Паласаты рэйс у будучыню

Што чакаць ад металічнага Тыгра і дзе праўда ў прароцтвах астролагаў

Што чакаць ад металічнага Тыгра і дзе праўда ў прароцтвах астролагаў

І навука, і рэлігія лічаць астралогію цемрашальствам. Такая традыцыя паходзіць з cярэдніх вякоў. Між тым вера ва ўплыў неба на зямныя падзеі не згасла да сёння. Але верыць можна не кожнаму прагнозу, папярэджвае мінскі астролаг Нэлі Пацёмкіна-Гусева, вучаніца славутага Паўла Глобы. Яна ўжо дваццаць год прадказвае будучыню па планетах. Што ж чакае свет, краіну і кожнага з нас у 2010 годзе? Нэлі Іванаўна расказала, як ёй бачацца гарызонты будучыні, падказала, як варта паводзіць сябе ў год Тыгра і дала некалькі карысных парад па карыстанні “прароцтвамі”, якія друкуюцца ў газетных гараскопах.

Новы год яшчэ і не пачынаўся?

— Той, хто ўжо адзначыў надыход года Тыгра, памыліўся. Згодна з кітайскім календаром, год металічнага Тыгра наступіць толькі 14 лютага, а 4-й гадзіне 52-й хвіліне. Увогуле ж, наша сучасная традыцыя святкаваць пачатак чарговага года з 31 снежня на 1 студзеня — вялікая ўмоўнасць. Справа ў тым, што амаль усе народы свету са старажытных часоў жылі па Сонцы. Адпаведна і год пачынаўся ў адзін са знакавых дзён, звязаных з сонечным цыклам. Такіх дзён у годзе чатыры: летняга і зімовага сонцастаяння ды вясновага і восеньскага раўнадзенства. Авестыйцы адзначалі Новы год 21 сакавіка, у дзень вясновага раўнадзенства. Авестыйскай традыцыі прытрымліваецца і тая школа астралогіі, да якой я належу. Гэта традыцыя мае шмат агульнага і з беларускай народнай, бо абедзве грунтуюцца на назіраннях чалавека за прыродай, на сельскагаспадарчым календары.

Трымай Быка за рогі!

— Паколькі год Тыгра яшчэ не наступіў, а працягваецца год Быка, то я параіла б быць асцярожнымі з заўчаснымі святкаваннямі. Трэба памятаць, што Бык і Тыгр — адвечныя сапернікі. І калі ў год Быка адзначаць Новы год Тыгра, то лёгка наклікаць на сябе бяду — Бык, пакуль яшчэ доўжыцца яго год, пастараецца адпомсціць вам. Аднак ёсць яшчэ адзін момант, які варта ўлічваць. Мы жывём не ў Кітаі, адкуль прыйшла традыцыя “жывёльнага” летазлічэння. Таму сур’ёзна ставіцца да прагнозаў, звязаных з заморскай традыцыяй, не варта. А вось там, дзе Тыгр жыве ў прыродзе, прыслухоўвацца да парадаў кітайскага гараскопу не зашкодзіць. У год Тыгра абвострыцца жаданне людзей адстаяць сваю праўду, свае інтарэсы, “памеціць сваю тэрыторыю”, што звязана з характэрнымі звычкамі гэтай жывёліны. У Расіі, дзе тыгры жывуць ва Усурыйскай тайзе, можа абвастрыцца змаганне за сферы інтарэсаў і ўплываў на розных узроўнях грамадства. Зрэшты, усё можа быць, а можа і не быць.

Шляхі зоркавыя і зорныя

— Мэта астралогіі — дапамагчы чалавеку разабрацца ў самім сабе. Калі мы вывучаем па небе чыйсьці лёс, мы можам пабачыць, ці дадзена нешта чалавеку ў жыцці, ці не. Дастаткова паглядзець гараскоп чалавека, каб зразумець, што яго чакае, якія магчымасці раскрыюцца ў будучыні. Нехта будзе з усіх сіл намагацца пераскочыць вызначаную яму планку, сысці з той дарогі, якая яму наканавана, але ўсё гэта будзе дарма. Я не хачу сказаць, што ўсё ўжо загадзя прадвызначана і нічога не памяняеш. Але няма сэнсу дваццаць гадоў грукацца ў тыя дзверы, якія не адчыняюцца. Ілбом, як вядома, сценку не праб’еш. Трэба ведаць свой сапраўдны шлях і ісці па ім — тады толькі зможаш рэалізаваць сябе. І яшчэ: калі чалавеку чагосьці вельмі хочацца, а ў космасе “вырашана”, што яму гэта на самай справе не трэба, — яму гэтага і не будзе давацца. Менавіта таму няслушна робяць некаторыя бацькі, якія прымушаюць сваіх дзяцей ісці па нейкім пажаданым маме і тату шляху. Гэта дарога павінна супадаць з той, якая вызначана ў момант нараджэння чалавека пад пэўнай зоркай.

Гараскоп як сярэдняя тэмпература па бальніцы

— Калі ў газетным гараскопе вы чытаеце прадказанне для свайго знака, то ў гэтым прароцтве не больш сэнсу, чым у “сярэдняй тэмпературы па бальніцы”. Каму сапраўды “пасуе” газетны гараскоп — то толькі тым лічаным адзінкам сярод людзей, у якіх вельмі многа планет сышлося ў іх знаку. Увогуле ж, гараскоп трэба складаць для кожнага індывідуума асобна. Важныя тонкасці — не толькі дата нараджэння, але і гадзіна ды хвіліна. Толькі тады можна дакладна вызначыць “траекторыю” вашага лёсу. Але цяпер існуе пэўная мода на гараскопы: нехта пабачыў, што яго сябар, сяброўка сабе зрабілі “карту” долі, і зараз жа бягуць заказваць такія ж “цацкі” сабе. Рабіць “як усе” не трэба. Да астролага трэба ісці толькі тады, калі вы адчуваеце ўнутраную патрэбу гэта зрабіць, калі псіхалагічна гатовы да гэтага ўчынку.

“Кіна” не будзе

— Многія, наглядзеўшыся галівудскага фільма “2012”, напалоханы: няўжо і праўда адбудзецца ў гэтым годзе канец свету. Мушу сказаць, што такія чуткі беспадстаўныя — як у кіно, не будзе. 2012 годам канчаецца каляндар народа майя, які выяўлены на слупе, знойдзеным у нетрах лясоў Цэнтральнай Амерыкі. Распаўсюджана версія, нібыта майя ведалі, што пасля 2012 года спыніцца час, наступіць канец свету. Аднак надпіс гаворыць не пра скон чалавечай цывілізацыі, а пра тое, што “далей часу няма”. Спецыялісты, якія вывучаюць культуру майя, прыйшлі да вываду, што гэту фразу трэба тлумачыць так: у 2012 годзе наступіць канец нейкаму перыяду ў жыцці людзей. Жыццё далей працягнецца, але будзе не такое, як цяпер. Мы жывём на збегу часоў, эпох. У свеце адбываюцца глабальныя трансфармацыі: сацыяльныя, палітычныя, эканамічныя, псіхічныя. Натуральна, што гэтыя змены да чагосьці ўрэшце мусяць прывесці. У 2003 годзе, дарэчы, паводле авестыйскага календара, ужо пачалася новая эпоха — Вадалея, якая прыйшла на змену эпосе Рыб. Магчыма, новая эпоха адзначыцца сапраўды сур’ёзнымі зменамі. Зрэшты, як пяецца ў вядомай песні, “каждый выбирает по себе — женщину, религию, дорогу”. Ваша права: мяняць свае погляды ці заставацца са старымі.

Па слядах Казярога

— Лёс Беларусі быў прадвызначаны ў той момант, калі ўзнікла наша рэспубліка. Адбылося гэта 1 студзеня 1919 года. “Дзень нараджэння” краіны прыпаў на час панавання знака Казярога. Рысы гэтага знака цалкам адпавядаюць нацыянальнаму характару беларусаў: талерантнасць і прадказальнасць. Казярог — гэта горны казёл: ён караскаецца на гару вельмі павольна, абходнымі сцежкамі, спыняючыся на лугах, дзе многа смачнай травы. Таму няма чаго дзівіцца, што наша краіна рухаецца ўперад няспешна. Аднак ёсць жа такая прымаўка: цішэй едзеш — далей будзеш. І вяртаючыся да рыс Казярога, трэба сказаць, што, нягледзячы на яго павольнасць, да вяршыні гары ён урэшце дойдзе, адзін з нямногіх. За Казярогам — будучыня, але вяршыні гары ён дасягне толькі праз... 2160 гадоў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter