Штодзённы маршрут столінскага паштальёна Марыны Яшчук амаль 30 кіламетраў

Падзякі руплівай Марыне

З шасці паштовых маршрутаў Століна той, што абслугоўвае Марына Яшчук, самы працяглы — 27 кіламетраў. Складаецца ён з вуліц, завулкаў заходняга мікрараёна райцэнтра і нават часткі забудаванага дыхтоўнымі катэджамі праспекта Міра. За чатыры гады працы паштальёнам Марына Мікалаеўна стала сапраўдным сябрам гаспадароў многіх падворкаў.


Нарадзілася і вырасла яна ў палескай вёсцы Варані, што выцягнулася за імклівай ракой Гарынню. Памятае паляшучка непраходныя балоты і заліўныя лугі, што падступалі да варанёўскіх агародаў. Хуткацечная рачная плынь па некалькі разоў на год шырока разлівалася, і дабірацца ў Варані можна было толькі на пароме. Меліяратары акультурылі забалочаныя масівы. Праз раку пабудаваны бетонны мост. Пры жыцці аднаго пакалення значна змяніўся гэты палескі куток.

Пашырае межы райцэнтр. Акрамя раённага вузла паштовай сувязі дзейнічаюць некалькі аддзяленняў. Участак, які абслугоўвае Марына Яшчук, у асноўным забудаваны ў апошнія дзесяцігоддзі. Пастаянна жылы раён прырастае новымі сядзібамі. Для зручнасці паштальёна абсталяваны два сховішчы, куды аўтатранспарт падвозіць карэспандэнцыю, тавары першай неабходнасці. Кожны месяц на сваім участку руплівая Марына Мікалаеўна рэалізуе тавараў на некалькі соцень рублёў. Зараз, калі паспелі садовыя і лясныя ягады, вельмі запатрабаваны цукар. Попытам карыстаюцца крупы, макаронныя вырабы і іншыя харчовыя тавары.  

Актыўна займаецца паштальён падпіскай на перыядычныя выданні. Поспехам у столінцаў карыстаецца «Сельская газета». Акрамя індывідуальных падпісчыкаў Марына Яшчук  дастаўляе наша выданне ў ПМК-62, Столінскую ПМС.

Хапае клопатаў у паштальёна і пасля працоўнага дня. Муж Уладзімір Сцяпанавіч летам з брыгадай будаўнікоў выязджаюць на заробкі. Упраўляцца па гаспадарцы маці дапамагаюць дочкі Хрысціна і Паўліна, сын Давід. Спраў у шматдзетнай сям’і хапае: выбраць клубніцы, прапалоць бульбу, гародніну. Сям’я старанная і дружная. І ў аддзяленні паштовай сувязі Марына Яшчук — адна з лепшых. Пра гэта сведчаць шматлікія падзякі ад жыхароў яе паштовага ўчастка.

subbat50@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter