Палац натхнення

У Палацы культуры Маладзечна — навагодняя творчая завіруха

Пра тых, хто працуе ў свята і для свята

«Падрыхтаваць добры вечар — справа не жартоўная». Так на поўным сур’ёзе гаварыла гераіня адной старой добрай і па-ранейшаму любімай кінакамедыі. І што толькі там ні рабілі, каб карнавальная ноч (дарэчы, так і называецца фільм — для тых, хто забыўся ці не ведаў) стала чароўнай і незабыўнай! Прыхільнікі рэтракіно, канечне, памятаюць, што адказаў на гэта ёй дырэктар Дома культуры і што ўрэшце з гэтага атрымалася. А сапраўды, колькі намаганняў трэба прыкласці, каб свята ўражвала, віхурыла, інтрыгавала і захапляла? Пра гэта не па чутках ведаюць прафесіяналы, якія працуюць у Палацы культуры горада Маладзечна. Мой аповед — пра навагоднюю творчую завіруху, а праз гэта і ўвогуле пра тое, як працуе гэта, без перабольшання, унікальная ўстанова культуры.

Востраў мудрай Змяі

Пра ўсё цікава даведацца з першых вуснаў. Мой гід, дырэктар Палаца культуры Святлана Сарока, — спецыяліст у вышэйшай ступені дасведчаны ў гэтай справе. Як адміністратару і чалавеку творчаму, ёй даводзіцца адначасова знаходзіцца, як кажуць, у некалькіх іпастасях. Лічыце самі: кіраўнік і натхняльнік вялікага калектыву, грамадскі дзеяч, арганізатар многіх культурных, дабрачынных і асветніцкіх праектаў, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу і, урэшце, прыгожая жанчына. Таму і размова наша ў час падарожжа набывала розныя адценні.

«Рыхтавацца да навагодніх свят пачалі загадзя. Мы цвёрда прытрымліваемся правіла, што ніколі не паўтараем аднаго і таго ж сцэнарыя двойчы. Гэта датычыцца любога мерапрыемства, а тым больш навагодняга», — расказвае Святлана Рыгораўна. Сапраўды, Палац культуры ўяўляе сабой вялікі казачны замак, там пануе чароўная атмасфера, павольна і ўрачыста лётаюць вытанчаныя сняжынкі, зіхацяць гарэзлівыя агеньчыкі, у святочным уборы — лясная прыгажуня. Менавіта тут размясцілася галоўная ёлка горада і адбываюцца самыя неверагодныя навагоднія прыгоды.

«Паводле водгукаў дарослых і дзяцей, па відовішчнасці, арыгінальнасці і артыстызму нашы «ёлкі» ніколькі не горшыя, чым у Палацы Рэспублікі. Мы рацыянальна арганізоўваем прастору, адначасова працуюць шмат пляцовак па ўсім будынку: там ладзяцца гульні, там — карагоды і танцы, там — конкурсы і выступленні. Уявіце толькі, у час галоўнага прадстаўлення на сцэне дэкарацыі мяняюцца шэсць разоў, працуюць больш за 200 дарослых і юных артыстаў! Дзеці разам з казачнымі героямі вандруюць у загадкавую краіну, накіроўваюцца ў касмічную экспедыцыю, трапляюць у госці да прывідаў, наведваюць востраў мудрай Змяі, а затым разам з нястомным Дзедам Марозам і абаяльнай Снягуркай сустракаюць доўгачаканы Новы год. Не магу не сказаць і аб тым, што традыцыйна нашы арганізацыі білеты на гэтыя прадстаўленні выкупляюць загадзя», — дзеліцца дырэктар.

Цуды і прыемныя сюрпрызы гарантаваны не толькі маленькім. Вывучаю праграму святочных мерапрыемстваў — вельмі насычаная і разнастайная. Калядныя сустрэчы для ветэранаў і навагоднія агеньчыкі ў танцавальнай зале, галоўнае свята і дабрачыннае прадстаўленне ў канцэртнай зале, вечары адпачынку для моладзі, вечары адпачынку для падлеткаў і танцавальны серпанцін ва універсальнай зале... Святочныя пасяджэнні ладзяцца ў клубах і гуртках. Вось гэта размах! І кожнаму па гусце.

Калі ласка, на гастролі

Штодзень дзверы Палаца культуры гасцінна адкрываюцца для жыхароў і гасцей Маладзечна і запрашаюць на сустрэчу з мастацтвам ва ўсіх яго праявах. Адным з важных напрамкаў Святлана Сарока лічыць работу ў сферы шоу-бізнесу па арганізацыі гастрольна-канцэртнай дзейнасці.

«І навучыліся гэта рабіць прафесійна. Дапамагае дакладна распрацаваная сістэма, за кожным госцем альбо калектывам замацоўваюцца куратары, якія суправаджаюць іх і вырашаюць усе пытанні. Апроч таго, Палац культуры мае вельмі добрую матэрыяльна-тэхнічную базу. Так што артысты не задумваюцца пра другасныя клопаты. Зараз зоркі айчыннай і замежнай эстрады ахвотна выступаюць на нашай базе, а мы беражом і мацуем імідж сцэнічнай пляцоўкі высокага ўзроўню. Разам з тым у нашым распараджэнні знаходзіцца летні амфітэатр, а гэта крыху іншы стыль і дадатковыя магчымасці для канцэртаў», — расказвае Святлана Сарока.

Палац набыў трывалую рэпутацыю ўстановы, неардынарнай па маштабах культурна-асветніцкай і канцэртнай дзейнасці. Штогод тут праводзіцца звыш 400(!) мерапрыемстваў, з іх больш за 30 — міжнароднага, рэспубліканскага і абласнога маштабу. Вельмі значнай падзеяй стаў штогадовы Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі. Палац з’яўляецца заснавальнікам Міжнароднага адкрытага конкурсу юных выканаўцаў эстраднай песні «Маладзічок», Міжнароднага турніру па спартыўных бальных танцах «Кубак Маладзечна». А колькі абласных і ведамасных культурных і афіцыйных мерапрыемстваў праходзіць — і не злічыць. «Прычым усе святы, канцэрты мы арганізуем самі — нашы сцэнарыі і творчыя задумы, нашы артысты. Каб вы змаглі ўявіць аб’ёмы, скажу, што на мерапрыемствах бывае ад 500 да 2 тысяч гледачоў або ўдзельнікаў. Звыш 400 чалавек працуюць на сцэне. А калі адбываюцца вялікія падзеі і адначасова праходзяць выставы і адкрыты гандлёвыя кропкі, то можна смела дадаваць яшчы чалавек 200», — не без гонару гаворыць дырэктар.

Статус абавязвае

Маладзечна — горад адметны. Нездарма менавіта за ім замацаваўся тытул культурнай сталіцы Міншчыны. А Палац культуры стаў адным з сімвалаў горада, яго своеасаблівай візітнай карткай. Цікавы па сваёй архітэктуры, велічны і прыгожы, ён надзелены асобай аўрай, там пануюць прыгажосць і гармонія. Гэта зараз, а ў мінулым яму давялося перажыць розныя часы. Досыць сказаць, што яго гісторыя бярэ свой пачатак аж у канцы 1980-х — менавіта ў той час было прынята рашэнне аб пачатку праектавання і будаўніцтва ўстановы культуры такога ўзроўню. У 1989 годзе справа зрушылася з месца, але, як аказалася, ненадоўга — будаўніцтва было спынена. Толькі больш чым праз 10 гадоў дзякуючы рашэнню кіраўніка нашай краіны будоўля аднавілася, і менавіта ён у кастрычніку 2002 года ўрачыста адкрыў установу культуры і запрасіў першых наведвальнікаў. «Гісторыя будаўніцтва — асобная і, вобразна кажучы, амаль што дэтэктыўная. Але яна шчасліва скончылася, і зараз Палац культуры ўжо больш як дзесяцігоддзе застаецца сапраўдным цэнтрам культуры і мастацтва, любімым месцам адпачынку жыхароў і гасцей горада. Гэта цэлы комплекс з рознымі заламі, грымёркамі, памяшканнямі для персаналу, кафэ. Утульныя холы і фае, зручная мэбля і зімовы сад. Тут можна правесці мерапрыемства любога кшталту, нават не выходзячы на вуліцу», — паказвае свае «ўладанні» Святлана Рыгораўна.

І сама арганізацыйная структура распрацавана вельмі граматна. Яна ўключае аддзелы мастацкай самадзейнасці, па рабоце з дзяцьмі і моладдзю, культурна-масавай дзейнасці, традыцыйнага мастацтва і аматарскай творчасці, па інфармацыйнай рабоце, мастацка-афарміцельскі і культурна-відовішчных мерапрыемстваў, інжынерна-тэхнічны комплекс, бухгалтэрыю, сектар кадравай і прававой работы, адміністрацыйна-гаспадарчую частку. «Усе структурныя падраздзяленні ўведзены з улікам патрабаванняў часу і з поспехам дазваляюць эфектыўна працаваць з самымі рознымі катэгорыямі насельніцтва, а таксама забяспечваць зладжанае функцыянаванне ўнутры ўстановы. А гэта немалы аб’ём работы. Лічыце самі: пры Палацы культуры працуюць 29 клубных фарміраванняў, 15 з іх разлічаны на дзяцей і моладзь. Прыемны і той факт, што 10 творчых калектываў маюць ганаровыя званні заслужаных, народных, узорных. Агульная колькасць удзельнікаў складае звыш 800 чалавек. А пералік творчых перамог нашых калектываў можна доўжыць і доўжыць», — расказвае дырэктар.

Наперадзе ў прафесійнага і зладжанага калектыву шмат ідэй і цікавых праектаў. Цікава, што адметнага адбудзецца ў Палацы культуры ў новым годзе?

На здымках: дырэктар Палаца Святлана САРОКА; удзельнiкi студыi бальнага танца «Каскад».

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter