Пакрыўджаны Ёрык, ці Правапіс раздзяляльнага мяккага знака і апострафа

Урокі для чытачоў “НГ” вядзе загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта прафесар, доктар філалагічных навук Віктар ІЎЧАНКАЎ.

Літара ь у роднай мове выконвае дзве даволі важныя функцыі: змякчальную — перадае мяккасць папярэдняй літары (дзень, песень, гляньце) і раз-
дзяляльную — перадае асобнае вымаўленне зычных з наступнымі галоснымі (мільён, куп’істы, В’етнам). Апошняя функцыя не заўсёды вызначаецца карыстальнікамі мовы, і прычына таму — апостраф, які ў нашым пісьме выступае таксама ў ролі раздзяляльнага знака. Таму часам раз-дзяляльны мяккі знак і апостраф блытаюць: інтэрв’ю і няправільнае інтэрвью. У слове з’яднаць [з] памылкова вымаўляецца цвёрда. Хаця ў гэтым выпадку гук [з’] павінен гучаць мякка. Ён аддзяляецца ад наступных галосных гукам [j], які па традыцыі “хаваецца” ў літары я.
Нязмушаных носьбітаў двухмоўя, якія памылкова ставяць знак роўнасці паміж апострафам і рускім цвёрдым знакам (ёрам, ёрыкам), такая сітуацыя ўводзіць у зман. У рускай мове назва літары ъ “цвёрды знак” цалкам апраўдвала сябе да рэформы 1917—1918 гг., калі ён пісаўся сапраўды пасля цвёрдых зычных, не абазначаючы ніякага гука (узгадаем: столъ, боръ). Пасля рэформы назва літары стала ўмоўнай, бо ў рускай мове цвёрды знак, як і ў роднай апостраф, пазначае раздзельнасць вымаўлення, а не цвёрдасць папярэдняга зычнага.
Такім чынам, памылкова лічыць, што зычны гук, пасля якога стаіць апостраф, заўсёды трэба вымаўляць цвёрда. У большасці выпадкаў гэта сапраўды так: б’е — [бjэ], ад’ехаць — [адjэхац’], сем’янін — [с’эмjан’ін]. Аднак гукі [з], [н] памякчаюцца перад [j] (Фанетыка беларускай літаратурнай мовы. Мінск, 1989. С. 324—325). Напрыклад, з’есці — [з’jэс’ц’і], кан’юнктура — [кан’jунктура], ін’екцыя — [ін’jэкцыjа]. Надрадковы знак ‘, як бачым, можа пазначаць і мяккасць гука ў транскрыпцыі — гуказапісе слова. Гук [j] з’яўляецца заўсёды мяккім, таму ў транскрыбіраваных словах мяккасць яго звычайна не паказваецца.
У беларускай графіцы апостраф як раздзяляльны сродак стаў выкарыстоўвацца ў “Беларускай граматыцы для школ” Браніслава Тарашкевіча. Аднак канчатковае замацаванне за ім гэтай функцыі адбылося пасля акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу 1926 года (А.М.Булыка).
Апостраф у мовах свету выконвае розныя функцыі. У некаторых з іх абазначае пропуск галосных (фр.: l’homme), у англійскай мове можа выкарыстоўвацца пры перадачы форм прыналежнага склону: cats “кошкі”, cat’s “які належыць кошцы”, cats’ “які належыць кошкам”, а таксама абазначаць пропуск не толькі галосных ці зычных, а нават і спалучэнняў гукаў. У нямецкай мове з’яўляецца арфаграфічным выражэннем роднага склону: Marx “Маркс” — Marx’ “Маркса”. У рускай арфаграфіі апостраф прымяняўся замест ъ у газетах да 1950-х гадоў, што было вынікам практыкі поўнага вынятку з тыпаграфскага набору літары ъ, не сустракалася яна і ў некаторых відах друкавальных машынак. Напрыклад: “ХІ с’езд ВЛКСМ дополнил уставные положения...” (Комсомольская правда. 22 июля 1949). Сёння апостраф у рускай мове ў функцыі раздзяляльнага знака неактуальны, затое добра прыжыўся ў беларускім правапісе.
Апостраф у роднай мове (як і ў рускай) таксама выкарыстоўваецца пры скланенні запазычаных слоў для аддзялення асновы слова, напісанай лацінскім шрыфтам, ад склонавых канчаткаў. Напрыклад: пераклад A. Prechac’а, у Voltair’а, c-moll’ная ўверцюра, карыстацца е-mail’ам. Часта ўжываецца на месцы іншамоўнага апострафа ў замежных імёнах уласных пасля пачатковых элементаў д’ и О’: Жанна д’Арк, О’Конар, Д’Артаньян; Кот-д’Ивуар.
Заўважым, што слова апостраф вымаўляецца па-рознаму: у беларускай мове ап?остраф, па-руску — толькі апостр?оф. У рускамоўнай практыцы беларусаў гэтая акалічнасць часта ігнаруецца, што тлумачыцца інтэрферэнтным уплывам, калі веданне роднай мовы напластоўваецца на валоданне іншай.
У новай рэдакцыі “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” правапісу раздзяляльнага мяккага знака і апострафа прысвечаны параграф 19. У “Правілах” (1959) адпаведны раздзел называўся крыху інакш: “Раздзяляльныя апостраф і мяккі знак”. Новая фармулёўка выклікана тым, што ў сучасны момант за апострафам традыцыйна замацавалася ўказанне на раздзельнае вымаўленне, таму словазлучэнне раздзяляльны апостраф сёння ўспрымаецца як таўталагічнае, чаго не скажаш пра рускую мову.
Паводле новай рэдакцыі “Правіл”, раздзяляльны мяккі знак пішацца пасля зычных л, с, ц (з мяккага т), дз і непрыставачных н і з перад е, ё, і, ю, я ў словах іншамоўнага пахо-
джання: вальера, рэльеф, калье, мільён, медальён, павільён, більярд, дасье, канферансье, манпансье, пасьянс, парцье, парцьера, ранцье, Фацьян, Тэнардзье, Дзьюі, мадзьяры, кастаньеты, Тэньер, каньён, Тасіньі, Авіньі, Сеньі, Нью-Ёрк, каньяк, Карбюзье,  Лавуазье, разьянскі.
Ва ўласных імёнах і назвах, утвораных ад імён на -ій (-ый), пасля зычных л, с, ц, дз, н, з перад суфіксальным -еў- (-ев-) пішацца мяккі знак: Васільеў, Васільевіч, Васільеўка, Ва-сільеўскі востраў, Арсеньеў, Арсеньевіч, Афанасьевіч, Кандрацьеў, Кандрацьевіч, Аркадзьеў, Аркадзьевіч.
Увага! Трэба адрозніваць так званыя фінальныя (Васілій, Аркадзій) і бесфінальныя (Ва-сіль, Аркадзь) формы, ад якіх утвараюцца імёны па бацьку. У напісанні і вымаўленні яны не супадаюць: Васільевіч і Ва-сілевіч, Аркадзьевіч і Арка-
дзевіч.
Пасля г, к, х і збегу зычных, акрамя нц, перад суфіксальным -еў- (-ев-) пішацца і (ы): Георгіеў, Георгіевіч, Яўціхіеў, Яўціхіевіч, Іракліевіч, Яўла-мпіевіч, Ануфрыеў, Ануфрыевіч, Ануфрыеўка, Дзмітрыеў, Дзмі-трыевіч; але: Вікенцьеў, Вікен-цьевіч, Лаўрэнцьеў, Лаўрэнцьевіч, Кліменцьевіч і інш.
Апостраф пішацца пры асобным вымаўленні зычных з наступным галосным:
пасля прыставак, якія за-
канчваюцца на зычную, перад е, ё, ю, я і націскным і: ад’?езд, аб’ём, аб’?ява, аб’ядн?ацца, пад’ёмны, раз’?юшыцца, між’?ярусны, аб’?інець, уз’ядн?анне, ад’ют?ант, ін’?екцыя, кан’юнкт?ура; Пад’юл?ішкі, Пад’?яварка, Пад’?яменец;
у сярэдзіне слова пасля  губных б, в, м, п, ф, заднеязычных г, к, х, зубных д, т і дрыжачага р перад літарамі е, ё, і, ю, я: б’ецца, вераб’і, В’етнам, інтэрв’ю, сям’я, Дзям’ян, Камп’ен, куп’ё, куп’істы, п’юць,  саф’ян, Пракоф’еў, Пракоф’евіч, Мантэг’ю, Лук’ян, Х’юстан, Аж’е, Ч’япа, Буш’е, Д’еп, бар’ер, надвор’е, Грыгор’еў, Юр’еў, Мар’іна Горка, Заг?ор’е, Падд?уб’е, Падл?іп’е, Аліг’еры, к’янці, Донах’ю;
у складаных словах з першай часткай двух-, трох-, чатырох-, шмат- перад літарамі е, ё, ю, я: двух’ярусны, трох’ярусны, шмат’ядзерны, шмат’ёмісты. Апошняга абзаца ў “Правілах” (1959) не было. Яго з’яўленне здымае шэраг пытанняў напісання апострафа.
Апостраф не пішацца:
пасля ў (у нескладовага) перад літарамі е, ё, і, ю, я: абаўецца, саўюць, салаўі, Крап?іўе, Ваўкаўё, Га?ўя;
у складаных і складанаскарочаных словах на мяжы састаўных частак, у тым ліку калі іх часткі пішуцца праз злучок: цэхячэйка, дзяржюрвыдавец-тва, трэд-юніёны, Мінюст.

Зваротная сувязь

Дапамажыце, калі ласка, высветліць, як пішуцца словы з прыстаўкай супер- перад ётавымі галоснымі. Што трэба паставіць пасля прыстаўкі, а можа, ставіць нічога і не трэба? Як напісаць: супереўра ці супер’еўра? Супер’ягада ці суперягада, супер’яркі ці суперяскравы, супер’яйкавы ці суперяйкавы, транс’еўрапейскі ці трансеўрапейскі, трансеўразійскі ці транс’еўразійскі? А можа, усе гэтыя словы пішуцца асобна? Пытанне на засыпку.
 V’аrBluzik
— Трэба прызнаць арфаграфічна карэктным напісанне: супер’еўра, супер’ягада, супер’яскравы, супер’яйкавы, транс’еўрапейскі, транс’еўразійскі. Прыведзеныя вамі словы падлягаюць правілу: апостраф пішацца пры асобным вымаўленні зычных з наступным галосным: пасля прыставак, якія заканчваюцца на зычную, перад е, ё, ю, я і націскным і. Часткі слова супер-, транс- лёгка вылучаюцца. Перад намі прэфіксоіды — марфемы, якія згубілі значэнне самастойнага слова і наблізіліся да прыставак.

Добры дзень! На ўроку прачытала ў Васіля Віткі “Жук жур жор” і не магла адказаць дзецям на пытанне, што такое “жур”. Можа, вы дапаможаце? Вялікі дзякуй!
Настаўніца пачатковых класаў, г. Мінск (Першы год працую.)
— Маецца на ўвазе “аўсяны кісель”. Слова жур адносіцца да так званай беларускай безэквівалентнай лексікі. Такога слова, напрыклад, у рускай мове няма. Так здараецца часта, бо ў нас ёсць сотні лексем, значэнне якіх па-руску перадаецца двума, а то і трыма словамі: брыль, неруш, знічка, ваўкалак, здарожыцца, пасталець і шмат інш.

Свае пытанні прафесару Іўчанкаву вы можаце пакінуць на нашым сайце www.ng.by або даслаць па электроннай пошце на e-mail: irina@ng.by ці на паштовы адрас рэдакцыі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter