Палітык. Дыпламат. Дзяржаўнік

Нядаўна апублікаваны раней малавядомыя факты з жыцця Міхала Клеафаса Агінскага, 250-я ўгодкі якога сёлета адзначаліся
Нядаўна апублікаваны раней малавядомыя факты з жыцця Міхала Клеафаса Агінскага, 250-я ўгодкі якога сёлета адзначаліся

За мроівам гадоў губляюцца абрысы мінулага, аднак дзякуючы ўдумлівым даследчыкам ёсць магчымасць у нас лепш яго разгледзець, нават пазбаўляцца ад старых догмаў. Вось і ў гэтых нататках падаецца новы погляд на ЮНЕСКАўскага юбіляра. Самы час тое зрабіць: Міжнароднай канферэнцыяй у Маладзечне і выхадам у перакладзе з літоўскай мовы каштоўнай манаграфіі Рамуне Шмігельскіце-Стукене паспяхова завяршаецца Год Агінскага.

Нагадаю, першая канферэнцыя, прысвечаная Міхалу Клеафасу Агінскаму як сёлетняму юбіляру ЮНЕСКА, прайшла ў Мінску, другая — у Залессі Смаргонскага раёна, дзе ён з перапынкамі жыў каля 20 гадоў. А форум “Культурная спадчына роду Агінскіх і яе значэнне для сучаснага развіцця грамадства” з удзелам дакладчыкаў з Беларусі, Літвы і Расіі прайшоў у Маладзечне, дзе ўзвышаецца помнік юбіляру, дзейнічае музычны каледж яго імя. А дырэктар каледжа — Рыгор Сарока, старшыня праўлення мясцовага Дабрачыннага фонду “Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага”, ён і арганізаваў Міжнародную навукова-практычную канферэнцыю. Паводле праграмы як супрацоўнік газеты “Голас Радзімы” я выступіў на яе пленарным пасяджэнні з дакладам “Найпершы беларуска-літоўскі Еўрапеец”.

Пераказваць тое выступленне, даклады іншых удзельнікаў, а іх было каля 50, не буду: спадзяюся, у выдавецтве “Чатыры чвэрці”, дзе выйшлі “Мемуары” Агінскага на рускай мове і кніга яго нашчадка Анджэя Залускага (Вялікабрытанія), пабачаць свет і матэрыялы канферэнцыі. Назаву дакладчыкаў, чые выступы выклікалі найбольшую цікавасць або мелі працяг. Масквіч Юльян Бельскі выступіў з дакладам “Вобраз князя Міхала Клеафаса Агінскага ў рускай і польскай паэзіі” ды прыемна здзівіў прысутных добрым валоданнем беларускай мовай. Прафесары мінскіх вну музыказнавец Вольга Дадзіёмава і культуролаг Аляксандр Смолік дапамаглі прысутным лепш асэнсаваць ролю юбіляра ў “мастацкім свеце Беларусі” ды паўсядзённае жыццё Агінскіх у Залессі ў асвятленні іх лагойскага госця графа Канстанціна Тышкевіча. Вядомыя дыпламаты Пётр Краўчанка і Уладзімір Шчасны расказалі пра невядомыя лісты аўтара паланэза “Развітанне з Радзімай” і ролю ЮНЕСКА ў падрыхтоўцы да 250-годдзя М.-К.Агінскага.

Прыехалі ў Маладзечна і літоўскія даследчыкі. Дырэктар Рэтаваскага музея гісторыі ды культуры Агінскіх і старшыня Міжнароднага грамадскага савета па адраджэнні ды папулярызацыі спадчыны М.-К. Агінскага Вітас Руткаўскас, загадчыца аддзела рэдкіх выданняў Бібліятэкі імя Урублеўскіх Літоўскай акадэміі навук Дайва Нарбуцене і дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Чурлёніса Освальдас Даўгеліс паведамілі пра вынікі работы музея ў Рэтавасе, дзяржаўных і прыватных калекцыях рукапісаў і карцін Агінскіх у Вільнюсе і Каўнасе. Найбольшае ўражанне на мяне ды калег зрабіў даклад літоўскага гісторыка Рамуне Шмігельскіце-Стукене “За кулісамі палітычнага жыцця: перамогі і няўдачы прыватнага жыцця Міхала Клеафаса Агінскага”. Даследчыцы ўдалося знайсці ў Вільнюсе яго завяшчанне, датаванае 1818 годам! У ім уся маёмасць на выпадак смерці дзеліцца пароўну паміж двума сынамі ад першага шлюбу і чатырма дзецьмі ад другога. Так што ставім пад сумненне перабольшанні ці плёткі, запушчаныя зласлівым мемуарыстам С. Мараўскім, у якія і сам я раней верыў, “рэабілітуем” як Ізабелу Лясоцкую і Марыю Неры, так і самога Міхала Клеафаса, інакш асэнсоўваем некаторыя яго важныя ўчынкі.

А ўсяго праз месяц пасля тае канферэнцыі (бываюць жа цуды!) пабачыў я прывабна выдадзеную ў новым мінскім выдавецтве “Научный мир” кніжку той жа даследчыцы “Міхал Клеафас Агінскі: палітык, дыпламат, міністр” у перакладзе з літоўскай на рускую мову Таццяны Цімчанкі. Аўтар прадмовы, вядомы беларускі гісторык Андрэй Мацук вызначае яе выключнае значэнне такімі словамі: “Кніга Рамуне Шмігельскіце-Стукене дазваляе разбурыць стэрэатып, калі Міхал Клеафас Агінскі бачыцца нам толькі як кампазітар, аўтар выдатнага паланэза. Бо мэта кнігі — прадставіць яго “як дзяржаўнага дзеяча, палітыка і дыпламата, пры тым свядома не паглыбляючыся ў дзейнасць М. -К. Агінскага як кампазітара, шырока раскрытую ў гістарыяграфіі”. Памяць менавіта пра такога суайчынніка, лічыць аўтар прадмовы, “у першую чаргу важная для народаў Літвы і Беларусі”, чыя дзяржаўнасць, права на яе, дададзім ад сябе, не раз ставіліся пад сумненне. У гэтым сэнсе Агінскі сёння становіцца для нас постаццю гістарычнай, прадвеснікам нашай дзяржаўнасці, якая ў завершаным выгля-дзе прыйшла да беларусаў амаль на два стагоддзі пазней. Прынамсі так я разумею словы ў назве маладзечанскай канферэнцыі пра яе значэнне “для сучаснага развіцця грамадства”.


Пашпарт, выдадзены М.-К. Агінскаму ў ліпені 1802 года

Ва “Уводзінах” да кнігі тую ж думку развівае і сама аўтарка, бачачы тры этапы ў спасціжэнні сутнасці Агінскага. На першым беларуска С. Немагай, літоўка Д. Кяўляйкіце, паляк А. Новак-Рамановіч, рускі І. Бэлза (дабаўлю сюды і сябе, аўтара гэтых радоў) бачылі ў Агінскім пераважна кампазітара, на другім (беларус С. Верамейчык, англічанін А. Залускі) — яшчэ і таленавітага празаіка-мемуарыста. І вось Р. Шмігельскіце-Стукене, выкарыстаўшы віленскія, гаагскія, варшаўскія, маскоўскія архівы (да прыкладу, перапіску Агінскага з апошнім каралём Рэчы Паспалітай, ураджэнцам Беларусі Станіславам Аўгустам Панятоўскім), атрымала дастаткова аргументаў, каб у характарыстыцы Агінскага на першае месца паставіць словы “палітык”, “дыпламат”, “дзяржаўнік”. Прытым дэмакратычны, смелы. Аказваецца, у “падрыхтаваным М. -К. Агінскім у 1811 г. праекце Канстытуцыі Вялікага Княства Літоўскага было прадугледжана паступовае вызваленне сялян, а магчымасць палітычнага прадстаўніцтва сялянства абмяркоўвалася на сейміку дваран Віленскай губерні ў 1817 г.” (пад кіраўніцтвам той самай асобы).

Найбольш самастойнымі, насычанымі новымі фактамі, узятымі з архіваў, мне бачацца другі ды трэці раздзелы манаграфіі: “Камісар Бюджэтнай камісіі Вялікага княства Літоўскага” і “Паміж Варшавай, Гаагай і Лонданам. Дыпламатычная місія ў кантэксце геапалітычных пераменаў”. Пераказваць іх тут няма сэнсу, раю зацікаўленым набыць манаграфію ў мінскім “Кніжным салоне”. А ў раз-дзеле “Час палітычных кампрамісаў і рашэнняў” расказваецца пра напружаную дзейнасць Агінскага ў час самага трагічнага для нашага народа Гродзенскага сейма 1793 года. Міхал Клеафас удзельнічаў у складанні вымушанай дамовы з Расіяй. За тое яго потым папракалі ў здрадніцтве — а ён жа быў проста рэалістам. Імкнуўся, напрыклад, ураўняць у правах Польшчу і ВКЛ хаця б па колькасці ваяводстваў (дзесяць на дзесяць), напружана працаваў над законам “Пра абмежаванні раскошы”, які зніжаў заробкі высокім чыноўнікам на 25 працэнтаў, абавязваў купляць толькі мясцовае, забараняў увозіць і ўжываць дарагое французкае віно, але падтрымліваў вывазку драўніны для вырабу за мяжой мэблі. Устанаўліваліся больш справядлівыя суадносіны пры абмене грошай. Усе такія і падобныя рэформы заклікалася праводзіць дзеля таго, каб той, “хто мае менш”, ахоўваўся “сілаю закона, каб мог ён пражыць на свае даходы”.

А праз год, у час Касцюшкаўскага паўстання, Агінскі зноў дзейнічаў на беларуска-літоўскіх землях. Тады яго выкарыстоўвалі ў Вільні для супакаення натоўпу. Ён зноў паказаў сябе як палітык, “здольны згуртаваць народы. Як вопытны ваяр правёў атрады, прытым часткова з узброеных пікамі ды выпрамленымі косамі сялян, на ўсход, да Валожына ды Івянца, і на поўнач, да Браслава і Дзвіны, не пашкадаваўшы на паходы сваіх і жончыных грошай”. Даведаўшыся пра падзеі на беларуска-літоўскіх землях, кіраўнік паўстання Тадэвуш Касцюшка прызнаў: “Грамадзянін Агінскі, які сваю экспедыцыю так паспяхова завяршыў, заслужыў на падзяку народа, якую ад імя апошняга яму і абвяшчаю”.

Шлях палітычнай і дыпламатычнай дзейнасці, гаворыцца ў канцы манаграфіі літоўскай даследчыцы, “раскрывае новае аблічча Міхала Клеафаса Агінскага — актыўнага і паспяховага дзеяча”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter