Падзея ў культурным жыцці Вентспілса

Дні беларускай культуры прайшлі ў Латвіі
Свята было арганізавана грамадскім аб’яднаннем беларусаў горада Вентспілс “Спадчына” пры падтрымцы беларускага дыппрадстаўніцтва і Саюза беларусаў Латвіі. Галоўнай падзеяй Дзён стаў святочны канцэрт, які прайшоў у цэнтры Вентспілса на Ратушнай плошчы. У канцэрце прынялі ўдзел калектывы з Беларусі — народны аркестр беларускіх нацыянальных інструментаў “Ліра” з Мінска, ансамбль народнай песні і музыкі “Жытніца” з Клічаўскага раёна Магілёўскай вобласці, а таксама творчыя калектывы беларускай дыяспары з Вентспілса, Рыгі, Даўгаўпілса, ансамбль беларускай песні з Эстоніі.
Падчас Дзён беларускай культуры прайшоў літаратурны вечар, на якім гучалі вершы на беларускай, латышскай, літоўскай, польскай мовах у выкананні студэнтаў універсітэта Даўгаўпілса. Адбылася прэзентацыя зборніка вершаў беларускіх паэтаў Латвіі, выдадзенага пры падтрымцы Саюза беларусаў Латвіі. Выступілі творчыя калектывы дыяспары. На вечары прысутнічалі актывісты арганізацый беларусаў, іншых нацыянальных меншасцяў, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі горада.
Свята завяршылася масавым народным гуляннем у этнаграфічным музеі Вентспілса пад адкрытым небам, дзе зноў гучалі народныя песні, праходзіла выстава-продаж мастацкіх вырабаў Беларускага рэспубліканскага цэнтра народнай творчасці з Мінска. Госці атрымалі магчымасць паспрабаваць нацыянальныя стравы, што былі прыгатаваны ў рэстаране беларускай кухні, які працуе ў Вентспілсе.
У пасольстве Беларусі ў Латвіі падкрэслілі, што Дні беларускай культуры сталі сведчаннем культурна-гістарычнай блізкасці двух народаў. Гэтая акцыя яшчэ раз пацвердзіла актыўную пазіцыю беларускай дыяспары па захаванню і развіццю беларускай культурна-гістарычнай спадчыны, яе імкненне падтрымліваць актыўныя сувязі з этнічнай Радзімай, прадэманстравала высокі мастацкі ўзровень аматарскіх калектываў.

Ганна Бандарчук
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter