Палескае адраджэнне. Хойніцкая зямля была і застаецца багатай на таленты.

Будучы ў Хойніках на Дні пісьменства, я, шчыра кажучы, не змагла добра разгледзець горад. Людзі тоўпіліся каля кніжных і гандлёвых палатак, паўсюль гучала музыка і ладзіліся канцэрты. За ўсім гэтым я бачыла свята, а не горад. Таму праз колькі месяцаў зноў прыехала сюды, каб... пазнаёміцца з Хойнікамі сам-насам.

А з чым цукерачка?

Ужо пакінуўшы маршрутку на пляцоўцы каля аўтобуснай станцыі, разумееш: святкаванне Дня пісьменства апрануў горад у сапраўды бліскучую і апетытную абгортку. Яркія будынкі, добраўпарадкаваныя дарогі, акуратныя агароджы і еўрапейскія ліхтары... Здаецца, вось так бы і гуляў па горадзе, ходзячы з адной вуліцы на другую...
Тыя, хто бачыў Хойнікі да свята пісьменства, праціраюць вочы, не верачы ў такое пераўтварэнне горада. Горада, які, здавалася, “замарозіў” сваё развіццё пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Адсюль з’язджалі людзі, тут не будавалася жыллё і меншыліся арганізацыі.
Цяпер Хойнікі быццам нарадзіліся наноў. Толькі ў мінулым годзе тут узвялі два ЖБК, выдзелілі для будаўніцтва каля дваццаці зямельных участкаў. Мясцовыя прадпрымальнікі сталі расшыраць свой бізнес. У горадзе з’явіліся новыя цэнтры і школы. І што самае галоўнае, за яркай абгорткай засталіся тыя ж людзі — шчырыя, працавітыя і духоўна багатыя палешукі, пра якіх пісаў Іван Мележ.

Вежы... з яек і крыві

У наступным годзе Хойнікі чакае яшчэ адно свята — 500-годдзе горада. Упершыню ён ўспамінаецца як мястэчка Хвойнічак Брагінскага графства. Хвойнічак — таму што паселішча было невялікім. У XVII стагоддзі князі Вішнявецкія ўзвялі тут драўляны замак, які пры новых уладальніках Шуйскіх быў ператвораны ў памесце. У XVIIІ стагоддзі яно як пасаг Людвікі Шуйскай перайшло да Караля Прозара. Гэта быў прагрэсіўны чалавек, вялікі патрыёт і спадзвіжнік Тадэвуша Касцюшкі.
І сёння памесце, у якім зараз размяшчаецца края-знаўчы музей, здзіўляе сюрпрызамі. Пры раскопках, якія праводзіліся падчас падрыхтоўкі горада да свята, у падвалах былі знойдзены бочкі і бутэлькі з яшчэ “панскім” віном. А на тэрыторыі стадыёна, што не так прыемна, — каля 90 трупаў нямецкіх салдат: падчас Вялікай Айчыннай у будынку размяшчаўся шпіталь.

Іконы — крыжыкам

Іх няшмат — з дзясятак чалавек ад 18 да 32 гадоў. Вышываюць, малююць, спяваюць караоке і гуляюць у камп’ютарныя гульні. Звонку — звычайныя маладыя людзі. Насамрэч — інваліды розных груп. Цэнтр дзённага знаходжання ў горадзе для іх адкрылі у канцы 2010-га, якраз перад Новым годам. Лепшага падарунка хойніцкія інваліды і не чакалі. З непаўналетнімі хворымі ў горадзе займаліся на базе дзіцячага садка, а як толькі камусьці з іх спаўнялася 18 — казалі “пакуль”. Што магло стаць з інвалідамі пасля гэтага, можна было толькі здагадвацца: яны амаль сам-насам заставаліся са сваімі праблемамі.
— Рабяты проста не ведалі, чым заняць сябе дома. А тут яны знайшлі сяброў, — расказвае спецыяліст па сацыяльнай рабоце Жанна Шлюк. — З самага ранку яны ўжо чакаюць нас ля дзвярэй, каб хутчэй заняцца любімымі справамі.
Напрыклад, Віталій Ступакоў, інвалід з дзяцінства, вышывае карціны крыжыкам. Гэта яго хобі з сямі гадоў. Віталіку неабавязкова нават на ўзор глядзець. Ён лёгка стварае свае ўласныя вобразы. Гэта не толькі кветкі, жывёлы, казачныя героі, але... і іконы, напоўненыя багатым сэнсам і цёплай энергетыкай. Таленту і цярпенню наведвальнікаў цэнтра можна толькі пазайздросціць.

Святар, паэт, пчалавод...

За галаву ўзяліся бранскія князі Трубяцкія, калі прыехалі сватацца да хойніцкай княгіні Шуйскай у 1700 годзе. У маленькім Хвойнічку на той час было
4 сінагогі, 2 касцёлы, а праваслаўнага — амаль анічога. У знак удзячнасці за ўдалае сватаўство пабудаваў князь Трубяцкі ў Хвойнічку багатую царкву з шыкоўным іканастасам. Праўда, у 1922 годзе царкву зруйнавалі да асновы. Захаваць удалося толькі ікону Божай Маці “Благадатнае неба”. Святыню хавалі на гарышчах, закопвалі ў зямлю і ўсё ж збераглі. Зараз яна знаходзіцца ў Свята-Пакроўскай царкве. Як гэта ні дзіўна гучыць, але толькі чарнобыльскае няшчасце паўплывала на тое, каб яна з’явілася ў горадзе, а жыхары Хойнікаў атрымалі духоўнага настаўніка. Айца Уладзіміра накіравалі ў Хойнікі з Украіны ў 1986 го-дзе — дапамагаць у эвакуацыі за мяжу мясцовых дзяцей. Людзі, бачачы адкрытасць і шчырасць бацюшкі, папрасілі яго застацца і пабудаваць у горадзе царкву. Так яно і адбылося.
— Нам Бог вельмі дапамог, — верыць айцец Уладзімір. — Я сам зрабіў праект храма, аддаў на ўзгадненне. І літаральна за паўгода мы пабудавалі царкву. І дарогу праклалі, і ваду правялі, і тэлефон. Было вельмі складана: будавалі ж царкву ў часы савецкай улады, з райкама не раз прыходзілі, заміналі нам. Было такое, што нават пісталет да грудзей прыстаўлялі. Але мы неяк выстаялі, пачалі праводзіць службы.
Праз колькі гадоў побач з царквой заснавалі жаночы манастыр. Узялі зямлю, пасадзілі сад, завялі хатніх жывёл, пчол... І ператварылася пустка ў жывое месца. Паломнікі бываюць тут штотыдзень.
— Улетку будзе 25 гадоў, як я тут служу, — расказвае бацюшка Уладзімір. — Адчуваю, і хвароба, і старасць падыходзяць. Хацелася б дадому, на Украіну. Я столькі не бачыў сваю сям’ю! Дзеці выраслі без мяне. Але на каго пакіну вернікаў?!
Яны для айца Уладзіміра таксама як дзеці. І кожнага трэба падтрымаць, слова добрае сказаць. Прычым у бацюшкі гэта добра атрымліваецца: ён магістр псіхалогіі, доўгі час абавязкі святара сумяшчаў з працай у рэанімацыі. Аднак здароўе вымусіла кінуць бальніцу. Праўда, працы ад гэтага не паменшала. Айцец Уладзімір пачаў праводзіць псіхакарэкцыю праз пошту. Лісты прыходзяць да яго мяшкамі!

На ўрадлівай глебе

Здаецца, ніколі не вырадзіцца хойніцкая зямля на таленты. Яна ўжо дала Беларусі пісьменніка Івана Мележа, празаіка Барыса Сачанку, паэтэсу Алу Канапельку, галоўнага трэнера БАТЭ Віктара Ганчарэнку... І ўсё яшчэ працягвае запальваць зоркі.
Глядзіць з карціны загадкавая жанчына-анёл, пераліваецца рознымі фарбамі, нібы жывая, экзатычная садавіна, шапочуць ля ракі чарот і асака ў мележаўскім Глінішчы... Цэлая зала ў Хойніцкім края-
знаўчым музеі адведзена пад работы Марыны Ульяніцкіх. Дзяўчыне ўсяго толькі 21, а ў мастачкі ўжо было некалькі персанальных выстаў.
За пэндзаль Марына ўзялася, калі ёй было 12 гадоў, — вырашыла намаляваць партрэт цёткі. І хоць першая карціна не атрымалася, дзяўчына не спынілася, працягвала маляваць. Паступова юную мастачку сталі клікаць на школьныя і гарадскія выставы. А пасля і ў Гомельскім мастацкім вучылішчы дзяўчыне знайшлося месца. Зараз Марына выкладае ў Хойніцкай школе мастацтваў і завочна вучыцца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры. Як раней, яе любімым жанрам застаецца партрэт.
Работы Марыны Ульяніцкіх ужо бачылі ў Хойніках і Гомелі. У планах мастачкі выставіцца ў сталіцы і выйсці на замежжа. Каб праславіць, як яна кажа, не, не сябе — родныя Хойнікі.
Такая шчырая любоў да роднага горада не толькі ў Марыны, ва ўсіх яго жыхароў. І многія хайнічане, якія былі вымушаны пакінуць сваю малую радзіму пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, мараць вярнуцца сюды зноў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter