Пакуль жыве сэрца...

Муж Алены Мiхайлаўны з усiх страў, якiя яна гатавала, вельмi любiў блiны. А яны ў яе заўсёды ўдавалiся — мяккiя, залацiстыя, усе ў “дзiрачкi”. Вось напячэ яна вялiкi стос гэтых духмяных блiнцоў, паставiць на стол, а сама побач сядзе i з задавальненнем глядзiць, як iх смакуе сям’я — муж, Георгiй Мiхайлавiч, два сыны i дачка...

Муж Алены Мiхайлаўны з усiх страў, якiя яна гатавала, вельмi любiў блiны. А яны ў яе заўсёды ўдавалiся — мяккiя, залацiстыя, усе ў “дзiрачкi”. Вось напячэ яна вялiкi стос гэтых духмяных блiнцоў, паставiць на стол, а сама побач сядзе i з задавальненнем глядзiць, як iх смакуе сям’я — муж, Георгiй Мiхайлавiч, два сыны i дачка...

Сёння Алена Мiхайлаўна Шыманская часта ўспамiнае тыя шчаслiвыя днi свайго замужжа. Усяго пятнаццаць гадоў пражыла яна разам з Георгiем Мiхайлавiчам, пакуль яго жыццё раптоўна не абарвалася... Ужо сорак гадоў прайшло з дня iх знаёмства, але яна памятае амаль кожную хвiлiну... — Так здарылася, што свайго будучага мужа я ўбачыла ў першы ж дзень сваёй працы на пошце, — расказвае Алена Мiхайлаўна. — Была тады яшчэ зусiм маладзенькая, толькi пасля школы, на яго не звярнула анiякай увагi. Георгiй быў старшым электрамеханiкам. Мяне тады больш хвалявала, цi спраўлюся я з работай паштальёна па дастаўцы тэлеграм. Праз нейкi час лёс звёў нас зноў. Здарылася гэта на Вялiкдзень. Алена выйшла з аўтобуса на плошчы райцэнтра з цяжкiмi сумкамi ў руках: вярталася вечарам з вёскi Ярашоўка, дзе гасцявала ў мацi. Тая так шчыра напакавала iх фарбаванымi чырвонымi яйкамi, булкамi, салам, каўбасамi, што ледзь можна было падняць. Дзяўчына разгублена азiралася па баках i раптам убачыла Георгiя. Ён сам падышоў да яе — усё ж калега па рабоце. Спытаў: — Iдзеш дадому? Давай дапамагу, — i, не чакаючы адказу, падхапiў сумкi. За гаворкай да дому дайшлi непрыкметна. З нагоды свята ў хлопца была з сабой бутэлечка “Брэндзi”. Пасля таго вечара проста знаёмая Алена стала для Георгiя нечым большым. На наступны дзень ён зноў завiтаў да яе ў госцi. — Я што, замiнаю? — спытаў Георгiй у адказ на незразумелы позiрк Алены. — Ну, пасяджу трохi... Пасядзелi, пагаварылi... I хлопец стаў прыходзiць да яе ўсё часцей. Памiж iмi з’явiлася нiбы нейкая нябачная нiтачка, якая цягнула iх адзiн да аднаго i з кожным днём станавiлася ўсё карацейшай i мацнейшай. — Быў жа ў мяне ў той час i яшчэ адзiн кавалер, — успамiнае Алена Мiхайлаўна. — Салдат. Пазнаёмiлася я з iм на танцах, сустракалiся таксама. А потым яго дэмабiлiзавалi. Паехаў ён да сябе ў Ленiнград, але сувязь з iм я не губляла. Мы перапiсвалiся. Здаралася нават, што лiсты ад яго Жора сам перадаваў мне. Мусiць, раўнаваў, аднак вiду не паказваў. А сэрца маё ўсё больш хiлiлася да Жоры, якi цяпер заўсёды быў побач са мной — i на працы, i пасля... А праца у Алены Мiхайлаўны была незайздросная — цэлы дзень на нагах. За дзень даводзiлася адмерваць з дзесятак кiламетраў. Часам нават подбегам. Бо хацелася хутчэй прынесцi людзям радасную вестку. Ды i трывожныя, якiх не чакаюць, часам трэба было даставiць неадкладна. — Зараз тэлеграмы амаль не шлюць, абыходзяцца тэлефонам. А раней iх было шмат, — працягвае Алена Мiхайлаўна. — Маладая я была яшчэ, нявопытная. Не ведала, як паводзiць сябе, калi прыносiш чалавеку трагiчную вестку. У нас у Дзяржынску жыло ў тыя гады шмат цыганоў. I вось у адну такую сям’ю прыйшла тэлеграма: “Памерла сястра Малiна”. Iду i думаю, як людзям такое сказаць. У мяне ў самой амаль што слёзы на вачах. Падаю iм тэлеграму... I дзiўна мне становiцца. Хоць бы цень смутку з’явiўся на iх тварах! Адразу штосьцi наперабой залапаталi па-свойму. Калi я расказала пра гэта на рабоце, паштальёны аж зарагаталi. I растлумачылi, што ў цыганоў свае сакрэты. Калi напiсана, што “памерла сястра Малiна”, то гэта азначае, што кагосьцi з iх пасадзiлi ў турму. Калi пiсалi “захварэла”, то гэта азначала, што хтосьцi знаходзiцца пад следствам. Тры месяцы насiла тэлеграмы Алена, а потым, падвучыўшыся, стала працаваць тэлефанiсткай. Калектыў пошты ў Дзяржынску тады быў вялiкi — больш за дзвесце чалавек. Жанчыны працавалi ў асноўным на паштовай сувязi. У вузле тэлефоннай сувязi, акрамя тэлефанiстак, — амаль усе мужчыны. Сярод iх i Георгiй, якому цяпер ужо не трэба было падпiльноўваць Алену, каб пабыць разам хоць некалькi хвiлiн, калi яна прыходзiла па тэлеграмы. Тут ужо каханне пакацiлася, нiбы снежны камяк з горкi. Справа закончылася вяселлем. Сямейнае жыццё маладых складвалася добра. Алена перабралася да Георгiя. Ён жыў адзiн, бо на той час памерлi яго бацькi, якiя, дарэчы, таксама працавалi на пошце. Была свая зямля, дзе яны вырошчвалi бульбу, гароднiну. Неўзабаве нарадзiлiся дзецi. ... Горад рос, забудоўваўся. I здарылася так, што хату Шыманскiх спатрэбiлася зносiць. Але яны зусiм не засмуцiлiся, бо атрымалi двухпакаёвую кватэру з усiмi выгодамi. Цяпер, здавалася б, толькi жыць ды жыць! Бяда прыйшла знянацку. Гаспадар памёр у сорак гадоў, пакiнуўшы ЗЗ-гадовую жанчыну з двума хлопцамi-школьнiкамi i маленькай дачкой Кацярынай... Людзi кажуць: усё лечыць час. Так яно, мабыць, i ёсць. Выраслi дзецi Алены Мiхайлаўны, абзавялiся сваiмi сем’ямi. Сыны — Сяргей i Дзмiтрый — зараз працуюць, як i мацi, на пошце ў Дзяржынску. I не таму, што Алена Мiхайлаўна ўзначальвае раённы вузел паштовай сувязi. Проста рабочая дынастыя. ...33 гады — самы росквiт жанчыны. Яшчэ можна завесцi новую сям’ю, знайсцi новае шчасце. Можна, вядома, калi захацець i шукаць. Алена Мiхайлаўна не шукала. Засталася вернай свайму Георгiю. Кожны чалавек робiць свой жыццёвы выбар. Алена Мiхайлаўна яго зрабiла, назаўсёды пакiнуўшы сваё сэрца адзiнаму любаму чалавеку. Такое хоць i рэдка, але яшчэ здараецца ў жыццi. Для адданасцi няма тэрмiну — заўсёды можна любiць, пакуль жыве сэрца. Цяпер галоўная любоў Алены Мiхайлаўны — унукi. У вольны час яна з ахвотай чытае iм свае любiмыя творы. — Чытаць любiлi i я, i муж, — гаворыць Алена Мiхайлаўна. — Жора больш цiкавiўся тэхнiчнай лiтаратурай, захапляўся фантастыкай. Бiблiятэка ў нас вялiкая. Вось i нядаўна зяць прывёз да мяне амаль што поўную машыну кнiг. Кажа, што няма куды дзець, маўляў, яны цяпер не ў модзе. Вiдаць, так. Мае ўнукi, рыхтуючыся да ўрокаў, садзяцца за камп’ютар i “скачваюць” творы класiкаў у скарочаным выглядзе з Iнтэрнэта. Але што гэта за чытанне? Кароценькi сюжэт i — ўсё! Там, напэўна, i пра каханне няма, i пра пачуццi... Мы вучылiся i выраслi на творах пiсьменнiкаў, а што будзе з сённяшняй моладдзю? Спяшаюцца, мiтусяцца, змянiўся тэмп жыцця. Мне гэта ўжо не зразумець...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter