Пакланiцца Каралеве

Прасіць мацярынскага заступніцтва Багародзіцы ў Будслаў зблізу і здалёк едуць і ідуць тысячы вернікаў

Прасіць мацярынскага заступніцтва Багародзіцы ў Будслаў зблізу і здалёк едуць і ідуць тысячы вернікаў

Чатыры стагоддзі таму яна прыйшла на беларускую зямлю, каб застацца з намі назаўсёды, апякуючыся сваімі дзецьмі-беларусамі, збаўляючы нас ад немачы і няшчасцяў і  адорваючы рознымі дабротамі. З павагай пакланіцца Каралеве, са шчырасцю аддзячыць Апякунцы і з пяшчотай прыхіліцца да Маці Божай у Будслаў штогод прыбываюць тысячы людзей з Беларусі і замежжа. Асабліва шмат — падчас урачыстасцяў у пачатку ліпеня. Можна ўявіць, наколькі шматлюдна будзе тут праз тыдзень, падсчас юбілейнага фэсту, прысвечанага чатырохсотгоддзю знаходжання абраза Маці Божай у Будславе. Якраз у гэтыя дні з розных куточкаў Беларусі  пад гукі гітар і бубнаў і словы гімна беларускай апякунцы выпраўляюцца ў дарогу тысячы пілігрымаў, каб праз тыдзень аддаць ёй пашану на яе малой радзіме.  Акрамя таго, на ўрачыстасці запрошаны святары і іерархі з-за мяжы, прадстаўнікі Беларускай Праваслаўнай Царквы, Лютэранскай Царквы, іўдзейскай і мусульманскай супольнасцяў у нашай краіне. Чакаюць на свяце і легата Папы Рымскага Францішка, старшыню Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу кардынала Жана-Луі Тарана, праз якога вернікі пачуюць голас самога Святога Айца. Любоў і пашану як простага люду, так і высокапастаўленых духоўных асоб абраз Маці Божай Будслаўскай заваяваў з самага пачатку. Працягвае здзіўляць, вабіць і мацаваць веру людзей ён і сёння, праз чатырыста год.

Намоленая зямля

Нядзіўна, што цуд-абраз з’явіўся менавіта на Будслаўскай зямлі. Здаецца, не толькі зямля — само паветра насычана тут духам малітвы. Калі Пецярбург толькі пачынаў будавацца, а да заснавання Чыкага заставалася больш за сто пяцьдзясят гадоў, у Будславе людзі маліліся ўжо два стагоддзі. А пачалося ўсё ў 1504 годзе, калі князь літоўскі і кароль польскі Аляксандр Ягелончык аддаў манахам-бернардзінцам каля трохсот гектараў лесу ў Мінскім павеце паміж рэчкамі Сэрвеч, Турака і Зуйка. Браты былі адпраўлены сюды з Вільні, каб сплаўляць лес для рамонту віленскага кляштара Святога Казіміра. Яны пабудавалі для сябе часовыя шалашы — буды (адсюль і назва мястэчка), а таксама невялічкае памяшканне для цэлебравання святой імшы і набажэнстваў. І ў большасці вялі пустэльніцкае жыццё, пакуль... аблюбаванае імі месца на Сэрвечы не стала папулярнае і сярод іншых людзей дзякуючы з’яўленню тут у 1613 годзе цудоўнага абраза Маці Божай.

Вядома, што абраз гэты быў падораны яшчэ ў 1598 годзе ў Рыме папам Кліментам VIII мінскаму ваяводзе Яну Пацу, калі той перайшоў з кальвінізму ў каталіцтва. Напісаны алеем у лепшых традыцыях італьянскага Рэнесансу, абраз уяўляе сабой паясную выяву Божай Маці, якая трымае на левай руцэ Езуса, указваючы на яго правай рукой. Маленькі Езус трымае ў адной руцэ плод гранат, а другой бласлаўляе. Ваявода так цаніў падарунак, што заўсёды браў яго ў паходы. Пасля смерці Паца абраз застаўся яго капелану Ісаку Салакаю. У 1613 годзе — якраз перад Вялікаднём — Салакай быў у Будславе і, узрушаны набажэн-ствам, ахвяраваў касцёлу і айцам-бернардзінцам гэты цуд. Такім чынам абраз знайшоў новы дом.

Будслаўскі абраз адразу ж атрымаў пашану ў людзей. Звесткі пра цуды, якімі ён адорваў вернікаў, хутка разляцеліся далёка па краіне і нават за яе межы. Сталі з’яўляцца копіі абраза — не толькі на тэрыторыі Беларусі, але і за мяжой. Напрыклад, самая ранняя з ацалелых копій абраза (XVII стагоддзе) знаходзіцца ў былым дамініканскім касцёле ў Літве. А яшчэ — кнігі пра цуды будслаўскай святыні. У XVII стагоддзі айцец Элеўтэрый Зеляевіч у кніжцы “Задыяк на зямлі” апісаў  42 цудадзейныя выздараўленні, якія ўчыніла Найсвяцейшая Панна Марыя і сведкам якіх ён стаў асабіста.

Цуды абраза

Першым апісаны цуд 1617 года. Ён датычыцца гісторыі пяцігадовага Язафата Тышкевіча, які аслеп. Цэлы год хлопчык нічога не бачыў. Многія з родных Язафата страцілі надзею на яго выздараўленне. Але бацькі хлопчыка працягвалі верыць. У дзень Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі прывялі Язафата ў Будслаўскі касцёл. Як толькі хлопчык пераступіў парог святыні, з яго вачэй нібы спала цёмная заслона. Язафат зноў стаў бачыць. Пазней Тышкевіч стаў вядомым айцом кармелітам і сваім служэннем дзякаваў Богу за такое цудоўнае вылячэнне.

У кнізе апісаны не толькі выпадкі цудоўнога выздараўлення. Вядома, Маці Божая Будслаўская вяртала людзей да веры і нават... ажыўляла памерлых. Адзін з такіх цудаў, напрыклад, адбыўся ў 1638 годзе, калі чатырохгадовая Зоф’я Бужынская звалілася ў сажалку і ўтапілася. Калі дзяўчынку выцягнулі, піша Зеляевіч, яна “ўжо ўся счарнела, вочы выйшлі з арбіт, не дыхала і так раздулася, што сарочку на ёй давялося разрэзаць”. Калі ж бацькі з вялікім галашэннем і надзеяй прысвяцілі яе абразу Найсвяцейшай Панны, дзяўчынка адразу ж вярнулася да жыцця.

А вось гісторыя пра тое, як Найсвяцейшая Панна настаўляла вернікаў і вучыла іх праўдзіваму жыццю ў Хрысце. Было гэта ў 1644 годзе. У адну з нядзель выбралася баярка з вёскі Берлаўшчына Ганна Абрамовічаўна ў грыбы, і з’явілася ёй у лесе ў вялікім ззянні і прыгажосці Найсвяцейшая Панна, седзячы за столікам, на якім гарэлі дзве свечкі. І калі дзяўчына, моцна спалоханая, хацела схавацца, то пачула голас: “Чаму хаваешся? Ідзі сюды! Што гэта вы ў свята працуеце і тым зневажаеце Майго Сына? Ён вам шэсць дзён даў для працы, сёмы дзень абраў для Сваёй хвалы, а вы і яго парушаеце? Ведай жа, што Сын Мой гэтым разгневаны”. Найсвяцейшая Панна дакранулася да дзяўчыны сваёй рукою, ад чаго тая страціла мову. Пасля, як апавядала сама Ганна, нейкая сіла якімсьці прыгожым і дзіўным шляхам перанесла яе з таго месца на Віленскі тракт да Крывічоў.

Дзяўчына, калі прыйшла дахаты, не магла вымавіць слова. Здзіўленая маці склікала родных і суседзяў, якія параілі ёй паслаць па знахароў. А калі тыя пачалі над ёй варажыць, Ганна з такой сілай пачала іх біць, што тыя ледзь уцяклі. А пасля тры дні дзяўчына, нічога не гаворачы, усё паказвала рукой у бок Буды (былая назва Будслава), пакуль, нарэшце, бацькі не здагадаліся і не адвялі яе ў будслаўскую святыню. Стаўшы перад абразом Найсвяцейшай Панны, Ганна ўсклікнула: “Вось гэтая Панна мне ў лесе аб’явілася і сваёй рукою дакранулася і сюды, да свайго абраза, загадала ісці”. Дзяўчына ўсё расказала, выйшла з касцёла ў добрым здароўі — зноў набыла мову.

Дзякуй, Марыя

Адорвае ласкамі сваіх дзяцей абраз Маці Божай Будслаўскай і сёння. Хоць статыстыку будслаўскіх цудаў цяпер ніхто і не вядзе, але, адкрываючы скрынку для ахвяраванняў, расказвае айцец Віктар Бурлака, кусташ Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай Будслаўскай, у ёй часта знаходзяць то залатыя пярсцёнкі, то іншыя каштоўнасці — у знак падзякі за атрыманыя ласкі. Маці Божая не пакідае без увагі нікога, хто б да яе ні прыйшоў. А прыходзяць многія. Незалежна ад веравызнання. І католікі, і праваслаўныя шукаюць тут духоўнасць, святое. Спрабуюць знайсці адказы на пытанні, дапамогу ў выздараўленні, парады ў жыццёвых сітуацыях. І знаходзяць.

Не прамініце магчымасці і вы. Прыйдзіце ў Будслаў. Па-кланіцеся Каралеве. Падзякуйце за тое, што маеце. Па-
прасіце аб тым, што баліць. І адчуйце магію святыні, якая ўвабрала ў сябе малітвы людзей на працягу чатырох стагоддзяў.

 Праграма ўрачыстасцяў у Будславе

5 ліпеня, пятніца
13.00 — 17.00 — сустрэча і прывітанне пілігрымаў кусташам санктуарыя
16.00 — прынясенне копіі абраза Маці Божай у Будслаў
17.45 — прынясенне рэліквій святой Тэрэзы з Лізьё
18.00 — святая Імша для пілігрымаў з удзяленнем сакрамэнту канфірмацыі
20.30 — Марыйныя Нешпары
21.00 — Крыжовы шлях вакол парку
22.30 — Акафіст у выкананні хору Грэка-Каталіцкай Царквы
23.00 — рахунак сумлення
23.40 — падрыхтоўка да працэсіі, унясенне прадстаўнікамі чатырох дыяцэзій копіі абраза Маці Божай Будслаўскай, якая пілігрымавала па Беларусі
24.00 — працэсія з копіяй абраза Маці
Божай вакол парку, пасля — святая Імша

6 ліпеня, субота
02.00 — адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту
02.00 — святая Імша паводле грэка-каталіцкага абраду
02.00 — моладзевая праграма ў палатачным гарадку
05.30 — Гадзінкі аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі і заканчэнне адарацыі ў касцёле
06.00 — святая Імша на польскай мове
07.30 — Ружанец
09.00 — святая Імша
11.00 — галоўная святая Імша Выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту. Эўхарыстычная працэсія з копіяй абраза Маці Божай Буд-слаўскай і рэліквіямі святой Тэрэзы. Акт прысвячэння Беларусі Беззаганнаму Сэрцу Марыі. Пасля Імшы — гашэнне маркі, выдадзенай з нагоды будслаўскага юбілею.

Як дабрацца?
Будслаў знаходзіцца прыкладна
ў ста кіламетрах ад Мінска.
Да раённага цэнтра Мядзеля можна дабрацца на аўтобусах або цягніках. Адтуль да Будслава можна даехаць на прыгарадных аўтобусах, якія ў святочныя дні рэгулярна адпраўляюцца  з гарадскога аўтавакзала.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter