Палессе кліча да вытокаў

Удзельнікі і госці фестывалю “Кліч Палесся” пазнаёмяцца з унікальнай культурай палешукоў і яе носьбітамі

Удзельнікі і госці фестывалю “Кліч Палесся” пазнаёмяцца з унікальнай культурай палешукоў і яе носьбітамі

Нягледзячы на тое, што фестываль этнаграфічных культур “Кліч Палесся”, які пройдзе 24—25 жніўня ў аграгарадку Ляскавічы Петрыкаўскага раёна, адбудзецца толькі другі раз, ён абяцае стаць незабыўным святам для яго шматлікіх удзельнікаў і гасцей. Менавіта ў гэтыя дні тут разгорнецца сапраўдны культурны гарадок, “жыхары” якога спяваюць старадаўнія народныя песні, плятуць лапці, куюць падковы і вырабляюць гліняныя гаршчкі.

Сёлета ўдзельнікамі фестывалю стануць заслужаныя аматарскія і прафесійныя калектывы — выканаўцы і захавальнікі народнай палескай культуры, майстры і рамеснікі з Гомельскай і Брэсцкай абласцей, ганаровыя госці з замежжа — з Расіі, Украіны, Польшчы. Для гледачоў падрыхтавана шмат канцэртаў на любы густ, на якіх можна і паспяваць, і патанчыць. А найбольш цікаўныя змогуць паўдзельнічаць таксама і ў майстар-класах па вырабе глінянага посуду і іншых рэчаў.

 — Палеская культура вельмі багатая і ўнікальная, таму ўсе запланаваныя фестывальныя мерапрыемствы накіраваны на тое, каб бліжэй пазнаёміць удзельнікаў і гасцей з гэтымі традыцыямі, — гаворыць начальнік упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Беларусі Вадзім Шчэрбіч. — Тут сапраўды ёсць на што падзівіцца: палешукі — народ вельмі крэатыўны, таму і праграма абяцае быць насычанай і цікавай. Тут таксама пройдуць выставы дзіцячай творчасці, а мясцовыя модніцы прадэманструюць адзенне, аснова якога — дары прыроды. А яшчэ палешукі добразычлівыя і вясёлыя: ніводзін удзельнік гэтага фестывалю не засумуе.

Акрамя таго, у святочныя дні непадалёк ад асноўнага месца дзеяння разгорнецца этнаграфічны лагер “Летнік на Петрыкаўшчыне”, які збярэ разам практыкуючых фалькларыстаў і этнографаў — студэнтаў беларускіх вышэйшых навучальных устаноў. У час экспедыцыі ўдзельнікі сустрэнуцца з мясцовымі носьбітамі фальклору — жыхарамі вёсак Галубіца, Конкавічы, Міхедавічы Петрыкаўскага раёна, пазнаёмяцца з элементамі традыцый рэгіянальнай культуры, правядуць майстар-класы. Увесь сабраны каштоўны матэрыял будзе змешчаны ў адным зборніку.

Таксама ў рамках фестывалю запланавана навукова-практычная канферэнцыя “Традыцыйная культура Палесся і сучасны свет”, у якой прымуць удзел спецыялісты народнай традыцыйнай культуры, этнографы, фалькларысты, гісторыкі і культуролагі, мастацтвазнаўцы, навукоўцы з Беларусі, Расіі, Украіны і Польшчы.

У гэты ж час — з 15 па 25 жніўня — на тэрыторыі Нацыянальнага парку “Прыпяцкі” дзейнічае пленэр майстроў драўлянай скульптуры “Драўляны цуд”, дзе дэманструюць сваё майстэрства дзевяць умельцаў-палешукоў. На працягу дзесяці дзён з дубовых бярвёнаў яны будуць вырабляць скульптуры, якія павінны адпавядаць пэўнай тэматыцы — “Маляўнічы свет Палесся”. Пасля завяршэння фестывалю яны застануцца ўпрыгожваць тэрыторыю гэтага парку.

У саміх жа Ляскавічах будуць арганізаваны тэматычныя падворкі, дзе можна будзе паспрабаваць самастойна раздзьмуць кавальскія мяхі ў печы, спячы хлеб, а таксама пакаштаваць мясцовыя стравы, прыгатаваныя па старадаўніх рэцэптах.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter