Палескі характар. Дзе трактары рухаюцца з хуткасцю 80 км у гадзіну.

З нагоды 70-годдзя ўтварэння раёнаў днямі славілі лепшых людзей Іванаўскага, Лунінецкага, Пінскага краёў.

З нагоды 70-годдзя ўтварэння раёнаў днямі славілі лепшых людзей Іванаўскага, Лунінецкага, Пінскага краёў.

У аграгарадку Аснежыцкім сустрэліся землякі розных пакаленняў, чыёй радзімай альбо самай важнай геаграфічнай кропкай на карце жыцця стаў цэнтр беларускага Палесся — Піншчына.
Пералік імён можна доўжыць і доўжыць...
Даведаўшыся, што “Народная газета” цікавіцца лёсам аднаго з адзінаццаці выгадаваных на Піншчыне Герояў Сацыялістычнай Працы, былы старшыня легендарнага калгаса імя Горкага, потым дырэктар і сёння намеснік кіраўніка Пінскага філіяла Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі Васіль Майсеевіч Гарошка прызнаўся, што дагэтуль беражэ адзін з нумароў “Народнай газеты”, дзе побач з праграмай кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі быў надрукаваны і ягоны артыкул, у якім ішла размова аб неабходнасці змены падыходаў да сельскай гаспадаркі.
Васіль Гарошка, ганаровы грамадзянін Пінскага раёна, гэтымі днямі святкуе 70-годдзе. Як сам кажа, ягонае сталенне і станаўленне раёна адбывалася практычна адначасова — стварэнне калгасаў, стварэнне па вялікім рахунку чалавечага жыцця. І першая электралямпачка, і радыёкропка ў выглядзе чорнага капелюша, і першы тэлевізар — усё на яго памяці, і як першы трактар сустракалі на Палессі.
Гэта толькі здаецца, што 70 гадоў для рэгіёна — не ўзрост. Але ўсё ж пражыты пінчукамі час увабраў значныя перамены, і калі перагартаць усе старонкі біяграфіі рэгіёна, то ўпэўнімся, што кожная з іх з першай літары да апошняй кропкі запоўнена мноствам падзей. Дарэчы, у Васіля Майсеевіча ёсць для гэтых перамен свая мерка:
— У свой час, будучы галоўным аграномам ордэна Леніна калгаса “Аснежыцкі”, я вызначаў якасць работы брыгадзіра, калі на “козліку” “ГАЗ-69” мог праехаць папярок поля з хуткасцю 80 кіламетраў у гадзіну. Сёння з прыемнасцю адзначаю, што такія роўныя палеткі і ў вобласці, і па раёне паўсюдна...
— За кожным здзяйсненнем, за кожным ратным і працоўным подзвігам — наш палескі характар: цвёрды і нязломны, — адзначыў старшыня Пінскага райвыканкама Валерый Рэбкавец. — Менавіта ён дазволіў захаваць і прымножыць галоўныя традыцыі палешукоў, сярод якіх найперш — працавітасць, уменне і ў самую цяжкую часіну знаходзіць у сабе натхненне, нават самы неўрадлівы кавалачак зямлі ператварыць у квітнеючы сад...
Пасля вайны, дарэчы, тут за тры гады быў дасягнуты даваенны ўзровень сельскагаспадарчай вытворчасці, а за першую пяцігодку поўнасцю аднавіўся транспартны рух, у вёсках з’явілася электрычнасць, тэлефонная сувязь, адбылася радыёфікацыя, на палеткі пайшла тэхніка. Урэшце гэта было другое нараджэнне раёна, які на той час набываў свае цяперашнія абрысы.
У 60-я гады мінулага стагоддзя пачалося гістарычнае пакарэнне  палескіх зямель, калі на дзяржаўным узроўні было прынята рашэнне аб меліярацыі палескіх зямель, — дзе былі бяскрайнія балоты, вырасталі новыя саўгасы, на асушаных землях сяляне сталі атрымліваць нязнаныя дагэтуль ураджаі. У высокай узнагародзе вобласці — ордэн Леніна ў 1967 годзе — дастойны ўклад і працаўнікоў Піншчыны. А праз дзесяць гадоў дзяржаўнай узнагародай — Чырвоным сцягам Савета Міністраў СССР — быў адзначаны і непасрэдна Пінскі раён. Школай перадавога вопыту ў Савецкім Саюзе стаў калгас “Аснежыцкі”, кіраўнік якога Уладзімір Антонавіч Ралько двойчы быў узнагароджаны Залатой Зоркай Героя Сацыялістычнай Працы.
— Мы ўступілі ў фінальны год пяцігодкі — Год якасці і завяршэння рэалізацыі Праграмы адраджэння і развіцця вёскі. У яе межах пабудавана дзевяць аграгарадкоў. Гэта надае ўпэўненасці ў тым, што створаная сацыяльная і вытворчая сфера можа задаволіць усе запатрабаванні сяльчан, а галоўнае — узняць на больш высокі ўзровень якасць жыцця, забяспечыць дастойныя ўмовы для працы, культурнага і духоўнага развіцця людзей не толькі ў саміх аграгарадках, але і ў бліжэйшых вёсках, — у гэтым са старшынёй райвыканкама не паспрачаешся.
За вялікімі справамі не забываюцца аб простых людзях, на плячах якіх заўжды трымалася і трымаецца сёння наша краіна, пажадаў былы кіраўнік раёна Канстанцін Бабко.
Як справядліва адзначыў Валерый Рэбкавец, гісторыю ствараюць людзі — сваёй штодзённай працай і справамі на карысць будучых пакаленняў. І сёння хараство душы палешука, ягоную працавітасць, шчодрасць, добразычлівасць і цвёрдасць характару ўвасабляюць нашчадкі тых, хто спрадвеку ствараў аснову эканамічнага дабрабыту, таленавітыя людзі — кіраўнікі сельскагаспадарчых, прамысловых, будаўнічых арганізацый, устаноў і прадпрыемстваў, залаты фонд Піншчыны, які ў новым званні “Ганаровы жыхар Пінскага раёна” папоўніў Рыгор Мікалаевіч Колб, аграном ад бога, былы аграном цяперашняга СВК “Лапаціна”.
У тым складзе сёння — кіраўнікі СВК “Лапаціна” Аляксандр Паляйчук, ААТ “Парахонскае” Уладзімір Храленка, ААТ “Аснежыцкае” Валерый Кулішэвіч, СВК “Валішча” Аляксандр Андрыевіч і многія іншыя. Дарэчы, СВК “Валішча”  на сёння — прыклад арганізацыі працы і жыцця такога кшталту, што менавіта сюды віць сваё сямейнае гняздо з’язджаюцца маладыя пары з розных куткоў Беларусі.
З упэўненасцю глядзіць Піншчына ў заўтрашні дзень. І залог гэтай упэўненасці — жаданне ўсіх пінчукоў жыць і працаваць у імя працвітання роднай зямлі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter