Падзямелле прыадкрые таямніцы

Падвалы палаца Тызенгаўзаў, у якім цяпер знаходзіцца Пастаўская раённая бальніца, стануць яшчэ адной цікавай рысай помніка архітэктуры
Так выглядае сёння пастаўскі палац ТызенгаўзаўПадвалы палаца Тызенгаўзаў, у якім цяпер знаходзіцца Пастаўская раённая бальніца, стануць яшчэ адной цікавай рысай помніка архітэктуры.

Падзямеллі, а гэта вялікая сетка хадоў і пераходаў, тут працягнуліся на дзесяткі кіламетраў. Гісторыкі і археолагі ўжо закончылі іх даследаванне, і ў бліжэйшы час пачнецца рэканструкцыя. Праект рэстаўрацыі палаца і яго падземнай часткі мяркуецца ажыццявіць да 2015 года.

У старажытных падвалах размесцяцца экспазіцыі, прысвечаныя вядомаму роду, гісторыі палаца і саміх Пастаў. Невялікая частка падвала ўжо пераабсталявана пад кафэ, якое карыстаецца папулярнасцю ў турыстаў. Палац Тызенгаўзаў быў пабудаваны ў канцы ХVІІІ стагоддзя.

Тут жыў вядомы арнітолаг Канстанцін Тызенгаўз — аўтар многіх навуковых работ, адна з якіх — “Усеагульная арніталогія, ці Апісанне птушак усіх частак свету”. У сваім маёнтку ён арганізаваў арніталагічны музей, у палацы працавала выязная кафедра Віленскага універсітэта.
Сёння палацава-паркавы ансамбль — славутасць Пастаў, ён уключаны ў экскурсійны маршрут па раёне. Толькі летась палац наведалі больш за 10 тысяч турыстаў.

Дарэчы, за захаванне помніка гісторыі Пастаўская цэнтральная раённая бальніца атрымала грант ЮНЕСКА.

Дзіяна Грышанава
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter