Падводнае паляванне — не простазахапленне

У краіне прайшоў Рэспубліканскі злёт падводных паляўнічых

Сказаць, што на Панцялееўскім рагу днямі не было дзе яблыку ўпасці — гэта значыць нічога не сказаць. Тры дні запар тут праходзіў Другі Рэспубліканскі злёт падводных паляўнічых. Прыехалі на яго не толькі непасрэдныя ўдзельнікі палявання з розных куточкаў Беларусі, але і члены іх сямей, сябры, знаёмыя. І зноў жа не толькі з нашай краіны, а і з Расіі, Латвіі, Украіны. Самаму маленькаму турысту толькі-толькі споўнілася 8 месяцаў, а самы сталы быў ужо на заслужаным адпачынку. Свае палатачныя лагеры на беразе возера Струста размясцілі каля пяцісот чалавек, якія не толькі з задавальненнем назіралі за тым, з якім уловам выйдзе на бераг «паляўнічы» за рыбай, але і з карысцю для сябе і свайго здароўя бавілі вольны час.

Першы злёт падводных паляўнічых праходзіў летась на Гомельшчыне, на Светлагорскім вадасховішчы. Там сабралася не больш за 200 чалавек. А вось на Браслаўшчыне гэта мерапрыемства выклікала значна большы інтарэс.

Пачынаючы з лютага на інтэрнэт-пляцоўцы пачалося абмеркаванне правядзення злёту. Дарэчы, арганізатарамі яго з’яўляюцца федэрацыя падводнага спорту РБ, НП «Браслаўскія азёры», беларускі падводны клуб «Капітан Морган». Знайшлі арганізатары злёту і спонсараў, і не толькі ў Мінску, а і ў Браславе. Імі выступілі магазін «Рыбалоў», гандлёвы дом «Віталіч». Адзін з арганізатараў мерапрыемства браслаўчанін Сяргей Садоўскі і прафесійны дайвер, падводны паляўнічы, кіраўнік клуба «Капітан Морган» Валерый Сінкевіч неаднойчы ў час размовы падкрэслівалі, што людзі сабраліся на такое цудоўнае мерапрыемства не дзеля таго, каб «папаляваць» на шчупака, ліня ды ляшча, а каб сустрэцца з сябрамі, абмяняцца вопытам, удасканаліць сваё майстэрства. Прыемна здзівіла, што сярод аматараў падводнага палявання нямала жанчын. Па іх прызнанні, у асноўным іх захапіла такое хобі дзякуючы мужам. Давялося мне сустрэць і маладых дзяўчат, якія з задавальненнем падзяляюць захапленне падводным паляваннем з бацькамі. Яшчэ раз хачу падкрэсліць, што злёт не ставіў сваёй мэтай, хто больш зловіць рыбы і вызначыцца своеасаблівымі шэдэўрамі. Тым не менш самым удачлівым і спрактыкаваным паляўнічым удалося стаць уладальнікамі 8-, 7-кілаграмовых шчупакоў. А вось найбольшы лінь заважыў 1600 г, лешч — 1170.

На працягу злёту на беразе возера Струста сачылі за бяспекай і папярэджвалі надзвычайныя сітуацыі супрацоўнікі РАНС. І пасядзець без работы ім не ўдалося. Аднаго з удзельнікаў моцна ўкусіў шчупак, трэба было аказаць першасную медыцынскую дапамогу, каб спыніць кроў. Здарыўся і такі выпадак: калі бацькі ўзялі з сабой на прагулку ў лодцы сына, а яму так моцна захацелася есці, што толькі мясцовыя выратавальнікі змаглі хутка даставіць яго на бераг.

На злёце было шмат цікавых конкурсаў, гульняў. Аднак, думаю, не пакрыўлю душой, калі скажу, што прыўзняты настрой па вечарах ствараў мясцовы калектыў «Лейсвер». Яго кіраўнік Сяргей Бараноўскі цяпер сабраў у кавер-групу, якая выконвае замежныя хіты, знакамітыя песні савецкіх часоў і сучасныя ў аўтарскай аранжыроўцы, маладых і таленавітых музыкантаў і выканаўцаў Аляксандра Янушкевіча і Алега Валяўку. Іх канцэрт не мог пакінуць нікога раўнадушным, ад аматараў ацэнкі добрых песень да сапраўдных знатакоў гэтага мастацтва.

На здымку: удачлівы ўлоў.

Фота: Зінаіда ПАЛУЛЕХ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter