У Беларускім доме ў Даўгаўпілсе гучала лірыка Паўла Плотнікава

Паэт з памежнай вёскі Апідамы

Сярод тых, хто актыўна працуе ў Беларускім культурна-асветніцкім таварыстве “Уздым” у Даўгаўпілсе, шмат талентаў. Мы ладзім творчыя сустрэчы з імі ў Цэнтры беларускай культуры. Ушаноўвалі і Паўла Плотнікава — гэта быў творчы вечар паэта, члена Саюза пісьменнікаў Расіі.

Паэт Павел Плотнікаў на вечарыне ў Цэнтры беларускай культуры

Імя паэта добра вядомае ў асяродках творчай інтэлігенцыі Латвіі. Ён аўтар рускамоўных зборнікаў вершаў “Вилянская мозаика” (2001), “Мои перекрёстки” (2002), “Ты — мироздание моё” (2004), “Постскриптум” (2007). Рэгулярна публікуецца ў Рэзэкненскім паэтычным альманаху паэтаў Латгаліі, у альманаху “РУСЛО” рускай пісьменніцкай арганізацыі Латвіі, у зборніку “Руская паэзія Латгаліі”, а таксама ў газетах і часопісах. А летась вершы Паўла Плотнікава ўвайшлі ў анталогію “Русские поэты Латвии”. Рыхтуецца да выпуску зборнік  аўтара “Латгальская акварель”.

Спадар Павел актыўна ідзе да чытача і праз інтэрнэт, з 2008-га  публікуецца на паэтычнай інтэрнэт-пляцоўцы “Стихи.ру” — пад псеўданімам “Павел Апидамский”. Апідамы —  беларуская вёска на мяжы з Літвой, дзе ў першы пасляваенны год нарадзіўся будучы паэт. У 1946-м сям’я перабралася жыць у Вільнюс: хлопчык хварэў, і бацькі павезлі ратаваць яго ў бліжэйшы вялікі горад. І да роднай вёскі, у якой ацалела адзіная стараверская царква на ўсю вялікую акругу, у Паўла Плотнікава ляжыць душа. Упершыню ён з’ездзіў туды ўжо ў сталым узросце. З тых часоў, расказваў на творчым вечары,  у яго лірыцы тэма малой радзімы, Беларусі гучыць асабліва пранікнёна. Увогуле ж Беларусь, Літва і Латвія для паэта — землі любімыя, кожная з краін-суседак пакінула яркі след у жыцці: там жывуць сваякі і сябры.

На вечарыне ў Беларускім доме Павел Плотнікаў натхнёна чытаў свае вершы. А члены таварыства “Уздым” выбралі з яго зборнікаў тыя, што прыйшліся ім даспадобы, і таксама чыталі. Потым аўтар прызнаваўся: кожны міжволі прыўносіў у тыя радкі, што чытаў, і часцінку сваёй душы. Так што гэта была ўжо сяброўская сутворчасць.

Консул Беларусі ў Даўгаўпілсе Юры Давыдоўскі павіншаваў Паўла Плотнікава з творчым вечарам, падкрэсліў: гэта знак павагі, грамадскага прызнання. Парадаваўся, што і паэтычнае слова можа спрыяць наладжванню цёплых, душэўных стасункаў паміж супляменнікамі. Старшыня таварыства “Уздым” Валеры Амбросаў пажадаў паэту далейшых творчых поспехаў. Цёплыя словы ў адрас Паўла Васільевіча і вершы ў падарунак прагучалі ад яго калег-паэтаў Анастасіі Сазанковай, Зянона Бурага, Станіслава Валодзькі, Кацярыны Андрэевай, Зянона Ваяводскага, Юрыя Лаўрыненкі, Сафіі Кавалёвай-Крываносавай, Анатоля Харына, Галіны Івановай ды іншых. Паэтычную вечарыну ўпрыгожылі і народныя беларускія песні ў выкананні ансамбля “Купалінка”.

Жанна Раманоўская, кіраўніца Цэнтра беларускай культуры, г. Даўгаўпілс
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter