«Палячылі»...

«Медыкі» скралi ў пенсiнерак 2 мiльёны рублёў

Дзве чорнавалосыя мілавідныя жанчыны ў абедзенны час завіталі ў адзін з дамоў у вёсцы Крупец Добрушскага раёна, дзе жывуць 90- і 70-гадовая пенсіянеркі. Маладзіцы заявілі бабулям (адна з іх прыкавана да ложка) аб мэце свайго візіту: мы, медработнікі, праводзім абследаванне насельніцтва дома з мэтай прафілактыкі цяжкіх захворванняў. Адна з нечаканых візіцёраў размаўляла з выразным акцэнтам. «Медыкі» дасталі з сумак запісныя кніжкі і, імітуючы агляд пажылых жанчын, нешта ў іх запісвалі. Да таго часу, пакуль адна з пенсiянерак выпадкова не заўважыла, што ля яе ложка ў суседнім пакоі мільгануў падазроны цень.

Як паведаміў «Р» оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку Добрушскага РАУС Іван Чысцік, пажылая жанчына ўпэўнена, што гэта была трэцяя з брыгады «медыкаў». Прычым, як толькі бабуля выказала гасцям свае падазрэнні, «медагляд» тут жа завяршыўся.Маладзiцы імгненна пакінулі вясковую хату, пасля чаго на падлозе ля свайго ложка гаспадыня ўбачыла ўласную насоўку, у якой пад матрацам трымала агульныя зберажэнні на будучыя рытуальныя паслугі для сябе і сваёй таварышкі. На той момант у схованцы было два мільёны рублёў, грошы жанчыны рэгулярна адкладвалі з пенсіі. Давядзецца, відаць, пажылым вяскоўцам пражыць яшчэ доўга. Тых жа, хто такім ганебным чынам «паклапаціўся» пра іх здароўе, зараз шукаюць міліцыянеры.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter