Новая беларуская суполка ва ўкраінскім горадзе напаўняе жыццё паэзіяй і музыкай

Паэтычная вечарына ў Мікалаеве

Новая беларуская суполка ва ўкраінскім горадзе  напаўняе жыццё паэзіяй і музыкай

Новая беларуская суполка ва ўкраінскім горадзе  напаўняе жыццё паэзіяй і музыкай



Удзельнікі вечарыны з Генконсулам Беларусі ў Адэсе Валянцінам Філіпчыкам

“Жанчына, каханне, вясна” — так называлася літаратурна-музычная кампазіцыя, якую стварылі актывісты Цэнтра беларускай культуры “Голас Радзімы” з Мікалаева, украінскага абласнога цэнтра. Гэта была цудоўная па эмацыйнай насычанасці імпрэза ў плыні XII абласнога фэсту славянскіх народаў. Свята сабрала прыхільнікаў беларускай культуры. Сярод ганаровых гасцей былі Генконсул Беларусі ў Адэсе Валянцін Філіпчык, прадстаўнікі абласной адміністрацыі, гарсавета, іншыя паважаныя асобы.

Пра каханне, як вядома, на розных кантынентах пішуць раманы і складаюць вершы, шмат твораў прысвечана светламу, часам і тужліваму пачуццю ў беларускай літаратуры. Максім Багдановіч, Якуб Колас, Янка Купала, Максім Гарэцкі, Уладзімір Караткевіч, Васіль Быкаў, Іван Шамякін, Аркадзь Куляшоў…  Зрэшты, лягчэй сказаць, хто не пісаў пра каханне. Дарэчы, слова гэтае азначае выключна пачуцці пэўнай узаемнай сімпатыі паміж мужчынам і жанчынай, аднак мужчынскія дачыненні з маці, сястрой, Бацькаўшчынай беларусы акрэсліваюць словам любоў. Пра тое таксама казалі на свяце беларускай паэзіі ў Мікалаеве.

Вершы, напоўненыя каханнем, чыталі актывісткі ЦБК “Голас Радзімы”  Галіна Міняйла, Кацярына Раманенка, Таццяна Бусько, Галіна Голуб. І ці ж не ўскалыхнуць любое сэрца такія, скажам, высокія радкі вядомай паэткі Яўгеніі Янішчыц: “Ты пакліч мяне. Пазаві./ Там заблудзімся ў хмельных травах./ Пачынаецца ўсё з любві,/ Нават самая простая ява./ І тады душой не крыві/ На дарозе жыцця шырокай.
Пачынаецца ўсё з любві —/ Першы поспех і першыя крокі...” Святочную атмаферу ў зале ствараў і вакальны гурт суполкі: гучалі нашы народныя песні, сярод якіх усім вядомая “Касіў Ясь канюшыну”.

Свята беларускай паэзіі пакінула добры след у жыцці горада. А што, калі б яго зрабіць вяснова-традыцыйным? Найлепш вершамі выказваць пачуцці, калі абуджаецца ўсё жывое. Старшыня Савета нацыянальнасцяў вобласці Лаліта Каймаразава казала, што ўлюбілася ў самабытную беларускую культуру, паэзію — яркую , шчырую і душэўную. Яна ўручыла Цэнтру дыплом за пашырэнне беларускай мовы і культуры ў рэгіёне, за актыўны ўдзел у арганізацыі і правядзенні Фэсту славянскіх народаў. Ганаровую грамату за актыўнае пашырэнне беларускай культуры ва Украіне, умацаванне сяброўства паміж братнімі народамі Беларусі ды Украіны ўручыў Цэнтру Генконсул Беларусі ў Адэсе Валянцін Філіпчык. “Няхай шчасце будзе ў кожнай хаце. Няхай шчасце будзе не выпадкам, не час ад часу, а частым госцем кожнага чалавека. Давайце жыць у міры і згодзе, кахаць і быць каханымі!” — такімі словамі завяршала музычна-паэтычную вечарыну Таццяна Дзяменнікава, кіраўніца Цэнтра беларускай культуры. Яна падзякавала ўсім, хто прыйшоў на свята, сімпатызуе Беларусі. І ўсім мужчынам, хто кахае беларусак. Зрэшты, як жа іх не кахаць, калі нават у вядомай песні ёсць словы: “Прыгажэйшыя на свеце — беларускія дзяўчаты!”.

Мікалай Бойка
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter