Палкоўнiк з гiтарай

Калі б не ваенная форма з пагонамі лётчыка-знішчальніка марской авіяцыі, то можна было б памылкова сцвярджаць, што гэты чалавек скончыў знакамітае музычнае вучылішча імя Гнесіных ці кансерваторыю па класе вакала. Але на самай справе – ні тое ні другое. Любімец усяго Віцебска – ветэран Вялікай Айчыннай вайны, палкоўнік у адстаўцы Юрый Салаўёў, кавалер шасці баявых ордэнаў і васемнаццаці медалёў! У гэтыя дні “паветраны сокал” з рамантычным і нібы падараваным для эстрады прозвішчам адзначае сваё 80-годдзе. Юрыя Якаўлевіча проста немагчыма не любіць. Асабліва калі ён бярэ ў рукі сваю неразлучную сяброўку – сяміструнную гітару. Багаты рэпертуар лірычных песень, рамансаў, твораў ваеннай тэматыкі, знаёмых мільёнам, спяваючы ветэран выконвае настолькі бліскуча і прафесійна, што яму і ў падмайстры не прыгодныя іншыя сучасныя “прафесіяналы”. Нездарма Юрый Якаўлевіч доўгі час кіраваў калектывамі мастацкай сама-дзейнасці Віцебскага завода электравымяральных прыбораў, узначальваў Палац культуры ўпраўлення бытавога абслугоўвання насельніцтва і нават з’яўляецца салістам Віцебскай абласной філармоніі. Карацей кажучы, залаты голас Юрыя Салаўёва не сорамна параўнаць з натуральнымі салаўінымі трэлямі. Прыемна паведаміць, што ўдзел палкоўніка з гітарай быў уключаны ў праграму святочнага віншавання ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны ў час прыбыцця ў Віцебск сумеснай экспедыцыі газеты “Рэспубліка” і тэлеканала АНТ “ОСВОБОЖДЕНИЕ: Победа. Память. Патриотизм”. Калі на сцэне ветэран вайны Юрый Салаўёў, то ў зале плачуць ад радасці і захаплення, доўга не адпускаюць і апладзіруюць стоячы! Газета “Рэспубліка” таксама віншуе вас, дарагі Юрый Якаўлевіч, з 80-годдзем, схіляецца перад вашым “салаўіным” талентам і залічвае ганаровым членам экіпажа яхты як палкоўніка марской авіяцыі!
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter