Пакуль памятаем — жывём

Спецыяльная прэмія Прэзідэнта ў намінацыі “Журналістыка” за 2007 год прысуджана нашай каляжанцы з газеты “Звязда” Таццяне Падаляк за цыкл публікацый “Нашчадкі вогненных вёсак”.

Тэма, распачатая рэдактарам аддзела культуры газеты “Звязда” Таццянай Падаляк на старонках выдання пасля больш як трыццаці гадоў з часу выхаду кнігі Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Уладзіміра Калесніка “Я з вогненнай вёскі”, выклікала вялікую ўвагу чытачоў. Дзякуючы сумесным намаганням удалося знайсці каля 30 чалавек, якія выжылі ў час Вялікай Айчыннай вайны ў спаленых вёсках. І пачынаць работу над цыклам публікацый пра вёскі, у якіх паўтарылася трагедыя Хатыні, было варта, адзначае Таццяна Уладзіміраўна. Тым больш што зараз, калі з’явіліся спробы перапісаць гісторыю і ўвогуле фальсіфікаваць некаторыя факты. “Таму і было вырашана ў газеце даць слова апошнім сведкам тых жудасных часоў, якія і расказалі праўду аб вайне, — гаворыць Таццяна Уладзіміраўна. — Мы звярнуліся з просьбай адгукнуцца тых, хто выжыў у спаленых вёсках. І пайшлі лісты, многія з якіх без слёз я чытаць не магла. Спаленыя вёскі — гэта трагічны сімвал Беларусі. Толькі ўявіце: лёс Хатыні паўтарылі 628 вёсак нашай краіны. З іх 186 не адрадзіліся, але памяць аб іх павінна жыць”.
Аўтар цыкла публікацый сёння прызнаецца, што напачатку не магла і падумаць, што ўдасца знайсці столькі нашчадкаў вогненных вёсак. Яна шмат гадоў сябравала з адзіным жыхаром вёскі Дальва, спаленай за дзесяць дзён да вызвалення, Мікалаем Пятровічам Гірыловічам, які нядаўна пайшоў з жыцця. З сем’ямі многіх герояў сваіх публікацый яна сябруе і зараз.
Тэма вайны займае значнае месца ў журналісцкай дзейнасці Таццяны Падаляк яшчэ і таму, што Вялікая Айчынная сваім чорным крылом кранула і яе сям’ю. “Гэта мой боль, — прызнаецца Таццяна Уладзі-міраўна. — Нядаўна мы з маім бацькам накіравалі яшчэ адно пісьмо ў горад Падольск Маскоўскай вобласці, дзе знаходзіцца архіў Міністэрства абароны Расіі, у якім захоўваюцца ўсе матэрыялы, звязаныя з Вялікай Айчыннай вайной. Справа ў тым, што мой дзед быў прызваны ў чэрвені 1941 года ў горадзе Нароўля Палескай вобласці, зараз — Гомельскай. У пахавальнай, якую атрымала мая бабуля, сказана: “Падаляк Уладзімір Данілавіч, стралок 517-га стралковага палка 166-й стралковай дывізіі, загінуў 17 жніўня 1944 года. Пахаваны ў 50 метрах на поўнач ад вёскі Чункас, раён Скайтекалне Рыжскага павета”. Мая бабуля Антаніна Аляксандраўна, якой зараз 94 гады, усё жыццё пражыла салдацкай удавой і больш ніколі не была нічыёй жонкай, — і яе сыны не змаглі знайсці магілку таты. І сёння мы нічога не ведаем пра яго баявы шлях. Наша сям’я зараз вельмі ўсхвалявана сітуацыяй з ваеннымі пахаваннямі ў Прыбалтыцы. Тое, што топчуць, руйнуюць салдацкія магілы — гэта страшна...”
Дзякуючы цыклу публікацый Таццяны Падаляк яшчэ не адно пакаленне не толькі прачытае пра людзей складанага жыццёвага лёсу, але запомніць і раскажа потым сваім дзецям, а яны — унукам. Каб праўда пра вайну ніколі не сыходзіла ў нябыт. “І сёння як наказ гучаць словы нямецкага філосафа і гісторыка Освальда Шпенглера, які ў канцы 20-х гадоў казаў: “Другая сусветная вайна  пачнецца ў канцы 30-х — пачатку 40-х гадоў, таму што вырасце пакаленне, якое забудзе Першую сусветную”. Многае ў тым, каб будучыя пакаленні не дапусцілі вайны, залежыць сёння ад сям’і, ад настаўнікаў, ад школы і ад нас, журналістаў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter