Тактыльныя экскурсіі вельмі запатрабаваныя сярод невідушчых

Пакажы мне на пальцах

Да абноўленай экспазіцыі тактыльных карцін «Мастацтва на кончыках  пальцаў» у хуткім часе можна будзе дакрануцца ў Нацыянальным мастацкім музеі. Інтэрпрэтацыі карцін знакамітых беларускіх мастакоў адаптаваныя пад невідушчых і слабых на зрок. Да «Садавіны» Хруцкага і «Блакітнай капліцы» Бялыніцкага-Бірулі далучацца каля дзесяці прац. Сёння рыхтуюцца аўдыётэксты да тактыльных інтэрпрэтацый. У далейшым карціны плануюць выставіць у галерэях Хруцкага, Савіцкага, музеі Янкі Купалы.

Людміла СКРАДАЛЬ (у цэнтры) праводзіць экскурсію для невідушчых
Фота з архіва

Экскурсіі для сляпых і слабых на зрок — абсалютна новы накірунак у нашай краiне. Такая ідэя з’явілася шэсць гадоў таму ў арганізатара праграмы «Мівія» Людмілы Скрадаль. Ініцыятар праекта імкнулася, каб невідушчыя ў літаральным сэнсе дакрануліся да свету, у якім жывуць, і каб здолелі безбар’ерна перамяшчацца ў ім.

—Мы пачалі праводзіць экскурсіі з тактыльнага рэльефу Мінскай ратушы, — прыгадвае Людміла, з чаго ўсё пачалося. — Потым зрабілі макет канцэртнай залы «Верхні горад», які ўжо мог «гаварыць». Некалькі гадоў таму прэзентавалі тактыльную мапу плошчы Незалежнасці. На ёй прадстаўлены не толькі контуры будынкаў, але і размяшчэнне ўсіх пераходаў, зялёных насаджэнняў, лавачак…  

Макеты будынкаў самі па сабе ўнікальныя: яны тактыльныя, прызначаны для выкарыстання на вуліцы і да таго ж з аўдыяабсталяваннем. Іх распрацоўкай займаецца група валанцёраў, сярод якіх — дызайнеры, скульптары, архітэктары. Для матэрыялу яны выкарыстоўваюць дрэва і пластык. Дарэчы, усе спецыялісты задзейнічаны ў праекце на бесплатнай аснове.   

Экскурсіі праходзяць толькі ў цёплы перыяд года: з мая па верасень пры добрым надвор’і. Гэта не дзіва. Насамрэч да халоднага, мокрага і бруднага дакранацца непрыемна. Аптымальная колькасць людзей у групе — гэта 2—3 невідушчыя з суправаджальнікамі і 5—6 чалавек з паслабленым зрокам. Адна экскурсія можа працягвацца да дзвюх гадзін. 

Тактыльныя экскурсіі настолькі запатрабаваныя, што людзі едуць дзеля іх з розных рэгіёнаў. Далучаюцца да незвычайных падарожжаў па Мінску і замежнікі з Казахстана, Расіі, Чэхіі і Германіі.

Канешне, да людзей з асаблівасцямі зроку патрэбен асаблівы падыход. З невідушчымі пакуль працуе толькі адна Людміла. Але паралельна з праграмай для сляпых «Дотык да Мінска» карыстаюцца попытам экскурсіі для людзей з добрым зрокам «З заплюшчанымі вачыма». У гэтым накірунку Людмілу падтрымліваюць яшчэ два экскурсаводы. 

—Часцяком не хапае інфармацыі або цяжка пераступіць псіхалагічны бар’ер, — Людміла звяртае ўвагу на складанасці працы з невідушчымі. — Канешне, першапачаткова экскурсавод павінен падрабязна апісаць, як ён выглядае: як апрануты, які колер валасоў… Тады невідушчаму лягчэй уявіць вобраз чалавека, з якім ён мае зносіны. Таксама спецыяліст павінен валодаць азамі тактыльных зносін і суправаджэння сляпых. 

Нягледзячы на складанасці, так ці інакш, экскурсіі для людзей з асаблівасцямі зроку становяцца яшчэ адной прыступкай да пабудовы безбар’ернага асяроддзя. А гэта тое, да чаго мы ўсе так імкнёмся.

Вераніка УЛАСЕВІЧ

veronika.ulasevich@mail.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter