Палявая пошта

Шукайце, і вы абавязкова знойдзіце!

Палявая пошта

Хто шукае: Генадзь Мікалаевіч Буры, Пінск.

Каго шукае: звесткі пра дзядулю Уладзіміра Рыгоравіча Бурага.

Генадзь Мікалаевіч Буры, 1963 года нараджэння, ураджэнец горада Пінска Брэсцкай вобласці, просіць дапамагчы адшукаць звесткі пра яго дзядулю Уладзіміра Рыгоравіча Бурага, 1909 года нараджэння, ураджэнца вёскі Рудзенка Мінскай вобласці. Ён да вайны жыў і працаваў старшынёй калгаса ў вёсцы Каменны Барок. У першыя дні вайны пайшоў на фронт. Больш ніякіх звестак пра яго далейшы лёс няма.

Хто шукае: Людміла Мікалаеўна Лысковіч (у дзявоцтве Кічкайла), Брэст.

Каго шукае: звесткі пра дзядулю Аляксея Мікалаевіча Мартысюка.

Людміла Мікалаеўна, 1965 года нараджэння, ураджэнка вёскі Белы Пясок Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці, зараз жыхарка горада Брэста, шукае звесткі пра свайго дзядулю Аляксея Мікалаевіча Мартысюка, 1910 года нараджэння, ураджэнца вёскі Ківачыны Пружанскага раёна. Амаль за месяц да пачатку вайны быў прызваны на палявыя зборы Шэрашаўскім ваенкаматам і знаходзіўся каля вёскі Пінкавічы. Пачалася фашысцкая навала, і больш пра яго ніякіх звестак не было.

Чакаем вестак ад родных

Хто шукае: Ефрасіння Кандрацьеўна Наркевіч, Вілейскі раён.
Каго шукае: брата Рыгора Кандрацьевіча Наркевіча.

“Я, Ларыса Дзмітрыеўна Кудрук, пішу ад імя Ефрасінні Кандрацьеўны Наркевіч, 1921 года нараджэння, ураджэнкі вёскі Ольшына Гродзенскай вобласці, жыхаркі пасёлка Стаўкі Вілейскага раёна, — чытаем у пісьме. — Яна марыць адшукаць свайго брата Рыгора Кандрацьевіча Наркевіча, 1923 года нараджэння. У 1947 годзе ён пасля арміі паехаў у горад Вентспілс (Латвійская ССР). У Латвіі жыве таксама пляменнік Уладзімір Коласаў, сын сястры. З ім раней падтрымлівалася сувязь. Можа, ён што-небудзь ведае пра свайго дзядзьку. На апошні ліст Уладзімір не адказаў. Ён раней жыў па адрасе: Екабпілскі раён, Салскі сельсавет”.

Сябра маладосці

Хто шукае: Таццяна Іванаўна Ядчанка (Логвін), Маладзечна.
Каго шукае: аднакласнікаў.

У верасні 1961 года ўпершыню гасцінна адчыніла свае дзверы СШ № 1 горада Нароўлі. Сёлета школе спаўняецца паўстагоддзя. А тыя, хто прыйшоў першы раз у першы клас у новенькую навучальную ўстанову, вельмі хочуць сустрэцца праз 40 гадоў пасля яе заканчэння. Дапамагчы арганізаваць двойчы юбілейную сустрэчу просіць выпускніца 1971 года Таццяна Іванаўна Ядчанка (Логвін), якая цяпер жыве ў горадзе Маладзечне Мінскай вобласці.

Хто шукае: Марыя Дзмітрук, Лізавета Фралянкова, Валянціна Кучко, Камянец.
Каго шукае: Ію Шульгу, Уладзіміра Кісцюка (на фота) і Івана Самойліча (на фота).

“Мы, Марыя Ларывонаўна Дзмітрук, Лізавета Цярэнцьеўна Фралянкова, Валянціна Емяльянаўна Кучко, хочам знайсці былых аднакурснікаў: Ію Шульгу, Уладзіміра Кісцюка і Івана Самойліча, разам з якімі завочна вучыліся ў Брэсцкім педагагічным інстытуце і ў 1961 годзе закончылі гэту навучальную ўстанову”, — чытаем у лісце.

Хто шукае: Іна Леанідаўна Свірыдава, Мінск.

Каго шукае: бацьку Леаніда Аляксандравіча Свірыдава.

Свайго каханага Леаніда Аляксандравіча Свірыдава, 1926 года нараджэння, ураджэнца горада Сярова Свярдлоўскай вобласці, шукала Клара Паўлаўна Цэхановіч з горада Мінска. У 1953 годзе ён служыў у вёсцы Юрацішкі Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці. Клара Паўлаўна пісала, але адказу не атрымала. Родным яго таксама нічога не вядома. Клара Паўлаўна нарадзіла ад яго дачку Іну, якая ніколі не бачыла бацьку. А зараз мінчанка Іна Леанідаўна Свірыдава таксама звярнулася з просьбай адшукаць яе бацьку.

Хто шукае: Ганна Парфёнаўна Гусакова, Рагачоў.
Каго шукае: былога каханага Іосіфа Адамавіча Яскевіча (Яцэвіча).

Ганна Парфёнаўна Гусакова, 1937 года нараджэння, у сярэдзіне кастрычніка 1955 года прыехала працаваць у Надвоіцкую лясную прамысловую гаспадарку, участак Мед-Карушка. У хуткім часе яе прызначылі памочніцай повара. Вазіла абеды рабочым у лес. У той час там працаваў майстрам Іосіф Адамавіч Яскевіч (Яцэвіч), 1933 года нараджэння. Быў родам з Брэсцкай вобласці. Яны сябравалі. Калі закончыўся дагавор у Ганны, Іосіф прапанаваў ёй пажаніцца. Яна адмовіла. Паехала ў горад Гомель. Там пазнаёмілася з хлопцам і выйшла замуж. Так іх жыццёвыя шляхі разышліся. Зараз Ганна Парфёнаўна вырашыла паспрабаваць адшукаць свайго былога каханага.

Паважаныя чытачы, калі вы хочаце знайсці родных альбо блізкіх, дасылайце свае лісты на паштовы ці электронны адрас рэдакцыі info@ng.by  або тэлефануйце па нумары
287-19-32.
Пазначайце, калі ласка, у лістах свой паштовы адрас і нумар тэлефона.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter