Акцыя: лепшыя афтальмолагі краіны ставяць сельскім школьнікам адзінкі па зроку

Паглядзім праблеме ў вочы

Дабрачынны праект «Я бачу!» набірае абароты ў Гомельскай вобласці. Беларускі дзіцячы фонд і адзін з мабільных аператараў арганізавалі працу па праверцы зроку ў школьнікаў з сельскай мясцовасці. Сістэма ўжо адладжана — кожны дзень брыгады афтальмолагаў з Гомеля і Мазыра з шэрагам прыбораў накіроўваюцца ў Жыткавіцкі і Буда-Кашалёўскі раёны. Многія школьнікі ўжо атрымалі рэцэпты на акуляры. 

Машыну акцыі лёгка пазнаць па тэматычных наклейках

Аўтамабіль з апазнавальнымі наклейкамі праекта «Я ба­чу!» прыязджае ў вёску Дзербічы, што ў Буда-Кашалёўскім раёне. У мясцовай школе яго сустракаюць падрыхтаваныя ўжо да агляду вучні. Дзербіцкі дзіцячы сад-сярэдняя школа невялікі, усяго 79 вучняў — з гэтай вёскі, суседніх Забалацця, Маісееўкі і Рагіні. За магчымасць праверыць зрок без адрыву ад навучальнага працэсу тут удзячныя.

— Буда-Кашалёва ад нас за 30 кіламетраў, Гомель — за 60, — расказвае намеснік дырэктара Ніна Каляда. — Ехаць да медыкаў далёка, ды і не кожны з бацькоў можа дазволіць сабе лішнюю паездку.

А тут усё на месцы. У актавай зале пакінулі мінімум святла, распакавалі перасоўнае абсталяванне і распачалі працэс. Урач-афтальмолаг філіяла № 3 Гомельскай цэнтральнай гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі Ірына Буцько разам з калегамі на такім выездзе не ўпершыню. Сёння ім неабходна праверыць больш як 70 маленькіх пацыентаў — працы да вечара, часу на перапынак ці каву няма.


У арсенале афтальмолагаў на выезде не кардонныя табліцы з літарамі Ш і Б. Спецыяльны аўтарэфрактар вымярае адлегласць паміж зрэнкамі, параметры рагавіцы, вызначае пэўныя паталогіі. Праектар парадкова выводзіць на экран лічбы і літары, якія павінны называць школьнікі. Ёсць у медыкаў некалькі дзясяткаў сфер і цыліндраў — гэта спецыяльныя лінзы для вызначэння тыпу патрэбных акуляраў, і многае іншае.

Шасцігадовы Мікіта смела праходзіць аўтарэфрактар і пачынае называць літары. Праблема выплывае адразу: на «адзінку» зрок хлопчыка і блізка не цягне. Настаўніца пачынае хвалявацца. Мікіта сядзіць за другой партай і на тое, што не бачыць чагосьці на дошцы, ніколі не скардзіўся. Хлопчыку закапваюць лекі ў вочы і яшчэ раз правяраюць усе неабходныя параметры. З актавай залы ён выходзіць з рэцэптам на акуляры.

Пры дапамозе набору розных лінзаў медыкі адразу вызначаюць, якія акуляры патрэбны дзіцяці

— Ты павінен у іх чытаць, пісаць і глядзець на дошку, — інструктуе афтальмолаг Ірына Буцько і ўздыхае: — У апошні час зрок у першакласнікаў усё горшы.

 Сямігадовы Максім выбягае радасны: парушэнняў зроку ў яго не знайшлі. Вынік «1,0» прымушае з палёгкай выдыхнуць другакласніка Кірыла. Хлопчык нават змахнуў неіснуючы пот з ілба. А вось яго сяброўка Лена ў імправізаваным кабінеце затрымліваецца. Дзяўчынка і без таго носіць акуляры з першага класа. Гомельскія медыкі кажуць, што аднымі імі справу не выправіш, выпісваюць лекі і накіроўваюць на кансультацыю ў абласны цэнтр. 

На абследванне аднаго школь­ніка, асабліва калі зной­дзена пэўная паталогія, мо­жа спатрэбіцца да 30 хвілін. У Дзербічах медыкі правялі цэлы дзень. Пэўныя праблемы — практычна ў кожнага другога. На сённяшні дзень дзве брыгады абследавалі каля 1400 вучняў Жыткавіцкага і Буда-Кашалёўскага раёнаў. У апошнім папярэднія вынікі сумныя: тыя ці іншыя паталогіі зроку знойдзены ў 49,9% вучняў. У 73% выпадкаў — упершыню. Выпісана 119 пар акуляраў, тры чалавекі накіраваныя на аперацыі. Медыкі канстатуюць: зрок у дзяцей з кожным годам становіцца горшым. Раней акуляры ўпершыню выпісвалі класе ў дзявятым. Зараз усё часцей яны з’яўляюцца ў вучняў пачатковых класаў.

Кампетэнтна

Ірына Чарнякова, намеснік дырэктара Беларускага дзіцячага фонда:


— Мэта праекта «Я бачу!» — своечасовая дыягностыка ранніх парушэнняў зроку ў дзяцей школьнага ўзросту, якія пражываюць у сельскай мясцовасці. Мы робім афтальмалагічную дапамогу для іх больш даступнай. Гэта неабходна, бо захворванні зроку з'яўляюцца аднымі з самых распаўсюджаных. У мінулым годзе такі праект мы праводзілі ў Магілёўскай вобласці. Высветлілася, што парушэнні ёсць у 27,3% маленькіх пацыентаў. Больш чым у паловы з іх паталогіі знайшлі ўпершыню. У 2017 годзе плануецца абследаваць каля 14 000 школьнікаў у 14 раёнах Гомельскай вобласці — тых, што пацярпелі ад катастрофы на ЧАЭС, і тых, дзе няма дзіцячага, а часта і дарослага афтальмолага. 

valchencko@mail.ru

Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter