“Падзяку перадаць зямлі і цёплым ліўням, і сонцу, і вятрам,а перш за ўсё — руплівым мазолістым рукам”
22.09.2007 01:00:00
Дажынкі заўсёды былі святам агульным. Тое, што іх спраўляе ўся краіна, вельмі добра. Не толькі таму, што гэта выдатная нагода адзначыць тых, хто працаваў на гэты ўраджай. У Беларусі, як і ва ўсёй Еўропе, хутка расце колькасць гарадскога насельніцтва. Многія з маладых гараджан ужо не такія блізкія да зямлі, як іх бацькі, якія ў большасці сваёй былі родам з вёскі. Таму яны, маладыя, нярэдка не ведаюць, што хлеб расце не на магазінных паліцах, і тым больш мала ведаюць пра тых людзей, якія сваёй нялёгкай працай, сваім потам, сваімі недаспанымі начамі “прывялі” свежы бохан на гарадскі стол. Іменна гэтыя людзі — галоўныя героі “Дажынак”. Загарэлыя пад жнівеньскім сонцам твары, спрацаваныя моцныя рукі, сціпласць і ніякаватасць гэтых людзей перад шматлікімі фота- і відэакамерамі здольныя шмат расказаць пра тую цану, якой даюцца ім рэкордныя намалоты. І гэта выклікае ў чалавека, нават зусім далёкага ад вёскі, павагу да гэтых людзей і пачуццё ўдзячнасці ім. Вельмі важныя і для сялян, і для гараджан пачуцці, бо іменна яны нараджаюць такія неабходныя для кожнага паняцці, як адзіны народ і адзіная краіна.