Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

У анталогію паэзіі народаў Казахстана “Вечная Краіна мая” ўключаны вершы беларускі Любові Шашковай

Пах маленства на далонях

Ёмісты фаліянт паэзіі народаў Казахстана “Вечная Краіна мая” складаецца з твораў пісьменнікаў розных нацыянальнасцяў, якія жывуць і працуюць у Казахстане. Здаўна гэтая старонка была і застаецца прытулкам не толькі казахаў, але і рускіх, уйгураў, курдаў, узбекаў, татар, немцаў, карэйцаў, чачэнцаў, турак, дунган… І — беларусаў. Поруч з творамі паэтаў, якія прадстаўляюць у Казахстане сучасныя казахскую, рускую, нямецкую, карэйскую, уйгурскую, курдскую, узбекскую, турэцкую, татарскую, дунганскую, чачэнскую літаратуры, змешчаны і вершы беларускі Любові Шашковай.

Нарадзілася наша зямлячка на памежжы Гомельшчыны і Магілёўшчыны ў 1951 годзе. Закончыла факультэт журналістыкі Казахскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працавала ў рэдакцыях розных перыядычных выданняў. Цяпер — намесніца галоўнага рэдактара часопіса “Простор”. Аўтар некалькіх паэтычных і публіцыстычных кніг. Менавіта дзякуючы ініцыятывам нашай зямлячкі ў часопісе “Простор”, іншых мас-медыя Казахстана з пэўнай рэгулярнасцю з’яўляюцца матэрыялы пра Беларусь, беларускую літаратуру, стасункі беларускіх і казахскіх пісьменнікаў.

Паэтэса Любоў Шашкова. Фота: Іван Ждановіч
Любоў Канстанцінаўна шмат якія свае творы прысвяціла роднай Айчыне, у вершах яе адлюстраваны драматычныя старонкі нашай гісторыі. Паэтэса напісала паэму пра Алёну Кіш — інсітную мастачку са Случчыны, расказала пра ваенныя лёсы землякоў, блізкіх сваіх родзічаў. Творы таленавітага майстра мастацкага слова друкуюцца і ў Беларусі — у часопісах “Полымя” і “Нёман”. А ў анталогіі “Вечная Краіна мая” вершы Любові Шашковай змешчаны як на рускай, так і на беларускай мовах. Перакладчыкам выступіў лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Мікола Мятліцкі.

Голас Радзімы № 15 (3519), чацвер, 13 красавіка, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter