Канцэрт-кірмаш гумару “Пасмяемся разам…”, які ладзіцца ў сталіцы, абвяшчае пра пачатак падрыхтоўкі да летняга Усебеларускага фэсту народнага гумару

Пагукаюць з Мінска ў Аўцюкі

Канцэрт-кірмаш гумару “Пасмяемся разам…”, які ладзіцца ў сталіцы, абвяшчае пра пачатак падрыхтоўкі да летняга Усебеларускага фэсту народнага гумару

Сярод клопатаў у пісьменніка Уладзіміра Ліпскага ёсць і вясёлы, ды не самы лёгкі: ён з аднадумцамі не раз ужо спрыяў таму, каб праходзілі ўсебеларускія фэсты гумару. Ды і, калі ўспомніць, быў іх ініцыятарам, адкапаўшы на Палессі, у Калінкавіцкім раёне, радовішчы запатрабаванага ў свеце Аўцюкоўскага Гумару. Нядаўна Уладзімір Сцяпанавіч пазваніў у нашу рэдакцыю, парадаваў навіною. “Запрашаю калег 1 красавіка ў Беларускі тэатр юнага гледача: там пройдзе канцэрт-кірмаш гумару “Пасмяемся разам…”, — паведаміў галоўрэд часопісаў “Вясёлка” і “Буся”. — Мы сабралі шмат удзельнікаў, прысвячаем імпрэзу Дню гумару і падрыхтоўцы да восьмага па ліку Рэспубліканскага фэсту народнага гумару “Аўцюкі—2016”.

Калі весці паралелі з народнымі традыцыямі, то ў Мінску ладзіцца “Гуканне Аўцюкоўскага фэсту”. Сам ён — у цёплым леце, а звесткі-жарты пра фэст прыносіць першакрасавіцкі канцэрт-кірмаш. І ранейшыя знаходкі-прыдумкі будуць на свяце. Запрацуе “Аўцюкоўская мытня”: пропускам на вечарыну, акрамя білета, будзе анекдот ці жарт. Кожнаму яго трэба будзе расказаць, каб пранікнуць на “тэрыторыю гумару”. Гэткі біяметрычны кантроль, тэст на наяўнасць у вашым гаспадарстве генаў гумару... Бо, калі задумацца, без таго пачуцця — чаго ж па фэстах хадзіць? Лепшыя жарты пойдуць у Скарбонку гумару. Іх будуць запісваць прадстаўнікі Акадэміі навук: як сцвярджаюць арганізатары, “для навуковага абгрунтавання і асэнсавання”.

На канцэрце-кірмашы ладзіцца выстава твораў мастакоў-карыкатурыстаў са старонак часопіса “Вожык”, з яго збораў. Яшчэ ў праграме — бліц-турнір на лепшы анекдот “Хто каго?”. Пройдзе конкурс “Цэлы кошык прапаноў” — на лепшую ідэю для чарговага фестывалю народнага гумару “Аўцюкі—2016”. Аўтары найцікавейшых, “з высокім утрыманнем гумару” прапаноў атрымаюць кнігу Уладзіміра Ліпскага “Тармазні над Аўцюкамі”. Бо гэта ж ён, нароўні з вядомым дзеячам культуры Тадэушам Стружэцкім, адзін з ініцыятараў канцэрту-кірмашу.

І “вялікая мастацкая гумарыстычная праграма” — важны складнік імпрэзы. У ёй далі згоду паўдзельнічаць народны артыст СССР і Беларусі Генадзь Аўсяннікаў, заслужаныя артысты Уладзімір Радзівілаў і Леанід Улашчанка, ансамбль народнай музыкі “Свята”, народныя ансамблі “Фэст” з Баранавіч, “Цешча” з Мінскага раёна. Выступяць артысты з народных тэатраў гумару “Вясёлыя аўцюкоўцы” (Калінкавіцкі раён), “Дубінскія фанабэры” (Валожынскі раён), “Баяніцкае смехаўё” (Любанскі раён). Выйдуць на сцэну пісьменнікі Уладзімір Ліпскі, Анатоль Бутэвіч, Навум Гальпяровіч, Анатоль Зэкаў, Зіновій Прыгодзіч. А весці вечарыну будуць Каласок і Калінка, традыцыйныя ўжо вядучыя фэсту народнага гумару.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter