мікалая Іванавіча Кроха.
“Мой дзядзька, Мікалай Іванавіч Крох, за два месяцы да Вялікай Айчыннай вайны быў прызваны на службу ў армію. У першыя дні вайны трапіў у варожы палон. Дадому больш ён не вярнуўся, — паведамляе Уладзімір Сцяпанавіч. — Я доўга шукаў дзядзечку, звяртаўся ў розныя ўстановы, але безвынікова”.

Хто шукае: Анастасія Іванаўна Патарына, Гомельская вобласць.
Каго шукае: братоў Адама Іванавіча і Іллю Іванавіча Патарыных.
“У мяне з Вялікай Айчыннай вайны не вярнуліся два браты. Яны былі родам з Краснапольскага раёна, з Магілёўшчыны, — паведамляе аўтар ліста. — Адама Іванавіча Патарына ў 1937—1938 годзе прызвалі на службу ў армію, адтуль і пайшоў на фронт. Прапаў без вестак. Ілля Іванавіч Патарын служыў у марфлоце, недалёка ад Ленінграда. У час Вялікай Айчыннай вайны ваяваў на Ленінградскім фронце, таксама прапаў без вестак. Вельмі хачу даведацца пра братоў”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter