“Падзяку перадаць зямлі і цёплым ліўням, і сонцу, і вятрам,а перш за ўсё — руплівым мазолістым рукам”

Cёння Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка па традыцыі прыме ўдзел у рэспубліканскім фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі “Дажынкi-2007”, які праходзіць у РэчыцыДажынкі. Слова, атрыманае ў спадчыну ад мінулых пакаленняў, само па сабе такое крамянае і духмянае на вуснах, што яны і вымаўляюць яго з задавальненнем, і самі па сабе ва ўсмешку складваюцца ў прадчуванні нечага добрага, ва ўспаміне аб нечым прыемным. У слове гэтым — і хваляванне залацістай нівы пад лёгкім ветрыкам, і стомленыя пожні на змярканні лета, і ні з чым не параўнальнае адчуванне цёплага — жывога — зерня ў далонях, і водар свежага хлеба з залацістай скарыначкай — самай смачнай на свеце смакаты. І выразна чуюцца ў гэтым слове іншыя, без якіх усё астатняе наогул страчвае сэнс, — “жыць”, “жыццё”. Гэта не філалагічная выпадковасць. Хлеб заўсёды быў, дый па сёння застаўся асновай існавання. Зжалі, дажалі ўраджай — значыць, перажывём зіму, дажывём да вясны. Гэту спрадвечную простую ісціну ніякі прагрэс адмяніць не здольны. Хіба што ў сённяшніх рэаліях варта дадаць яшчэ вельмі важную дэталь: будзем жыць так, як хочам і лічым патрэбным, ні перад кім не кленчачы, ні ў кога не просячы, не залазячы ў пазыкі. А іменна гэта ў сучасным свеце і завецца незалежнасцю.

Дажынкі заўсёды былі святам агульным. Тое, што іх спраўляе ўся краіна, вельмі добра. Не толькі таму, што гэта выдатная нагода адзначыць тых, хто працаваў на гэты ўраджай. У Беларусі, як і ва ўсёй Еўропе, хутка расце колькасць гарадскога насельніцтва. Многія з маладых гараджан ужо не такія блізкія да зямлі, як іх бацькі, якія ў большасці сваёй былі родам з вёскі. Таму яны, маладыя, нярэдка не ведаюць, што хлеб расце не на магазінных паліцах, і тым больш мала ведаюць пра тых людзей, якія сваёй нялёгкай працай, сваім потам, сваімі недаспанымі начамі “прывялі” свежы бохан на гарадскі стол. Іменна гэтыя людзі — галоўныя героі “Дажынак”. Загарэлыя пад жнівеньскім сонцам твары, спрацаваныя моцныя рукі, сціпласць і ніякаватасць гэтых людзей перад шматлікімі фота- і відэакамерамі здольныя шмат расказаць пра тую цану, якой даюцца ім рэкордныя намалоты. І гэта выклікае ў чалавека, нават зусім далёкага ад вёскі, павагу да гэтых людзей і пачуццё ўдзячнасці ім. Вельмі важныя і для сялян, і для гараджан пачуцці, бо іменна яны нараджаюць такія неабходныя для кожнага паняцці, як адзіны народ і адзіная краіна.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter