В столинском агрогородке Ремель прошел фестиваль лошади «Полесская нива-2022»

Палеская запражная грацыёзная

Столінскі аграгарадок Рамель сабраў гасцей і ўдзельнікаў шостага міжнароднага фестывалю коней «Палеская ніва — 2022»

На прасторнай лугавіне за сялянскімі сядзібамі цюкамі спрасаванай саломы абгарадзілі створаны па ўсіх правілах іпадром. Гасцей і ўдзельнікаў мерапрыемства столькі, што яблыку няма дзе ўпасці. З раніцы па асфальце, што вядзе да аграгарадка, цокалі капытамі коні розных парод, запрэжаныя ў адмыслова змайстраваныя павозкі, карэты, фаэтоны. Жыхары навакольных вёсак спяшаліся на спаборніцтва конных запрэжак. На Століншчыне многія гаспадары трымаюць на падворках вараных памочнікаў. Угоддзі сельгаспрадпрыемстваў апрацоўвае сучасная тэхніка. На прысядзібных участках, у цяпліцах вяскоўцы выкарыстоўваюць міні-агрэгаты. Але і коням хапае працы ў руплівых палешукоў. У тутэйшых запатрабаваныя гадаванцы конезавода ААТ «Палеская ніва». Толькі за апошні тыдзень з дзясятак іх раскупілі сяляне.


У 1998 годзе па ініцыятыве былога кіраўніка Мікалая Ажога створана конеферма. Менавіта тады ў Рамель па накіраванні прыехала працаваць малады
На шляху да фестывалю.
спецыяліст Марына Ярмоліч. Родам яна з далёкага Краснаярскага краю. Беларусь стала яе другой радзімай. Марына Юр'еўна заўзята ўзялася за справу. З года ў год павялічваўся табун. Эканамічна моцная гаспадарка выдзяляла значныя сродкі на набыццё элітных жывёл. Пераабсталёўваліся ў стайні пустуючыя памяшканні. Рамельскія гадаванцы неаднаразова станавіліся прызёрамі розных выстаў. Некаторыя з іх пачалі ўдзельнічаць у конных спаборніцтвах і паказваць высокія вынікі. У 2005 годзе экспертная камісія Мінсельгасхарча пры атэстацыі надала конеферме статус племянной.

Коні сталі брэндам Рамля. Невялікая ферма рэфармавана ў конезавод з поўным цыклам узнаўлення і гадоўлі жывёл тракененскай, латвійскай цеплакроўнай і беларускай запражной парод. Яго спецыялісты займаюцца селекцыйнай работай, пачатковым трэнінгам маладняку спартыўных парод. Ініцыятыву далейшага развіцця конегадоўлі падтрымаў новы кіраўнік сельгаспрадпрыемства Аляксей Бародзіч.

На пытанне, ці не затратна ўтрымліваць табун, Аляксей Мікалаевіч усміхнуўся:

— Да коней у нас асаблівая павага. У сем'ях, якія не мелі гэтых памочнікаў, звычайна панавала беднасць. У Год гістарычнай памяці варта ўзгадаць: гэтыя вынослівыя жывёлы дапамагалі людзям змагацца з ворагам у час нямецка-фашысцкай акупацыі. На тэрыторыі раёна дзейнічала некалькі атрадаў народных мсціўцаў. Гітлераўцы страшэнна баяліся сустрэч з узброеным партызанскім абозам.

Дырэктар ААТ «Палеская ніва» Аляксей Бародзіч віншуе пераможцу ў канкуры Рамана Ясько.

І ў пасляваенныя гады, калі ў вёсцы тэхнікі яшчэ не было, селяніна выручалі коні. Сёння ў нашым табуне іх больш за дзве сотні. Шмат жарабят. Для маладняку не хапае месца ў стайнях. Летам трымаем іх на падворку.

У век тэхнічнага прагрэсу коні па-ранейшаму незаменныя на падвозе дробных грузаў і іншых гаспадарчых работах. У нас яны розныя: ад спартыўных скакуноў да рэдкіх парод. У агульным вытворчым працэсе затраты на дзейнасць конезавода мізэрныя. Плануем за ўласныя сродкі рэканструяваць стайні і надалей развіваць гэту справу. Даглядаюць гадаванцаў некалькі чалавек.

— Табун расце, а ці ёсць попыт на пародзістую жывёлу?

— У асноўным замежныя пакупнікі цікавяцца імі. Мясцовыя жыхары набываюць коней для працы. На фестывалі большасць удзельнікаў спаборніцтваў конных запрэжак выступаюць з нашымі гадаванцамі. Цяжка пераацаніць важнасць такога масавага мерапрыемства. Асабліва варта адзначыць яго выхаваўчае значэнне.

Галоўны спецыяліст конезавода ААТ «Палеская ніва» Марына Ярмоліч узгадала гісторыю фестывалю:


— Калі прыехала на Палессе, мяне, сібірачку, уразіла мноства коней на сялянскіх падворках. На тэрыторыі гаспадаркі два аграгарадкі, а таксама некалькі густанаселеных вёсак з багатай гісторыяй. У 2014-м адзначылі 500-годдзе вёскі Мачуль. Каб прыцягнуць інтарэс, вырашылі святочную праграму дапоўніць раённымі спаборніцтвамі конных запрэжак. Для прызёраў вызначылі ўзнагароду — мяхі аўса. З якім азартам ішло змаганне за першынство! Усіх удзельнікаў гледачы горача падтрымлівалі апладысментамі. Тады і з'явілася думка аб пашырэнні фармату спаборніцтваў да коннага фестывалю. Ініцыятыву падтрымаў дырэктар Аляксей Бародзіч. Ён шмат увагі надае развіццю конегадоўлі. Як адзначыў адзін з прамоўцаў на адкрыцці фэсту: былы кіраўнік гаспадаркі Мікалай Ажог раскапаў алмаз, а Аляксей Мікалаевіч шліфуе яго ў брыльянт. Гэта шосты фестываль «Палеская ніва».

— Чым ён адрозніваецца  ад папярэдніх?

— Акрамя традыцыйнага конкурсу конных запрэжак, якія арыгінальна ўпрыгожаны і аздоблены званочкамі, а таксама пераадольвання коньмі перашкод вышынёю да 110 сантыметраў, упершыню ў рэспубліцы арганізавалі спаборніцтвы дзяцей на поні. Да нас прыехалі юныя прадстаўнікі прысталічных дзіцячых спартыўных школ «Старое Сяло» і «Табун», а таксама з рэчыцкага коннага клуба «Ураджай». Значна больш заявілася жадаючых удзельнічаць у канкуры.

Пераадольванне перашкоды вышынёй 110 сантыметраў.

Першы намеснік старшыні Столінскага райвыканкама Васіль Літвінкевіч, адкрываючы шосты конны фестываль «Палеская ніва — 2022», падзякаваў прадстаўнікам Мінсельгасхарча, Нацыянальнай акадэміі навук, Беларускай федэрацыі коннага спорту за падтрымку і непасрэдны ўдзел у правядзенні мерапрыемства. Фестываль стаў візітнай карткай аграгарадка Рамель і культурна-спартыўным брэндам раёна і краіны. Спаборніцтвы на гэтым форуме нязменна карыстаюцца шырокай папулярнасцю сярод прафесіяналаў і аматараў коннага спорту. Фестываль развіваецца і ўдасканальваецца.

На конезаводзе асаблівыя адносіны да прадстаўнікоў палескай пароды. Яны невысокія, дужыя, непатрабавальныя, не ўспрымальныя да розных захворванняў. Прыстасаваліся да мясцовых умоў: не загразаюць у балоце, вытрымліваюць вясновы напад гнусу. Каб вызначыць іх паходжанне, адправілі неабходны матэрыял для вывучэння ў сталічны Інстытут генетыкі. Спецыялісты правялі даследаванні і прыйшлі да высновы, што продкі палескай пароды — коні, на якіх дайшлі да гэтых мясцін мангола-татары. Захавалася каля сотні прадстаўнікоў унікальнай пароды на тэрыторыі нашай краіны, з іх трэцяя частка ўтрымліваецца на конезаводзе ў Рамлі.

Спаборніцтва конных запрэжак.

— Гэта разумны, прыязны да чалавека, вельмі трывалы конь, — адзначае Марына Ярмоліч. — Важна адрадзіць яго папуляцыю як багатую спадчыну, захаваную да нашых часоў самой прыродай.

Бясспрэчна, гэтаму ў прыватнасці, а таксама папулярызацыі беларускай запражной садзейнічае фэст «Палеская ніва». Пад гукі духавога аркестра Пінскага гарадскога цэнтра культуры і бурныя апладысменты некалькіх тысяч гледачоў шосты конны фестываль адкрыў парад запрэжак. Прадстаўнікі розных парод зачароўвалі грацыёзнасцю.

Фестывальная грацыя.

Тры гады запар у спаборніцтве на кані па мянушцы Мядзведзь перамагаў саракагадовы жыхар аграгарадка Альшаны Павел Скрабейка. І ў гэты раз конік яго не падвёў: без памылак выканалі праграму спаборніцтва. Гаспадар прызнаўся, што аздабляць павозку і збрую дапамагалі жонка Святлана Васільеўна і дзеці. Беспамылкова справіліся з праграмай і іншыя ўдзельнікі. Але да апошняга моманту ўтрымлівалася інтрыга: хто з шаснаццаці атрымае лаўры пераможцы.

За выступленнем экіпажаў пільна сачыла журы — суддзя міжнароднай катэгорыі Уладзімір Юркевіч, заатэхнік па конегадоўлі «Белплемжыўаб'яднання» Тамара Дракіна і начальнік столінскай райплемстанцыі Сяргей Яхнавец. Перамог канявод з аграгарадка Велямічы Вадзім Ляшкевіч. Ён шчыра прызнаўся, што напярэдадні з конікам баранаваў уласны надзел. На спаборніцтвах Пугаўка найлепш справілася з заданнем. Дырэктар ААТ «Палеская ніва» Аляксей Бародзіч уручыў Ляшкевічу сертыфікат на паўтоны аўса. Спонсары фестывалю — прадстаўніцтва кампаніі «Белдзяржстрах» па Столінскім раёне і прэзідыум райкама прафсаюза работнікаў сельскай гаспадаркі — таксама адзначылі пераможцу прызамі. Паўлу Скрабейку дасталася другое месца, а Міхаілу Пасюку з Рамля — трэцяе. Ім уручылі сертыфікаты на 400 і 300 кілаграмаў аўса адпаведна. Па 200 кілаграмаў зерня атрымаў кожны ўдзельнік спаборніцтваў конных запрэжак. Спецыяльны прыз «За волю да перамогі» дастаўся юнаму Мікалаю Ляшкевічу з вёскі Туры. Кіраваць невысокай кабылкай палескай папуляцыі Акой дапамагала маці. Кожнае выступленне конных запрэжак, а таксама канкур выклікаў авацыі публікі.

Гаспадары палескага фаэтона.

Госці фестывалю змаглі ўбачыць племянных коней розных парод, купіць збрую, вырабленую на беларускіх прадпрыемствах. Цікавасць выклікала выступленне прадстаўнікоў сталічнага конна-гістарычнага клуба «Залатая шпора». Яркімі момантамі сталі тэатралізаваныя рыцарскія баі. Ажыўленне панавала каля гульнёвых пляцовак, атракцыёнаў, гандлёвых палатак. Да першых зор гучалі спевы палескіх сама­дзейных артыстаў, весялілася дыскатэка.

Прадстаўленне вершнікаў-рыцараў.

subbat50@mail.ru

Фота Аляксандра НІКІФАРЭНКІ і Аляксея СТАЛЯРОВА.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter