Падзел кватэры, непагашаны крэдыт і канфіскацыя аутамабіля

Падзел кватэры, крэдыт і канфіскацыя аўтамабіля

На пытанні адказваюць спецыялісты
Нямала гадоў я знаходзілася ў грамадзянскім шлюбе. А зараз у майго мужчыны з`явілася іншая сімпатыя. У мяне такое надзённае пытанне: як зрабіць з ім падзел кватэры?
Іна Сяргееўна, г. Мінск

На пытанне адказвае адвакат юрыдычнай кансультацыі Савецкага раёна г. Мінска Таццяна ШАСТОЎСКАЯ

Перш чым падзяліць кватэру паміж двума саўласнікамi, неабходна вызначыць памеры іх долей у ёй. Калі пры падзеле маёмасці, нажытай у шлюбе, долі мужа і жонкі прызнаюцца роўнымі (па 1/2 кожнаму, калі іншае не прадугледжана шлюбным дагаворам), то пры падзеле маёмасці грамадзянскіх мужа і жонкі данае правіла не дзейнічае.

У асоб, якiя знаходзяцца ў фактычных шлюбных адносінах, права агульнай сумеснай уласнасці на сумесна нажытую (гэта значыць сумесна набытую) маёмасць не ўзнікае. Жылое памяшканне з`яўляецца ўласнасцю той з асоб, на чыё імя яно зарэгістравана ў органах дзяржаўнай рэгістрацыі.

Калі абедзве асобы ўдзельнічалі сваімі грашовымі сродкамі ў набыцці жылога памяшкання, то ў iх узнікае права агульнай долевай уласнасці на сумесна набытую маёмасць, г.зн. з вызначэннем канкрэтнай долі кожнага з уласнікаў у праве ўласнасці. Замацаваць права долевай уласнасці на жылое памяшканне грамадзянскія муж і жонка могуць у добраахвотным або ў судовым парадку.

У добраахвотным парадку — шляхам заключэння паміж імі якога-небудзь дагавора. Пры нежаданні аднаго з грамадзянскіх мужа і жонкі вызначыць долі ў кватэры ў добраахвотным парадку яны могуць быць вызначаны судом па пазове іншага «аб прызнанні права на долю ў праве ўласнасці на кватэру». Аднак, паколькі асобы не з`яўляюцца мужам і жонкай, жылое памяшканне не можа быць прызнана судом іх агульнай долевай уласнасцю толькі на той падставе, што яны знаходзіліся ў фактычных шлюбных адносінах у перыяд яе набыцця. У даным выпадку неабходна, каб асоба, якая прэтэндуе на долю ў праве ўласнасці на жылое памяшканне, удзельнічала сваімі грашовымі сродкамі ў набыцці спрэчнага жылога памяшкання прапарцыянальна адшукваемай (названай у іскавай заяве) долі. Таксама неабходна (і гэта самае складанае) даную акалічнасць даказаць. Як правіла, суды прымаюць пад увагу толькі пісьмовыя доказы такога ўдзелу (квітанцыі аб аплаце, крэдытныя дагаворы, дагаворы пазык і г.д.). 

Таксама пазоўніку неабходна даказаць у судзе той факт, што паміж бакамі мелася пагадненне менавіта аб стварэнні агульнай уласнасці на жылое памяшканне (а не проста аб грашовай дапамозе адной асобы ў набыцці жылога памяшкання кімсьцi ў  яго ўласнасць), і грошы ён дадаваў на набыццё жылога памяшкання менавіта з гэтай мэтай. Даную акалічнасць таксама складана даказаць, паколькі адказчык, вядома ж, будзе катэгарычна пярэчыць супраць гэтага факту.

Пасля вызначэння долей у праве ўласнасці на жылое памяшканне (у добраахвотным або судовым парадку) падзел жылога памяшкання ў натуры адбываецца таксама альбо добраахвотна, альбо ў судзе па адпаведным iску.

Крэдыт не быў пагашаны


У 2012 годзе брала крэдыт у банку. Крэдыт не быў своечасова пагашаны па прычыне адсутнасці працы і грашовых сродкаў. Банк звярнуўся ў суд. У 2013 годзе я ўладкавалася на працу і з маёй заработнай платы пачалі вылічваць грашовыя сродкі на пагашэнне запазычанасці. У сярэдзіне 2014 года я з ёй цалкам разлічылася. Нядаўна прыйшоў ліст аб тым, што банк звярнуўся з заявай у суд, той праіндэксаваў суму маёй запазычанасці, і я яшчэ засталася вінавата банку. Ці з`яўляюцца дзеянні банка і суда правамернымі?
Алена Іванаўна, г. Мінск

На пытанне адказвае Генадзь ФІЛАНОВІЧ, кандыдат юрыдычных навук, адвакат Мінскай гарадской калегіі адвакатаў

Норма аб магчымасці індэксацыі прысуджаных грашовых сум прадугледжана артыкулам 318-2 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей — ГПК) і ўведзена ў дзеянне з 19 сакавіка 2012 года. Гэтай нормай прадугледжана магчымасць для любога спагнанніка (ці то банк, іншая арганізацыя або фізічная асоба) звярнуцца ў суд, які разглядаў справу, з заявай аб індэксацыі спагнаных судом грашовых сум на дзень выканання рашэння. Заява разглядаецца ў судовым пасяджэнні з абавязковым паведамленнем асоб, якія ўдзельнічалі ў справе. Іх няяўка не перашкаджае разгляду заявы аб індэксацыі ў іх адсутнасць. Аднак заканадавец, уводзячы дадзеную норму ў ГПК, не вырашыў тэхнічных пытанняў, якія тычацца методыкі ажыццяўлення індэксацыі прысуджаных сум, а таксама не зазначыў, з якога моманту прысуджаная судом сума падлягае індэксацыі. Звычайна ў такіх умовах спагнаннікі просяць суд прымяніць стаўку рэфінансавання Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь альбо праіндэксаваць спагнаныя з даўжніка сумы з улікам індэкса спажывецкіх цэн, якiя штомесяц публікуюцца Нацыянальным статыстычным камітэтам. З дадзенымі індэксамі можна азнаёміцца на афіцыйным сайце камітэта па адрасе: http://belstat.gov.by/ у раздзеле «Афіцыйная статыстыка», падраздзел «Кошты».

Разлік індэксацыі робіцца самім спагнаннікам. Пачатковай кропкай адліку з`яўляецца дзень ўступлення ў законную сілу рашэння суда аб спагнанні сумы грашовых сродкаў, а канчатковай — дзень фактычнага спагнання з даўжніка грашовай сумы або добраахвотнай яе выплаты даўжніком. Калі спагнанне рабiлася прымусова і перыядычнымі плацяжамі (напрыклад, адзін раз у месяц з заработнай платы даўжніка), то разлік індэксацыі робiцца па кожнай спагнанай з даўжніка суме асобна.

У выпадку нязгоды даўжніка з вызначэннем суда аб індэксацыі прысуджаных грашовых сум у яго ёсць права на абскарджанне гэтага вызначэння ў дзесяцідзённы тэрмін з дня яго вынясення або ўручэння (у выпадку калі даўжнік не ўдзельнічаў у судовым пасяджэнні). Скарга падаецца ў суд, якi вынес вызначэнне, але адрасуецца ў суд касацыйнай інстанцыі (звычайна гэта судовая калегія па грамадзянскіх справах адпаведнага абласнога або Мінскага гарадскога суда).

Вызначэнне суда аб індэксацыі прысуджаных грашовых сум падлягае выкананню як любое іншае рашэнне суда. Паўторная індэксацыя спагнаных судом грашовых сум не прадугледжваецца. Пасля выканання даўжніком вызначэння суда аб індэксацыі прысуджаных грашовых сум яго абавязак перад спагнаннікам будзе цалкам пагашаны.

Такім чынам, дзеянні банка і суда ў дадзеным выпадку з`яўляюцца правамернымі. Разам з тым, калі вы сутыкнуліся з падобнай сітуацыяй, то можна звярнуцца па вочную кансультацыю да адваката для праверкі абгрунтаванасці вырабленай судом індэксацыі сумы запазычанасці, паколькі верагоднасць памылкі ў саміх разліках не выключана.

І штраф, і канфіскацыя

За п`янае кіраванне меры ўздзеяння на кіроўцаў зрабілі больш жорсткімі, канфіскуюць у іх нават машыны. Ці даюць гэтыя меры жаданы вынік? 
Іван ПАЛУЯНЧЫК, г. Віцебск 

На пытанне адказвае Ганна БАНАДЫК, старшы інспектар па асобых даручэннях УДАІ МУС

Сапраўды, ужо год за паўторнае на працягу года кіраванне ў стане ап`янення прымяняецца спецыяльная канфіскацыя транспартнага сродку, незалежна ад яго прыналежнасці (за выключэннем выпадкаў угону або крадзяжу). Разам з тым у якасці пакарання віноўнікі парушэнняў атрымліваюць і папраўчыя работы з пазбаўленнем права кіравання ўсімі відамі транспартных сродкаў на тэрмін да 5 гадоў, арышт або абмежаванне волі са штрафам да 1000 базавых велічынь з пазбаўленнем права кіравання на тэрмін да 5 гадоў, а максімальнае пакаранне — да 3 гадоў пазбаўлення волі. У выпадку, калі асоба ўпершыню прыцягваецца да адказнасці за кіраванне ў стане ап`янення, памер штрафу складае ад 50 да 100 базавых велічынь. Пры гэтым кіроўца пазбаўляецца права кіравання на 3 гады.

Калі парушэнне ПДР у стане ап`янення выклікала смерць чалавека або нанясенне цяжкага цялеснага пашкоджання, прадугледжана пакаранне да 7 гадоў пазбаўлення волі, а за тыя ж дзеянні, якія выклікалі па неасцярожнасці смерць дзвюх і болей асоб, — да 10 гадоў пазбаўлення волі. 

Прынятыя заканадаўчыя меры паступова даюць свае вынікі, аднак праблема ўдзелу ў дарожным руху нецвярозых вадзіцеляў усё яшчэ застаецца актуальнай. За тры кварталы гэтага года за кіраванне транспартным сродкам у стане ап`янення затрымана больш за 23 тысячы вадзіцеляў (на 16,7% менш у параўнанні з аналагічным перыядам 2013-га). З іх паўторна на працягу года селі за руль нецвярозымі 1918 (на траціну менш, чым год таму). Па віне кіроўцаў, якія знаходзіліся за рулём у стане ап`янення, адбылося 352 ДТЗ (-22,0%), у якіх 64 (-40,2%) чалавекі загінулі і 419 (-23,1%) атрымалі траўмы. 

Дзеянне алкаголю на нервовую сістэму чалавека праяўляецца ў перабольшанні ўласных сіл і здольнасцей. Кіроўца ў такім стане, як правіла, страчвае пачуццё адказнасці, грэбуе рэальнымі небяспекамі і губляе ўяўленне пра магчымыя наступствы сваіх дзеянняў. У сілах блізкіх і проста відавочцаў таго, што адбываецца, спыніць нецвярозага, які збіраецца кудысьці ехаць. Дзяржаўтаінспекцыя звяртаецца да ўсіх грамадзян: калі вы бачыце, што за руль садзіцца нецвярозы кіроўца ці па праезнай частцы ідзе п`яны пешаход, неадкладна паведамляйце аб гэтым па тэлефоне 102. Ваш званок можа спыніць бяду!
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter