Палессе склікае сяброў

У Петрыкаўскім раёне 24 верасня пройдзе IV Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый
У Год культуры цэнтрам аўтэнтычнай культуры стане аграгарадок Ляскавічы, што ў Петрыкаўскім раёне. Прыпяцкае Палессе да нашых дзён захавала ў незвычайна багатым выглядзе рысы самабытнай культуры палешукоў — народныя святы, абрады, фальклор, рамёствы.


Фота Алега Белаусава

Урачыстае адкрыццё фестывалю “Кліч Палесся” адбудзецца на галоўнай сцэне. Гасцям прэзентуюць і ўнікальную традыцыйную музычную культуру Палесся, і культурныя брэнды Гомельшчыны: міжнародны фестываль харэаграфічнага мастацтва “Сожскі карагод”, міжнародны фестываль юных талентаў “Зямля пад белымі крыламі”, рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва “Берагiня”, рэспубліканскі фестываль народнага гумару “Аўцюкі”, рэгіянальны фестываль гарманістаў “Грай, гармонiк” і іншыя.

— У гэтым годзе мы вырашылі прадставіць дзейства ў выглядзе адной вёскі, дзе кожная вуліца будзе перадаваць свой этнакультурны абрад, напрыклад, выдачу дзяўчыны замуж, — паведаміла начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама Ірына Даўгала. — Акрамя таго, упершыню пройдзе фестываль юных майстроў “Перазвон талентаў”, дзе яны не толькі прадэманструюць розныя віды дэкаратыўна-прыкладной творчасці, але і будуць вучыцца рамёствам у тых, хто мае вялікі вопыт у гэтай справе.

Фестываль захаваў статус міжнароднага — удзел у ім возьмуць госці з Расіі, Украіны, Літвы, Малдовы і Польшчы. І калі ваша сэрца адгукнулася на “Кліч Палесся” — паспяшайцеся на свята. Сумна не будзе!

Алена Парфіяновіч

infong@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter