Полелюм: клады в курганах, брусчатка помещика Ваньковича и охота на зайца - чем еще отличается деревня с неповторимым названием под Борисовом

Палялюм: вёска з сакрэтам

Паказальнікаў з дзіўнымі назвамі на дарогах і скрыжаваннях краіны шмат. На карце Барысаўскага раёна пад аграгарадком Забашавічы ёсць цікавы куток пад арыгінальнай назвай Палялюм. Даволі мілагучна, нечым нагадвае загадкавы хімічны элемент. А можа, гэтая назва паходзіць ад слоў «палі» і лацінскага lumine — святло?.. Чым думаць ды гадаць, лепей пазнаць гэтую кропку на карце і агледзець ваколіцы вёскі, каб вырашыць тапанімічны рэбус…



Брукаванымі сцежкамі

Дзмітрый Ліпніцкі, старшыня Глівінскага сельсавета, вязе нас да Забашавічаў і па дарозе ўдакладняе:

— Палялюм — гэта сёння невялікая дагледжаная вёсачка. Зараз, як кажуць у народзе, тут усяго два з паловай чалавекі пастаянна жывуць, а ў цёплую пару года дачнікі падцягваюцца. Два сталыя жыхары, браты Абрамавы, якія вярнуліся сюды да бацькоўскіх хат, не любяць гарадскога тлуму. А раней гэта было даволі вялікае сяло з панскай гісторыяй, вялiзным яблыневым садам, саўгасам, пачатковай школай… 

Бібліятэкар Марына Бык дэманструе юбілейнае выданне пра родны кут.

Са шчырай усмешкай сустракае нас бібліятэкар з суседняй вёскі Забашавічы Марына Бык. Кажа, што яе родны кут ужо адсвяткаваў 500-гадовы юбілей, і, зразумела, сусед Палялюм, які раней быў значна буйнейшым, таксама сустрэў шосты век нараджэння... Жанчына паказвае экспанаты сялянскага быту ў музеі побач і між іншым распавядае гісторыю гэтых мясцін, абапіраючыся на звесткі з перыёдыкі:

— Дакладна вядома, што ў ваколіцах Палялюма людзі жылі з даўніх часоў. Прасторныя палі існуюць тут не менш як тысячу год. Яны, дарэчы, і даюць падказку да «палявой» версіі паходжання назвы. А яшчэ ў мясцовасці было шмат курганоў. У 1875 годзе археолагі выявілі адну з самых адметных курганных знаходак на Барысаўшчыне. 

Мне ж цікава: што за рэшткі ад курганоў знайшлі ў ваколіцах сучаснага Палялюма? Аказваецца, гэта былі модныя для таго часу элементы вопраткі, вышытыя 40 прыгожымі залатымі пласцінамі розных памераў. Часткі багатага строю захаваліся ад вокіслаў караляў, якія складаліся з вялікіх бронзавых пацерак. Галуны з золатам былі выкананы з тканіны з тонкім дротам або з вузкімі палоскамі металу… 

Звычайна такая раскоша прышывалася да галаўных убораў, да вопраткі — на шыі і на грудзях. На жаль, курганы да нашага часу не захаваліся, бо вядома, што ў розныя часы прыцягвалі прагных да чужога багацця «капальнікаў» і проста аматараў гісторыі. 

Дарэчы, вёска Палялюм доўгі час была даволі заможнай, бо належала панам Ваньковічам. Сёння пад асфальтам, які месцамі прадзіравіўся, фрагментамі можна ўбачыць брукаваны панскі шлях, часткі якога знаходзяцца ў даволі добрым стане. Будавалі сяляне дарогу для сям’і памешчыка на вякі. Калі з фатографам выйшлі прагуляцца па вуліцы, насамрэч пераканаліся ў гэтым, але тупаем далей.

У Забашавіцкую школу штодзень прыязджаюць 83 вучнi з сямі вёсак.

Панскі фальварак, МТС, саўгас, спіртзавод…

Праглядаем каштоўныя нарысы, акуратна сабраныя Ігарам Валянцінавічам Доўгалем, настаўнікам гісторыі Забашавіцкай школы. На поўдзень ад Палялюма праходзіў адзін са шляхоў Вітаўта: на захад ішоў на Мінск, а на ўсход — да Бярэзіны. Палялюм быў адзначаны на карце захаду Расійскай імперыі, выдадзенай пад рэдакцыяй Ф. Шэберта ў перыяд 1820—1840 гадоў. Пры цару пункт быў пазначаны як Палядзееўка, так што тапанімічная легенда пра палі — самая магчымая.

Як казалі дагэтуль, гэтыя тэрыторыі да прыходу савецкай улады былі шматгадовай рэзідэнцыяй Ваньковічаў. Пры маёнтку дзейнічалі смаляное і шкіпінарнае прадпрыемствы, існавала нават вытворчасць жалеза. Былі ў пана, зразумела, і млын, і добрая кузня.


Мы знайшлi фрагменты брукаванкі Ваньковічаў.

У лiтаратурных успамінах дзяцінства Міхаіла Пашкевіча, 1895 года нараджэння, сельскага настаўніка, які ўнёс важкі ўклад у развіццё мясцовай школы, захаваўся запiс з дзённіка: «У канікулярны час, ад Вялікадня да Пакрова, хадзіў з хлопцамі-аднавяскоўцамі на працу ў маёнтак Палялюм, што належаў памешчыку Ваньковічу. Ён меў бровар, трымаў шмат малочнай і рабочай жывёлы. Сам пан болей пражываў за мяжой».

Потым мясціны перажылі класавыя рэформы, перавароты і рэвалюцыі… У пачатку 1930-х гадоў у Палялюме пабудавана МТС, пры якой да 1941 года вялося будаўніцтва спіртзавода. Запалала вайна. Дзякуй богу, немцы з-за актыўнасці мясцовых падпольшчыкаў у вёсцы не затрымаліся. З канца 1950-х тут быў створаны саўгас імя Чапаева. Пасля яго рэарганізацыі ў 1964 годзе ўтварыўся саўгас «Палялюм», які праз пяцігодку быў перанесены да Забашавічаў. Так паціху Палялюм стаў драбнець па колькасці насельніцтва…

Паляванне i рыбалка — захапленні ў цішы

Да вёскі сталых жыхароў — братоў — рукой падаць. Нас вітаюць у ранішнім Палялюме вясёлым брэхам тры ганчакі Аляксандра Абрамава. Мужчына ахвотна запрашае ў хату і расказвае пра сваё жыццё: скончыў у Мінску эканамічны iнстытут (сёння БДЭУ), працаваў у дзяржзабеспячэнні эканамістам, інжынерам на МАЗе, займаў розныя адказныя пасады ў прыватных арганізацыях. Гадоў пятнаццаць таму Аляксандр Мікалаевіч змяніў гарадскую прапіску на «палялюмскую», прыехаўшы сюды з жонкай Галінай. Займаецца рыбалкай, пчалярствам, палюе на зайца, лісу, кабана. У паляванні дапамагаюць сабакі Ірма, Рона і Кара. Гаспадар узгадвае:

— Раней сабак меў яшчэ болей. У бацькоў, якія тут пазнаёміліся, наогул была вялікая прага да працы. Конь, карова, куры, свінні — усё як трэба… У Палялюме маё дзяцінства прайшло да трэцяга класа. Дарэчы, дзед мой Максім Вайцяховіч быў фурманам у пана Ваньковіча.

Пенсіянер Аляксандр Абрамаў з любімым ганчаком.

А месца, дзе стаяла раней панская сядзіба, было папулярным у жыхароў і ў савецкія гады. «Кругам» называлася. У ім збіраліся моладзь і старэйшыя, каб абмяняцца навінамі. Былі магазін, сталоўка, буфет. 

— Памятаю, як сюды прывозілі бочкамі піва і мужыкі яго пасля працы куплялі. Ну і, безумоўна, мясцовай славутасцю быў спіртзавод, — усміхаецца Аляксандр Мікалаевіч і падміргвае. — Карацей кажучы, было ўсё для «шчаслівага» жыцця… 

Падтрымлівае негарадскі лад жыцця і Дзмітрый, малодшы брат Аляксандра Мікалаевіча. Ён пражывае з сям’ёй у Барысаве, але амаль штодзённа прыязджае ў Палялюм. Праўда, на момант размовы Дзмітрый ад’ехаў па справах і не змог падзяліцца сваімі ўспамінамі. 

Вялікая сям’я — калі больш за сем дзяцей

Напрыканцы сустрэчы суразмоўца ўспомніў гісторыю сваёй добрай бабулі Ганны, якая была вельмі адказнай, працавітай швачкай. Падчас вайны яна нават шыла для партызан. Мужчына кажа:

— Калі дзед загінуў на вайне, бабуля з дзвюма малымі дочкамі на руках другі раз выйшла замуж за ўдаўца Цімафея Кралькова, у якога было сваіх чацвёра. Яшчэ пяцярых агульных нарадзілі, так што дзетак было адзінаццаць. Вось дык сям’я! Маці мая пазнаёмілася з рускім хлопцам, тут яны і ажаніліся. Я нарадзіўся самым першым, нас у сям’і было чацвёра. Цяжкае пасляваеннае жыццё было. Бацькі ад ранку да поўначы клапаціліся пра дабрабыт. Мама працавала ў дзіцячым садку і магазіне, а тата быў добрым кавалём.

Пытаюся, як дзеці настроены на жыццё па-за мегаполісам, ці прыязджаюць у Палялюм. Пенсіянер прызнаецца:

— Мае дзве дачкі — адукаваныя самастойныя гараджанкі, якія аб’ездзілі ўвесь свет. Далёка не загадваю — вось дабудую дом побач з бацькоўскім, там пабачым…. Што да мяне, Палялюм — адзінае любае сэрцу месца. Паглядзіце, як тут светла і прывольна!

shimuk@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter