Пах чабаровы

У часы Савецкага Саюза прэстыжным было трапiць у Групу савецкiх войск у Германii...

У часы Савецкага Саюза асаблiва прэстыжным было для афiцэраў i прапаршчыкаў трапiць у так званую Групу савецкiх войск у Германii. Тут табе i выслуга, i двайны аклад (нават у валюце), i шэраг розных iльгот. Хаця iдэалагiчны падмурак вышэй за ўсе каштоўнасцi патрабаваў сцвярджаць бескампрамiсны патрыятызм. У сэнсе «И дым Отечества нам сладок и приятен».

Пра дым памаўчым. Мажлiва, ён усюды аднолькавага паху. А вось наконт iншых водараў знаёмы афiцэр-адстаўнiк расказаў мне сентыментальную гiсторыю. Ва ўсялякiм разе, яна не прыдуманая.

— Любiў я з водпуску прывозiць у Германiю беларускi чабор, — ажно прыжмурвае вочы ад успамiнаў стары ваяка. — Заварваў яго ў сваёй кватэры, як чай, частаваў калег i сяброў. Асаблiва пры прастудзе, калi ў грудзях зацiскае цi кашаль прычэпiцца. I дапамагала лепш за таблеткi. Але сам па сабе пах чабаровы адмысловы, нi з якiм iншым непараўнальны. Такi водар дае, што ў пакоi не ўмяшчаецца i праз сцены да суседзяў прабiваецца.

Пад такi пачастунак мы, бывала, i пагаворым не па-казённаму, i пасмуткуем па радзiме, а хто больш чуллiвы, то i слязу сарамлiва з вока сатрэ…

— Няўжо ў Нямеччыне чабор не расце? Клiмат жа, здаецца, блiзкi да беларускага. Ды i ландшафт, флора i фауна ў нечым роднасныя. Хiба што там трохi цяплей было ў мiнулым стагоддзi, — спрабую пярэчыць былому вайскоўцу.

— Клiмат, можа, i блiзкi да нашага, — разважае суразмоўца, — аднак у чужой краiне не надта па лясах i лугах разгуляешся. Ды яшчэ ў ваеннай форме другой дзяржавы. Мiгам i нашы, i гэдээраўскiя спецслужбы маглi зацiкавiцца такiмi «гульнямi». I ўжо анiякай рамантыкi. А вось калi чабарку з радзiмы прывязеш (таму i водпуск па магчымасцi стараўся браць у сярэдзiне лета), то пачуццi i словамi не перадаць. Не, што нi кажыце, а ў такой гарбаты асаблiвы водар i смак. Iнакш як растлумачыць гэты сентыментальны ўспамiн з далёкай маладосцi? Тут ужо нiякай iдэалогiяй не пахне — адна неаспрэчная праўда.

Падумалася: дзiвак наш чалавек. Калi дома жыве, то ўсяму замежнаму зайздросцiць. А занясе лёс да чужынцаў — тут i звычайныя лясныя зёлкi казачнай папараць-кветкай уяўляюцца, смуткаваць аб радзiме прымушаюць.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter